Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Турэччыне загінулі дзьве беларускі


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Адной з загіблых, Дар’і Заяц, паводле «Нашай Нівы», было 27 гадоў.

Дар’я знаходзілася ў Турэччыне на адпачынку. Яна купіла палёт на парапляне з інструктарам. На вышыні 800 мэтраў параплян нібта пачаў губляць вышыню і разьбіўся. Дар’я загінула, а інструктар, як паведамляецца, у цяжкім стане ў рэанімацыі лякарні ў Аланьі.

Дар’і Заяц скончыла Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў у 2015 годзе. Яна вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на спэцыяльнасьці «графічны дызайн», таксама працавала графічным дызайнэрам. У апошні год — у IT-кампаніі Glera Games, якая распрацоўвае мабільныя гульні.

Дар’я была ілюстратаркай дзьвюх беларускамоўных кніг: зборніка казак «12 месяцаў. Жнівень» выдавецтва «Мастацкая літаратура» і кнігі «Казачны кут» аднаго з прыватных выдавецтваў.

Другая загіблая — 24-гадовая айцішніца Вікторыя Калавусава. Яна таксама родам з Магілёва, скончыла Сацыяльна-гуманітарны каледж імя Куляшова, а пасьля Беларуска-расейскі ўнівэрсытэт па спецыяльнасьці «аўтаматызаваныя сыстэмы апрацоўкі інфармацыі». Працавала ў кампаніі «Сотбіт».

Апошнім часам Вікторыя жыла ў Грузіі, у горадзе Батумі. Яе захапленьнем быў ровар, яна ўдзельнічала ў аматарскіх спаборніцтвах і маратонах, займала прызавыя месцы.

Згодна з інфармацыяй з турэцкіх мэдыя, Вікторыя зь сябрам трапілі ў ДТЗ: яны ехалі на роварах, і іх на вялікай хуткасьці зьбіла машына. Партал «Зеркало», спасылаючыся на ўласныя крыніцы, паведаміў пра сьмерць Вікторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG