Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі плянуюць павялічыць тэрміны адпрацоўкі выпускнікоў ВНУ і ўвесьці адпрацоўку для платнікаў


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

На нарадзе аб адукацыі 21 верасьня Аляксандар Лукашэнка прапанаваў павялічыць тэрміны адпрацоўкі выпускнікоў ВНУ і падумаць над увядзеньнем адпрацоўкі для студэнтаў платнай формы навучаньня, а таксама ўхваліў зборы сродкаў з бацькоў на патрэбы школаў.

На нарадзе, сярод іншага, абмяркоўвалі адпрацоўку выпускнікоў па разьмеркаваньні.

«Мяне інфармуюць, што самыя-самыя прасунутыя, клясныя спэцыялісты з краіны зьяжджаюць. Больш за тое, нейкая ў нас сыстэма: скончыў ВНУ, не адпрацаваў і пайшоў», — абурыўся Лукашэнка, што і цытуе ягоная прэс-служба.

Лукашэнка лічыць, што праблему трэба «вырашаць кардынальным чынам», у тым ліку падумаць над павелічэньнем тэрміну адпрацоўкі, бо 2 гады адпрацоўкі для бюджэтнікаў і 5 для мэтавікаў, на ягоную думку, занадта мала.

«Дапусьцім, пяць гадоў. Правільна, мэтавік — ня менш за пяць гадоў. А можа быць, яшчэ і арыентаваць недзе акуратна да сямі гадоў. У адваротным выпадку не хадзі ў мэтавікі», — сказаў Лукашэнка.

Міністар адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што адпрацоўваць пасьля ВНУ павінны і бюджэтнікі, і платнікі.

«Сёньня і бюджэтнік, і платнік, на нашу думку, мусіць адпрацоўваць. Адпаведныя зьмены рыхтуем для ўнясеньня ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі», — заявіў Іванец.

На думку Лукашэнкі, платная адукацыя ў Беларусі каштуе для студэнтаў занадта танна. Міністар адукацыі пагадзіўся з Лукашэнкам і заявіў, што платнікі цяпер кампэнсуюць ня больш як 50–70% ад кошту навучаньня і што «фактычна ў нас у рэспубліцы зараз няма платнай вышэйшай адукацыі».

Таксама падчас нарады Лукашэнка выказаўся пра збор сродкаў з бацькоў на патрэбы клясы або школы. Ён заявіў, што ня бачыць ніякіх праблемаў, калі гэты працэс арганізаваны правільна і па-людзку.

«Нічога страшнага. У нас бясплатная адукацыя. Толькі дырэктарам трэба разумна гэта рабіць. Можа, паўтара чалавека адмовяцца, грошай не дадуць на рамонт ці на нешта. І ня трэба. Адмовіўся так адмовіўся, абыдземся. Але ад гэтай практыкі адыходзіць ня трэба», — заявіў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG