Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 20 верасьня: У Гомлі масавыя затрыманьні кіраўнікоў сельскай гаспадаркі


Суд у Гомлі. Архіўнае фота
Суд у Гомлі. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

У Гомельскім абласным судзе 18 верасьня вынесьлі прысуд у крымінальнай справе палітзьняволенай прадпрымальніцы і маці дваіх дзяцей Вікторыі Гаўрылінай, паведамляюць праваабаронцы. Яе абвінавацілі за данаты ў «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле арт. 361-2 КК і незаконных дзеяньнях у дачыненьні да пэрсанальных зьвестак паводле ч. 3 арт. 203-1 КК.

Вікторыя — прадпрымальніца, танцорка і маці дваіх дзяцей. У прапагандысцкім сюжэце на АНТ яе абвінавачвалі ў нібыта нявыплаце падаткаў, падпісках на «экстрэмісцкія» каналы, зьліве зьвестак сілавікоў, удзеле ў пляне «Перамога», фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці.

У выніку судзьдзя Анатоль Сотнікаў прызначыў жанчыне 3 гады і 3 месяцы пазбаўленьня волі з адбываньнем у папраўчай калёніі агульнага рэжыму і штраф у 100 базавых велічыняў.

У Гомлі праходзяць масавыя затрыманьні

Сілавікі затрымалі гомельскую вэлаактывістку Сьвятлану Кароль у крымінальнай справе. Зараз яна ў ІЧУ Гомля.

Сьвятлану падазраюць у паклёпе на Лукашэнку (арт. 367 КК), паведамляе «Гомельская Вясна».

Пэнсіянэрку і актывістку затрымлівалі ў 2020 годзе за ўдзел у акцыях пратэсту. З таго часу міліцыянты рэгулярна наведваліся да яе з так званымі «прафіляктычнымі» гутаркамі ледзь не штомесяц.

Дома на Сьвятлану чакаюць мама і муж з анкалягічнай хваробай, якімі апякуецца жанчына.

Таксама, паводле зьвестак выданьня, за апошні час у Гомельскай вобласьці затрымалі дзясяткі кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, а таксама чыноўнікаў райвыканкамаў — куратараў сельскай гаспадаркі.

Толькі за апошні тыдзень сілавікі раскрылі падрабязнасьці дзьвюх новых крымінальных справаў, паведамляе Flagshtok.

Выданьне Zerkalo з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы паведамляе пра затрыманьне як мінімум 10 чалавек, у тым ліку дзьвюх жанчын, за падпіскі на рэсурсы, якія ўлады і сілавікі лічаць «экстрэмісцкімі».

Жыхароў Гомля, Жлобіна і Рэчыцы затрымлівалі «гомельскія апэратыўнікі сумесна з байцамі АМАП», паведамляецца ў тэлеграм-канале гомельскіх сілавікоў.

Затрыманых прымусілі сказаць, што яны падпісаныя на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы ці старонкі «УКантакце» і ў «Аднаклясьніках». Адну жанчыну прымусілі паведаміць, што яна «пісала ў экстрэмісцкія каналы аб перамяшчэньні тэхнікі».

Сілавікі затрымалі гарадзенскага айцішніка

На прымусовым відэа мужчына кажа, што нібыта пісаў нэгатыўныя камэнтары на адрас Лукашэнкі, службовых асоб, супрацоўнікаў міліцыі, расейскіх вайскоўцаў, а таксама пагражаў людзям, якія падтрымліваюць дзейную ўладу.

Паводле інфармацыі Вясны, затрыманы — Андрэй Бурдзеня.

Жыхара Наваполацка арыштавалі на 15 дзён за фота 2012 году

Жыхара Наваполацка Мікалая Юрцэвіча арыштавалі на 15 дзён паводле артыкула аб парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў (частка 1 артыкула 24.23 КаАП), піша тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!».

Суд адбыўся 8 верасьня, але пра яго вынікі стала вядома толькі цяпер. Паводле інфармацыі ў банку дадзеных судовых рашэнбняў, падставай для арышту Юрцэвіча стала фота 2012 году, апублікаванае ў сацсетцы «ВКонтакте». На ім мужчына стаіць у вайсковай касцы, а ўнізе выявы разьмешчаны бел-чырвона-белы сьцяг з гербам «Пагоня». У разьдзеле «Фатаздымкі» на старонцы затрыманага знайшлі і выявы нацыянальнага сьцяга, які вісіць на сьцяне.

Супрацоўнік ГУБАЗіК прыйшлі да палітзьняволенай на «хатняй хіміі» і змусілі хваліць на відэа Лукашэнку

Гаворка пра 34-гадовую Юлію Шапель з маленькай вёскі Хадоркі Івацэвіцкага раёну, паведамляе «Наша Ніва». У студзені 2023-га яе асудзілі да 1,5 года «хатняй хіміі» за абразу Лукашэнкі, а ў лютым уключылі ў сьпіс людзей, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці». Зь Беларусі яна ня зьехала і, калі меркаваць па відэа ГУБАЗіКа, дагэтуль жыве ў роднай вёсцы.

На пачатку відэа, якое выклаў у сеціва берасьцейскі ГУБАЗіК, жанчыну змушаюць выбачацца «перад усімі, каго яна абразіла», і хваліць Лукашэнку. Невядома, чым скончылася гэтая сустрэча зь сілавікамі. Прычынай іх візыту, магчыма, сталі нейкія фота ці допісы ў сацсетках жанчыны: яны адзначаюць, што ў яе «бардак на старонцы ў сацыяльнай сетцы» і пагражаюць, што «другі раз пакараньне будзе зьвязана з пазбаўленьнем волі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG