Лідэрам Сэрбіі і Косава не ўдалося дасягнуць пагадненьня аб паляпшэньні двухбаковых адносін падчас перамоваў пры пасярэдніцтве ЭЗ у Брусэлі, піша балканская служба Радыё Свабода.
Жузэп Бурэль, які быў пасярэднікам на перамовах, заявіў, што бачыць разьвязаньне даўняй спрэчкі паміж Бялградам і Прыштынай важным для іх намаганьняў па ўступленьні ў Эўрапейскі зьвяз. Пасьля брусэльскіх перамоваў палітык сказаў, што прэм’ер-міністар Косава Альбін Курці адхіліў кампрамісную прапанову ЭЗ.
Сёлета ЭЗ распрацаваў плян вываду канфлікту з тупіку. Аднак Косава настойвае на тым, каб Сэрбія спачатку прызнала іх незалежнасьць, перш чым можна будзе нармалізаваць адносіны.
У 2008 годзе, амаль празь дзесяць гадоў пасьля крывавай вайны, Косава ў аднабаковым парадку абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі, але Бялград адмовіўся прызнаць яе.
«Курці ня быў гатовы зрабіць крок насустрач», — сказаў Бурэль, дадаўшы, што косаўскі лідэр «замест гэтага настойваў на фармалізацыі прызнаньня дэ-факта ў якасьці першага кроку».
Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч, які прыняў кампрамісную прапанову ЭЗ, заявіў, што перамовы былі «няўдалымі», абвінаваціўшы Курці ў адсутнасьці прагрэсу. Курці, са свайго боку, абвінаваціў сэрбскі бок, заявіўшы, што Косава мае «поўную гатоўнасьць» выпрацаваць пагадненьне. Косаўскі прадстаўнік заявіў, што Вучыч сабатаваў перамовы.
Курці таксама абвінаваціў і Эўразьвяз, які, на яго думку, стаў на бок Бялграду. Косаўскі палітык заявіў, што Брусэль «толькі прыняў умовы Сэрбіі» аб стварэньні асацыяцыі муніцыпалітэтаў з большасьцю сэрбаў у Косаве, што «непрымальна для Прыштыны».
Брусэльскія перамовы сталі першай асабістай сустрэчай Курці і Вучыча пасьля таго, як у канцы траўня ўспыхнулі сутыкненьні на поўначы Косава, што яшчэ больш абвастрыла адносіны паміж дзьвюма краінамі.