Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпявачка з Кітаю выканала «Кацюшу» на руінах Драмтэатру ў Марыюпалі. У Кіеве адрэагавалі


Драмтэатар пасьля абстрэлу расейскімі восйкамі ў сакавіку 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Драмтэатар пасьля абстрэлу расейскімі восйкамі ў сакавіку 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве замежных спраў Украіны назвалі гэты інцыдэнт прыкладам маральнай дэградацыі.

Украінскі горад Марыюпаль, захоплены і амаль цалкам зьнішчаны расейскімі войскамі ў пачатку вайны, наведала дэлегацыя з Кітаю, у складзе якой былі журналісты, блогеры і грамадзкія дзеячы.

У часе наведваньня Драматычнага тэатру, у якім у выніку расейскага абстрэлу загінулі мінімум 600 мясцовых жыхароў, якія хаваліся там у бомбасховішчы, кітайская опэрная сьпявачка Ван-Фан выканала расейскую песьню «Кацюша». Кіраўнік прарасейскай акупацыйнай адміністрацыі назваў яе выступ «кранальным».

У Міністэрстве замежных спраў Украіны назвалі гэты інцыдэнт прыкладам маральнай дэградацыі.

«Нават больш, паводле наяўнай інфармацыі, у часова акупаваны горад прыбыла група кітайскіх блогераў. Іхны прыезд незаконны і парушае заканадаўства Ўкраіны, якое рэгулюе перасячэньне дзяржаўнай мяжы іншаземцамі», — заявіў Алег Нікаленка.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Украіны падкрэсьліў, што Ўкраіна паважае тэрытарыяльную цэласнасьць Кітаю і чакае ад кітайскага боку тлумачэньняў мэты знаходжаньня кітайскіх грамадзян у Марыюпалі, а таксама шляху іхнага прыезду ў часова акупаваны горад.

«МЗС Украіны ініцыюе забарону ўезду ва Ўкраіну для ўсіх гэтых кітайскіх „гастралёраў“», — заявіў Алег Нікаленка.

16 сакавіка 2022 году Расея мэтанакіравана нанесла авіяўдар па тэатры, патлумачыўшы тым, што там знаходзіўся штаб украінскага вайсковага падразьдзелу «Азоў», які расейцы называюць нацыяналістычным фармаваньнем. На пляцоўцы перад тэатрам вялікімі літарамі было напісана слова «Дети».

У выніку гэтага авіяўдару загінулі ня менш як 600 цывільных грамадзян, у тым ліку дзеці. Цяпер дакладную колькасьць ахвяр вызначыць немагчыма — расейцы расчысьцілі пляцоўку ўсярэдзіне тэатру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG