Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка стварыў найлепшы мэханізм выжываньня аўтарытарызму». Навукоўца назвала 5 прычын


Нарцыс Шукураліева
Нарцыс Шукураліева

Падчас Эканамічнага форуму ў польскім Карпачы прафэсарка Ўнівэрсытэту імя Казіміра Вялікага ў Быдгашчы Нарцыс Шукураліева растлумачыла фэномэн аўтарытарызму ў Беларусі і назвала пяць слупоў, на якіх базуецца ўлада Аляксандра Лукашэнкі.

Нарцыс Шукураліева мае ступень доктара навук, яна прафэсійна займаецца дасьледаваньнем мэханізмаў функцыянаваньня сучасных аўтарытарызмаў. Паводле яе, аўтарытарная сыстэма, якую стварыў Лукашэнка, базуецца на пэрсаналісцкім кіраваньні, нэапатрыманіялізьме (выкарыстаньні дзяржаўных рэсурсаў для забесьпячэньня ляяльнасьці), легітымізацыі вынікаў, кіраваным плюралізьме і здольнасьці выкарыстаць прымус.

Вось цытаты з выступу Шукураліевай:

  1. «Першы ўдар па пэрсаналісцкім кіраваньні, сам таго не жадаючы, нанёс Лукашэнка, калі ўвёў мяккую палітыку беларусізацыі. Ён зьвярнуў увагу на беларускую ідэнтычнасьць. Пабочным эфэктам стала ўзмацненьне грамадзянскай супольнасьці, якая натхнялася беларускай і антырасейскай сьвядомасьцю, а таксама дэмакратычнымі каштоўнасьцямі. Другім пабочным эфэктам стала ўзмацненьне канкурэнцыі ўнутры фракцыяў эліты ўлады. То бок найперш паміж тэхнакратамі і сілавікамі. Тым ня менш вельмі таленавіты палітык са стажам, якім зьяўляецца Лукашэнка, здолеў захаваць пазыцыю арбітра паміж гэтымі вельмі моцнымі фракцыямі».
  2. «Калі казаць пра нэапатрыманіялізм, то гэта балячка многіх аўтарытарных краін, дзе кар’ерны рост магчымы не паводле кампэтэнтнасьці, а паводле ляяльнасьці. Але вынікам гэтага стала тое, што вельмі добра адукаваныя і прафэсійныя асобы перайшлі ў пазаўладныя структуры».
  3. «Чарговая аснова лукашэнкаўскай сыстэмы — гэта легітымізацыя вынікаў. Але трэба сказаць, што апошнім часам яна моцна пацярпела. Многія гады Лукашэнку сапраўды ўдавалася забясьпечыць пэўную стабільнасьць, эканамічны рост, у пэўным сэнсе гарантаваць грамадзянам больш-менш стабільнае жыцьцё. Але апошнім часам ён страціў гэтыя магчымасьці і гэтая аснова яго сыстэмы пахіснулася».
  4. «Кантраляваны плюралізм. І тут ёсьць моцная розьніца паміж Беларусьсю і Расеяй. Расея, напрыклад, прапускае праўладныя партыі ў парлямэнт. Лукашэнка шматразова выкарыстоўваў праўладныя партыі для абслугоўваньня выбарчай сыстэмы для сваёй перамогі. Ён у меншай меры дапускаў гэтыя партыі ў парлямэнт».
  5. «Здольнасьць да выкарыстаньня прымусу. Гэта адзін з ключавых інструмэнтаў ва ўсіх недэмакратычных дзяржавах. Безь сілавой падтрымкі ніводная сыстэма ня здольная выжыць. Гэта фундамэнтальная аснова кожнай дзяржавы, нават дэмакратычнай. Сілавыя інстытуты павінны добра працаваць. У Беларусі рэжым мае 14 розных службаў бясьпекі ці сілавых структураў. У іх добрае абсталяваньне і рыштунак, у іх добрая прафэсійная падрыхтоўка. І самае галоўнае — за гэтую працу плацяць добрыя грошы. Але пастаянныя і комплексныя рэпрэсіі вельмі дарагія. Таньней выходзіць рэпрэсаваць некаторыя групы, каб паслаць сыгнал іншым, што ня варта спаборнічаць з уладай. Жорсткае здушэньне апазыцыі і дэманстрацый у 2020 годзе яшчэ больш зьменшыла падтрымку ўлады».
«Фэномэн Беларусі», як лічыць Шукураліева, палягае яшчэ і на тым, што атачэньне Лукашэнкі зьяўляецца вельмі інавацыйным і творчым. Яно прыдумляе розныя стратэгіі і тактыкі для ўтрыманьня і рэпрадукцыі аўтарытарнай улады.
«Яна стала ўзорам паводзінаў і для іншых. Вельмі шмат якія беларускія мадэлі былі скапіяваныя ў іншых краінах, ня толькі ў Расеі. Зрэшты, і сама Беларусь сёньня карыстаецца чужымі вынаходкамі. Напрыклад, стары і добры мэтад — экстэрытарыяльныя рэпрэсіі, стварэньне невыносных умоваў для людзей, якія пакінулі краіну. Гэта датычыць дакумэнтаў, пачуцьця бясьпекі, легалізацыі знаходжаньня, пошук працы ці часовы арышт пры дапамозе Інтэрполу». — лічыць Шукураліева.

Прафэсарка ўнівэрсытэту ў Быдгашчы лічыць, што Лукашэнку ўсё яшчэ ўдаецца заставацца вельмі гнуткім і аднаўляцца бясконцую колькасьць разоў. Разам з тым яна канстатуе, што яго мілітарны саюз з Расеяй пасьля нападу на Ўкраіну, адварочваньне ад Захаду і пастаноўка ўсіх картаў на Расею значна аслабляе ягоны капітал.
  • Эканамічны форум у Карпачы — найбуйнейшая канфэрэнцыя ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, прысьвечаная палітыцы, бясьпецы і эканоміцы.
  • Праходзіць з 1992 году і штогод становіцца месцам сустрэчы прадстаўнікоў сьвету палітыкі, бізнэсу і навукі.
  • Сёлета ў мерапрыемстве бяруць удзел больш за 5 тысяч гасьцей. Сярод іх прэзыдэнты, прэм’ер-міністры, кіраўнікі сусьветных карпарацый, экспэрты, навукоўцы і дзеячы мастацтва.
  • Падчас форуму адбудзецца 470 дыскусійных панэляў. Больш як у дзесяці зь іх бяруць удзел беларусы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG