Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі суд прызнаў парушэньне тэрмінаў разгляду заявы Карач аб прытулку, але кампэнсацыі за гэта не прызначыў


Вольга Карач. Архіўнае фота
Вольга Карач. Архіўнае фота

Згодна з заканадаўствам Вольга Карач можа абскардзіць рашэньне цягам 30 дзён.

Віленскі акруговы адміністрацыйны суд часткова задаволіў скаргу беларускай актывісткі і праваабаронцы Вольгі Карач аб парушэньні яе правоў на своечасовы разгляд заявы аб атрыманьні прытулку, але не знайшоў падстаў для прызначэньня кампэнсацыі за гэта.

«Суд прызнаў, што было парушана права заяўніцы атрымаць рашэньне па хадайніцтве аб наданьні прытулку ў вызначаныя прававымі актамі тэрміны. На думку судзейскай калегіі, „з пункту гледжаньня прымяненьня крытэрыяў справядлівасьці, разумнасьці і сумленнасьці прызнаньне парушэньня зьяўляецца адэкватным спосабам абароны правоў заяўніка і зьяўляецца правільным з гэтага пункту гледжаньня“. Астатняя частка скаргі заяўніцы была адхіленая як неабгрунтаваная», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні суду.

Згодна з заканадаўствам, Вольга Карач можа абскардзіць гэтае рашэньне цягам 30 дзён.

18 жніўня Вольга Карач заявіла, што ўлады Літвы адмовілі ёй у палітычным прытулку. Паводле вэрсіі Карач, яе абвясьцілі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы».

21 жніўня літоўскае агенцтва BNS са спасылкай на дакумэнт Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Літвы паведаміла, што прычынай адмовы ў прытулку маглі стаць падазрэньні ў яе супрацоўніцтве з расейскай выведкай.

Вольга Карач адмаўляе ўсе такія абвінавачаньні.

25 жніўня стала вядома, што Вольга Карач зьвярнулася ў Віленскі акруговы адміністрацыйны суд па абскарджаньне рашэньня Дэпартамэнту міграцыі Літвы аб адмове ў палітычным прытулку.

Вольга Карач — кіраўніца цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом». Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ў верасьні 2021 году ўнёс Карач у «сьпіс тэрарыстаў», а МУС Беларусі ў траўні 2022 году абвясьціла арганізацыю «Наш дом» «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG