Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Анатоль Кляшчук


Анатоль Кляшчук, студзень 2016 г.
Анатоль Кляшчук, студзень 2016 г.

4 верасьня памёр славуты фотамастак Анатоль Кляшчук. Яму было 65 гадоў. ​​​​​​​Свабода публікуе падборку ўспамінаў пра Анатоля Клешчука.

Анатоль Кляшчук зрабіў адзін з найлепшых фотапартрэтаў Васіля Быкава, пранізьлівыя здымкі хворых пасьля чарнобыльскай катастрофы беларускіх дзяцей, фотагалерэю старых жыхароў беларускіх мястэчак.

«Разглядаючы здымкі ў газэце, думаў: вось бы быць, як Кляшчук»

Сяргей Гапон, фатограф агенцтва Франс Прэс, даведаўшыся жалобную навіну, напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

«Першым чалавекам, зь якім я пазнаёміўся ў сваім фатаграфічным жыцьці (у школьныя гады, калі яшчэ толькі думаў, што было б цікава займацца фатаграфіяй), быў Анатоль Кляшчук. Спачатку ведаў яго толькі завочна — па здымках у газэце „Звязда“, якую калісьці выпісвалі бацькі. Вядома, у тыя часы, калі ў інтэрнэт патрэбна было „званіць“, я ня ведаў, што гэты чалавек — сапраўдная легенда ў беларускай фатаграфіі. Але Анатоль быў легендай для мяне. Разглядаючы здымкі ў газэце, думалася, вось бы быць, як Кляшчук, — езьдзіць па Беларусі з фотаапаратам ды распавядаць пра краіну, багатую на выбітных людзей і традыцыі.

У 2005 годзе мы пазнаёміліся асабіста — на фэсьце ў маім родным Крэве. Мне было шаснаццаць. Памятаю, як падышоў да чалавека з камэрай і запытаўся штосьці накшталт „дзе фоткі шукаць“. І ня мог паверыць, што стаю побач са сваім кумірам, калі той сказаў, што маё мястэчка заўтра будзе на першай паласе „Звязды“.

Празь яшчэ гадоў сем пасьля той сустрэчы мы ізноў стаялі побач, і неаднойчы. Ужо як калегі».

Альбом Анатоля Кляшчука «Карагод беларускіх абрадаў», які выйшаў у 2016 годзе ў выдавецтве «Беларусь».
Альбом Анатоля Кляшчука «Карагод беларускіх абрадаў», які выйшаў у 2016 годзе ў выдавецтве «Беларусь».

«Кляшчук па-новаму адкрыў нам сьвет нашых мястэчак»

Васіль Дранько-Майсюк, культуроляг, літаратуразнавец, выкладчык:

«Трагічная навіна: памёр Анатоль Кляшчук. Ён адзін з найлепшых беларускіх фатографаў, а таксама таленавіты публіцыст.

Выдатна працаваў у чорна-белай і каляровай фатаграфіі. Быў вялікім майстрам рэпартажнай здымкі і тонкіх пэйзажных замалёвак, асабліва любіў фатаграфаваць беларускія мястэчкі. Адна зь ягоных любімых тэмаў — саматужныя творцы: вясковыя скрыпачы і цэлыя местачковыя капэлі, мастакі, разьбяры, стваральнікі народных сьвятаў, майстры маляваных дываноў.

Кляшчук па-новаму нам адкрыў сьвет нашых мястэчак, па-новаму паказаў мой родны Давыд-Гарадок, які ён палюбіў і на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў здымаў яго адметныя дамы з сонцамі на шчытах хат, лодкі-дубы, майстроў цікетачнага жывапісу, сьвята „Конікі“. Пазьней многія з гэтых фатаздымкаў узбагацілі альбом, прысьвечаны Давыд-Гарадку, які ён стварыў разам са сваім сябрам, паэтам Леанідам Дранько-Майсюком.

Яго ўнікальныя, часам імправізацыйныя, а часам геніяльна зрэжысаваныя фатаздымкі ўражваюць мастацкай дасканаласьцю, кампазыцыйнай выразнасьцю, багацьцем фактураў, вобразаў.

Ягоныя здымкі ў сваёй пераважнай большасьці аптымістычныя, аднолькава зразумелыя і цікавыя простаму чалавеку і эстэту.

На сваіх занятках па культуралёгіі я разглядаў з вучнямі, 9-12-гадовымі хлопчыкамі і дзяўчаткамі, творы многіх выбітных беларускіх фатографаў: Яна Булгака, Зянона Пазьняка, Яўгена Коктыша... Дзеці найбольш любілі фатаздымкі Анатоля Клешчука.

Мне будзе яго вельмі не хапаць!»

Альбом Дзяніса Раманюка, Ігара Бышнёва і Анатоля Кляшчука «Чарнобыль», 2006 год.
Альбом Дзяніса Раманюка, Ігара Бышнёва і Анатоля Кляшчука «Чарнобыль», 2006 год.

«Што будзе са спадчынай Клешчука?»

Віктар Корбут, журналіст, мовазнавец, гісторык:

«Як сьведчыць аўтограф майстра, мы сустрэліся 4 студзеня 2016 году ў ягоным рабочым пакоі-майстэрні ў рэдакцыі газэты „Звязда“. Я падняўся з майго трэцяга паверху Дому прэсы на ягоны пяты, каб пазнаёміцца. Была нагода: у выдавецтве „Беларусь“ выйшаў цудоўны альбом майстра „Карагод беларускіх абрадаў“.

Кляшчук быў увесь у працы: нешта рыхтаваў у нумар. Ён быў журналістам, які рабіў „Звяздзе“ яе непаўторны імідж. Адно фота Анатоля Віктаравіча пераўвасабляла газэтную паласу ў старонку краязнаўчага альбому...

Занятасьць калегі не дазволіла доўга пагаварыць. Але я пасьпеў закінуць яму ідэю: сабраць зь ягонага фотаархіву здымкі архітэктурных славутасьцяў Беларусі. Праўда, мне здаецца, Кляшчук больш любіў здымаць людзей, а не муры. Увогуле, ён, здаецца, жыў ня славай, а вечнасьцю, і не мінулым, а сёньняшнім днём.

Пра Клешчука, які зачапіў мяне сваімі фатаграфіямі, мабыць, яшчэ ў 1994 годзе, я пакінуў у сваёй памяці цёплы ўспамін.

Праўда, я ня быў упэўнены, што мы яшчэ сустрэнемся. Я зьехаў з РБ. Але і ён там доўга не пражыў.

Гэта быў таленавіты і прыгожы чалавек. А цяпер няма чалавека.

У кожнага творцы зьбіраецца вялікі архіў. Што будзе са спадчынай Клешчука? Калі нехта прачытае гэтыя словы і зможа зьберагчы яе, няхай парупіцца».

З 1993 году Анатоль Кляшчук працаваў фотарэпартэрам і загадчыкам аддзелу фотаілюстрацый газэты «Звязда». Зладзіў больш за 30 пэрсанальных выстаў, выдаў некалькі фотаальбомаў.

Пасьля падзеяў 2020 году ў Беларусі Анатоль Кляшчук працягваў супрацоўнічаць зь дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG