Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жодзіне раптоўна памёр намесьнік дырэктара заводу. Ёсьць зьвесткі, што напярэдадні яго затрымалі сілавікі


Адміністрацыйны будынак у Жодзіне. Ілюстрацыйнае фота
Адміністрацыйны будынак у Жодзіне. Ілюстрацыйнае фота

Памёр намесьнік дырэктара па ідэалёгіі жодзінскага заводу цяжкіх штамповак Яўген Іваноў.

Пра тое, што гэта здарылася пасьля затрыманьня, паведаміў праект «Мотолько Помоги».

Паводле яго дадзеных, Яўгена Іванова затрымалі ўвечары 30 жніўня, пасьля працы, на прахадной заводу, павалілі на зямлю, запхнулі ў машыну і павезьлі. На наступны дзень, раніцай 31 жніўня, зьявіліся спачуваньні ад калектыву заводу ў сувязі са сьмерцю Яўгена Іванова.

«З глыбокім смуткам паведамляем вам пра трагічную страту. Учора наш калега і сябар, намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы і сацыяльных пытаньнях Іваноў Яўген Анатолевіч пакінуў нас назаўжды», — гаворыцца ў нэкралёгу.

Яўгену было 34 гады.

Пазьней стала вядома, што Яўгена Іванова пахавалі практычна адразу пасьля сьмерці. Па ўдакладненых дадзеных, мужчыну затрымлівалі 7-8 сілавікоў пры гэтым яго зьбівалі, потым кінулі ў чорны бус і павезьлі ў напрамку Менска.

Выданьне Euroradio паведамляе, што прычынай затрыманьня Яўгена мог быць хабар. Па папярэдніх зьвестках, у машыне ў яго спынілася сэрца — сардэчны прыступ.

Некалькі крыніц пацьвердзілі, што Яўгена пахавалі літаральна на наступны дзень. Акрамя таго, «на яго целе былі бачныя шматлікія сінякі і пераломы пальцаў рук».

Крыніцы Zerkalo.io на заводзе паведамляюць, што Яўгена Іванова затрымлівалі на працоўным месцы:

«Кажуць, за хабар. А памёр, верагодна, ад інфаркту ў машыне па дарозе на допыт у Менск».

Вядома, што ў ідэалягічным аддзеле Яўген Іваноў пачаў працаваць нядаўна. Да гэтага быў адным з кіраўнікоў аддзелу маркетынгу. Гэта пацьвярджаецца старымі бізнэс-каталёгамі, у якіх ён значыцца намесьнікам начальніка аддзелу маркетынгу заводу цяжкіх штамповак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG