Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NASA паказала новы кратэр на месцы падзеньня расейскай станцыі «Луна-25». ФОТА


Расейская касьмічная станцыя «Луна-25» да падзеньня. 15 жніўня 2023
Расейская касьмічная станцыя «Луна-25» да падзеньня. 15 жніўня 2023

Амэрыканскае авіякасьмічнае агенцтва NASA апублікавала здымкі новага кратэра на Месяцы, выказаўшы здагадку, што ён утварыўся ў выніку падзеньня расейскай касьмічнай станцыі «Луна-25» на паверхню спадарожніка Зямлі ў раёне яго паўднёвага полюса.

Здымак зроблены 24 жніўня апаратам NASA Lunar Reconnaissance Orbiter, які знаходзіцца на арбіце Месяца. Ён апублікаваны разам са здымкам таго ж раёну, зробленым у чэрвені 2020 году.

Камбінаваны малюнак паказвае паверхню Месяца да і пасля зьяўленьня кратэра
Камбінаваны малюнак паказвае паверхню Месяца да і пасля зьяўленьня кратэра

На новым здымку відаць невялікі кратэр, якога няма на старым.

Фота, зробленае камэрай пасадачнага апарата Luna-25, паказвае кратэр Зееман на адваротным баку Месяца, 17 жніўня 2023, да падзеньня расейскага спадарожніка
Фота, зробленае камэрай пасадачнага апарата Luna-25, паказвае кратэр Зееман на адваротным баку Месяца, 17 жніўня 2023, да падзеньня расейскага спадарожніка

Як гаворыцца ў паведамленьні NASA, дыямэтар новага кратэра прыкладна 10 мэтраў. Амэрыканскае агенцтва прыходзіць да высновы, што, хутчэй за ўсё, ён утварыўся не з натуральных прычынаў, а ад падзеньня расейскага апарата.

«Луна-25» была першай у постсавецкай Расеі месяцовай місіяй. Ракету з апаратам запусьцілі 11 жніўня.

«Луну-25» вывелі на арбіту спадарожніка Зямлі, аднак пры вывадзе на перадпасадачную арбіту, па зьвестках Раскосмасу, рухавік ня выключыўся своечасова. У выніку 19 жніўня станцыя ўрэзалася ў паверхню Месяца і, як паведаміў Раскосмас, «спыніла сваё існаваньне».

Празь некалькі дзён пасьпяховую пасадку прыкладна ў тым жа раёне ажыцьцявіў пасадачны модуль «Вікрам» індыйскай місіі «Чандраян-3». На Месяцы пасьпяхова працуе індыйскі месяцаход, які перадаў на Зямлю фатаздымкі. Ён таксама прааналізаваў хімічны склад грунту ў раёне полюса Месяца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG