Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі блогер BalaganOff пра Ціханоўскую, Пазьняка і покер, а таксама гарантыі Васкрасенскага. Вялікая гутарка са Свабодай


Украінскі блогер Аляксандар Рыкаў (BalaganOff)
Украінскі блогер Аляксандар Рыкаў (BalaganOff)

Украінскі блогер і прадпрымальнік Аляксандар Рыкаў з псэўданімам «BalaganOff» гуляў у покер, арганізоўваў онлайн-трансьляцыі спорту, а ў апошнія гады захапіўся Беларусьсю.

Украінскі прадпрымальнік Аляксандар Рыкаў (псэўданім «BalaganOff») цягам апошніх трох гадоў стаў адным з самых папулярных блогераў на ютубе, якія працуюць зь беларускай тэматыкай. Ягоныя інтэрвію зь вядомымі беларускімі палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі і творцамі набіраюць дзясяткі тысяч праглядаў.

У ліпені 2023 году МУС Беларусі прызнала «групу грамадзян, аб’яднаных назвай „BalaganOff“», экстрэмісцкім фармаваньнем. Свабода пагутарыла з Аляксандрам Рыкавым пра захапленьне Беларусьсю, бізнэс, полк Каліноўскага і шмат што яшчэ.

«Угаворваў Мацкевіча і Лебядка пераехаць у Кіеў»

— З вамі можна размаўляць па-беларуску, вы ўжо ўсё разумееце?

— Абсалютна вольна. Магчыма, са ста адно слова не зразумею, але я тады перапытаюся.

— Дзякуй. Адкуль у вас цікавасьць да беларускай тэмы?

— Я вёў бізнэс-блог. І ўсе мае відэа былі прысьвечаныя інтэрвію зь бізнэсоўцамі. Гэта было падчас пандэміі. Тады ўсё закрывалася — розныя фірмы, вытворчасьці, паслугі, рэстараны. Я размаўляў з прадпрымальнікамі, як яны перажываюць пандэмію. Дзесьці ў чэрвені я запісаў ролік, дзе расказаў, што адбываецца ў Беларусі. І паказаў момант арышту Сяргея Ціханоўскага. На той момант я ня ведаў, хто гэта такі. Я ведаў толькі, што гэта кандыдат у прэзыдэнты (на момант арышту Сяргей Ціханоўскі быў прэтэндэнтам у кандыдаты. — РС). Ролік быў гумарыстычны, маўляў, паглядзіце, якое ў Беларусі трызьненьне — бегае нейкая цётка за кандыдатам у прэзыдэнты. І яго арыштоўваюць за тое, што гэтая цётка крычыць: «Я не магу задаць пытаньне. Арыштуйце яго». Мы тады пасьмяяліся, што дыктатар у паніцы, а-ха-ха.

Другі беларускі ролік быў 8 жніўня 2020 году, калі апублікавалі кадры, як сябры выбарчых камісій зачытваюць загадзя падрыхтаваныя лічбы пратаколаў, якія яны вывесяць заўтра. Умоўна кажучы, да адзінкі: Лукашэнка — 752, Ціханоўская — 27, нейкі там яшчэ — 4. Было зразумела, што фальсыфікацыі цалкам падрыхтаваныя. Я запісаў відэа, што заўтра ў Беларусі будзе нейкі кашмар. І выказаў меркаваньне, што Беларусь з гэтым ня згодзіцца. Я тады стасаваўся не зь беларусамі, а са сваёй аўдыторыяй ва Ўкраіне. Але пасьля гэтых ролікаў на мяне стала падпісвацца вялізная колькасьць беларусаў, зь якімі я пачаў стасавацца.

Потым я забіваю ў гугл, хто ёсьць зь беларусаў вядомых у сацсетках. І мне трапіўся кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітрыеў. Я ня ведаў, хто гэта, але дамаўляюся на інтэрвію. І пішу пост: «Беларусы, у мяне будзе эфір з такім чалавекам, дапамажыце сфармаваць размову». І мне адразу першым пытаньнем прыйшло: «Спытай у яго, чаму ён не сядзіць?» І я так і пачаў: чаму ты не сядзіш, калі астатніх пасадзілі?

Потым я «забіў» у ютубе, хто ёсьць зь беларускіх палітыкаў. І мне трапілася «АГП-ТБ» і спадар Лябедзька. Гэта было маё другое інтэрвію. А потым былі ўжо іншыя людзі, якіх паступова сталі саджаць.

— Пра каго гаворка?

— Я шмат рабіў інтэрвію зь Ягорам Лебядком, Уладзімерам Мацкевічам. Я ўсіх іх угаворваў пераехаць у Кіеў, але ніхто не пагаджаўся. Я прадпрымальнік. У мяне ёсьць нерухомасьць, я прапаноўваў ім там пажыць, прапаноўваў на першым часе дапамагчы фінансава. Толькі ўгаворваў, каб зьехалі з гэтага пекла. Лебядка я разоў дзесяць угаворваў: «Ягор, зьяжджай, ну пасадзяць жа». (Ягора Лебядка затрымалі ў ліпені 2022 году, асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня. — РС)

— Дык беларуская тэматыка вас зацікавіла не таму, што эканамічны блог быў непапулярны, а беларускі стаў папулярным?

— Я пад адным зь відэа пра Беларусь атрымаў, ну, калі не 500, то каля таго камэнтароў кшталту: «Аляксандар, ня кідайце нас». Я з усімі размаўляю без аўтарытэтаў, я ж з Украіны, хто для мяне такія беларускія палітыкі-апазыцыянэры? І пытаньні я магу любыя задаваць, нават самыя нязручныя. Украінскіх палітыкаў я таксама не люблю, лічу, што яны ідуць туды дзеля «кармушкі». І пасьля тых камэнтаў я сказаў: «Добра, беларусы, я з вамі да перамогі. Але давайце рабіце яе хутчэй, бо я не хачу рабіць палітычны блог». Праз год сказаў: «Сябры, вы расьцягваеце перамогу. Я ўжо не магу пра палітыку гаварыць» (сьмяецца). А потым ужо пачалася вайна, і гэта ўжо зусім іншая справа. Мы зь Беларусьсю калі ня разам, то бяда ў нас адна.

«Мяне ізалявалі ад Ціханоўскай»

— Людзі хутка пагаджаліся з вамі размаўляць? Усё ж нейкі незразумелы блогер з Украіны.

— Бралі вялікія паўзы. Палітыкі не разумелі, хто я, што я. Хутчэй на сувязь выходзілі блогеры, артысты — Павук, Ляўчук. Мне зь імі было лягчэй знайсьці агульную мову, чым з палітыкамі. А цяпер ужо амаль усе, каго я прашу, хай і з затрымкай, прыходзяць. Цяпер толькі Сахашчык паабяцаў тры тыдні таму, і ўсё заняты-заняты, я ўжо пяць разоў яму напісаў.

— Ціханоўская ў вас была?

— Не. Я спрабаваў, мне казалі, што хутка. А цяпер ніхто зь яе офісу са мной не стасуецца. Мяне ад яе ізалявалі, хоць яна можа пра гэта і ня ведаць. Я размаўляў зь яе кабінэтам, браў інтэрвію ў Вячоркі, некалькі разоў у Кавалеўскага (зь ім нават асабіста сустракаліся), мне ўсе абяцалі, што інтэрвію Ціханоўскай будзе, але пасьля абяцаньняў зьнікалі цалкам.

— Было ўражаньне, што Ціханоўскую вы неяк недалюблівалі.

— Я да яе абсалютна нармальна ставіўся. Магчыма, я ня дужа добра ўспрымаў некаторыя яе словы, але нават спрачаўся зь людзьмі і казаў, што ў яе вялікая падтрымка людзей, яе прымаюць на Захадзе. Не скажу, што я закаханы ў яе. Я да яе стаўлюся як да чалавека, які ў пэўны момант апынуўся ў вельмі складанай сытуацыі. Як яна зь яе выйшла, гэта ўжо высновы рабіць беларусам. Але нават два гады таму — я лічу, што з узроўню простай хатняй гаспадыні выйсьці на ўзровень, калі штодня трэба з кімсьці сустракацца, нешта расказваць, чытаць прамовы, даваць інтэрвію... Непадрыхтаванаму чалавеку гэта касьмічна цяжка. Многія словы, якія яна казала, і мне не падабаюцца, у тым ліку пра Расею. Я іх адносіў не да яе, а да яе штабу. Я быў упэўнены, што яна агучвае гэтыя словы, узгадняючы з камандай. Калі ў мяне і быў нэгатыў, то ён адносіўся да яе каманды, сьпічрайтэраў, але не да яе як да асобы.

— Вы ж за гэты час шмат з кім пасябравалі зь беларусаў?

— Я адкрыты чалавек, я сябрую з усімі. Проста з кімсьці пасьля перастаю падтрымліваць кантакты, а з кімсьці — не. Я сябрую з такімі беларусамі, якія самі між сабой не сябруюць. Так, мы нармальна сябруем са Зьмітром Шчыгельскім. Ён быў адным зь першых беларусаў, хто прыляцеў ва Ўкраіну, калі пачалася вайна. Быў на фронце яшчэ ў 2015–2016 гадах. Прычым прыляцеў зь Нью-Ёрку — гэта ўчынак.

«Макар у мяне спытаў: „У вас ва Ўкраіне ўсе фашысты?“»

— Якое ўражаньне на вас зрабіў Зянон Пазьняк?

— Як у вас кажуць — гэта стрыжань. Ён мае сваю пасьлядоўную пазыцыю. Я не скажу, што мы сябруем, але маем вельмі цёплыя адносіны. Ён быў у мяне дома, уводзіў у курс беларускай гісторыі, як разьвіваліся палітычныя падзеі 1994–1996 гадоў. Найбольш мяне ўразіла, як паводзілі тады сябе эўрапейскія палітыкі. Калі верыць пяцігадзінным размовам з Пазьняком, то эўрапейцы ўжо тады спакойна аддавалі вас пад крыло Расеі. Да Ўкраіны яны тады ставіліся падобна.

— Раней, здавалася, вы былі ў цесным кантакце зь Ігарам Макарам, але потым у вас нешта пайшло ня так.

— Было зразумела, што ён прарасейскі. Спачатку я быў ачараваны, калі ўбачыў афіцэра, які супраць улады, нешта гучна заяўляе, ён мне быў цікавы — «Алмаз», спэцназ. Пасьля трэцяга этэру я зразумеў, што ён прарасейскі і ягоныя погляды ня зьменяцца. Пасьля чацьвёртага — мы разьвіталіся. Гэта быў этэр, дзе ён казаў, што званіў вядомаму ў Расеі чалавеку на літару «Б», значнаму сілавіку, яго потым шмат тролілі. Я яго лічыў крыху наіўным у палітыцы, працягваў стасавацца, але без інтэрвію. Жорсткі водападзел адбыўся пасьля 9 траўня 2021 году, калі ён начапіў георгіеўскую стужку. Я яму напісаў у прыват па-сяброўску: «Ігар, можа, ты ня ведаеш, але для Ўкраіны георгіеўская стужка — гэта знак агрэсіі. Выкрасьлі яе са свайго жыцьця». Потым ён мне адказвае: «Ты што, фашыст?» Я стаўлю пяць пытальнікаў. І ён працягвае далей: «Ты таксама будзеш ганяць на 9 траўня бабулю з ордэнамі? У вас ва Ўкраіне ўсе фашысты?» Пасьля гэтага мы не стасаваліся. Але празь нейкі час ён стаў у маіх этэрах спаміць, кідаць мільён пытаньняў, а я сваім сьпікерам казаў: «Пытаньні ад чалавека з георгіеўскай стужкай мы зачытваць ня будзем». Яго гэта так абурыла, што ў той час у сваім тэлеграм-канале сем пастоў зь дзесяці былі прысьвечаныя мне, які я жахлівы і кепскі. Ён выкарыстоўваў рыторыку Азаронка да мяне. Я выпусьціў адно відэа «Роварныя войскі Ігара Макара», дзе патлумачыў, што на гэтым чалавеку можна ставіць крыж. Беларусы, здаецца, на ім таксама паставілі крыж.

— Ну, і каб скончыць з пэрсонамі. А з Вольгай Карач якія ў вас адносіны?

— Я ня ведаў, хто яна такая. Я дабіваўся зь ёй інтэрвію месяцы тры, а яна ўсё пераносіла і пераносіла. Мабыць, не разумела, навошта ёй да мяне ісьці. Быў момант, калі яна прыехала ў Кіеў, і мяне набраў блогер «Вірус». Кажа, сустрэнься з Вольгай. Мы паабедалі зь ёй, паразмаўлялі. Дамовіліся на інтэрвію на наступны дзень. І вечарам я ўключыў ютуб, дзе ў жывым этэры ў «Віруса» Вольга Карач кажа пра мяне ня самыя лепшыя рэчы. Я доўга думаў: дзіўна, мы ўсяго чатыры гадзіны таму бачыліся, і тут такое. Я доўга думаў і на ранак выпусьціў відэа, што больш гутарак у мяне на канале з гэтай прынцэсай ня будзе. Я сур’ёзна рыхтаваўся да той гутаркі, хацеў папытацца, як да яе мог прыйсьці Жырыноўскі на этэр. Такія пэрсоны проста так нікуды не прыходзяць. Уключаюцца вельмі высокія сувязі, каб такое адбылося. Больш мы зь ёю не стасаваліся. Мне толькі прыходзілі лісты: «Можа, хопіць дуцца як дзяўчынка? Ты ж хлопчык. Давай зробім інтэрвію». Я ня ведаю, ці гэта ад яе каманды, ці ад прыхільнікаў, але я сказаў, што пытаньне закрытае.

«Першым арганізоўваў трансьляцыі кібэрспорту»

— Ці мелі вы калісьці дачыненьне да ўкраінскай палітыкі?

— Ніколі ў жыцьці. І да бюджэтных грошай ніколі дачыненьня ня меў. У нас быў прынцып, што мы ня зьвязваемся зь бюджэтнымі грашыма, каб нашы дзеці не маглі сказаць, што мы былі чыноўнікамі. Я для сябе такое рашэньне прыняў гадоў 20 таму, калі быў яшчэ найманым работнікам. Я бачыў, як улады «дояць» нашага шэфа. Бачыў, як дзяржчыноўнікі прыяжджалі і зьбіралі даніну. Мяне гэта бясіла.

— А калі вы самі пайшлі ў бізнэс?

— Я працаваў у вельмі вялікіх кампаніях, з адной прайшоў шлях у дзесяць гадоў увогуле. Потым мяне забраў кіраўнік іншага холдынгу. Я прайшоў як кіраўнік з самага нізу да генэральнага дырэктара аднаго холдынгу. Прыйшоў момант, калі трэба было ісьці на вольныя хлябы і пачаць свой бізнэс. Тым больш што разумеў, чым канкрэтна буду займацца.

— І чым займаліся?

— Было тэлебачаньне, мы трансьлявалі на восем краін спартыўныя спаборніцтвы ў жывым этэры. Мы арганізоўвалі трансьляцыі зь пяці краінаў, хацелі арганізаваць яшчэ з Паўднёвай Карэі, але не атрымалася. Нават думалі з Афрыкі трансьляваць футбол, валейбол, баскетбол.

— Гэта былі трансьляцыі для букмэкерскіх кантор?

— Так-так. На стадыёнах ёсьць скаўты, якія дапамагаюць букмэкерам. А мы арганізавалі яшчэ жывыя этэры — і гэта нашмат круцей, чым скаўтынг. І для букмэкера гэта крута, і для карыстальніка.

Таксама мы самымі першымі ў сьвеце запусьцілі арганізацыю і трансьляцыю кібэрспорту. Гэта цяпер у любога букмэкера ёсьць стаўкі на кібэрспорт, а дзесяць гадоў таму мы былі першымі, хто гэта запускаў.

А так у нас яшчэ салёны прыгажосьці, лягістычныя цэнтры, касмэталёгія, цэнтар лязэрнай эпіляцыі.

— Вы бізнэсовец сярэдняй рукі ці вышэй за сярэдняе?

— Я б увогуле сказаў, што маленькі такі прадпрымальнік, які займаецца сацыяльнымі праектамі. А мой сацыяльны праект — гэта перамога Беларусі. Мая жонка ўжо кажа, што ў мяне два жыцьці: адно — гэта бізнэс і сям’я, дзе я нічога не пасьпяваю, а іншае — Беларусь. Я другое жыцьцё ўжо жыву як беларус, за ўсё так перажываю.

Аляксандар Рыкаў (BalaganOff) з сям’ёй
Аляксандар Рыкаў (BalaganOff) з сям’ёй

«Два месяцы ад ранку да ночы гуляў у покер у Лас-Вэгасе»

— А грошы свае на беларускія справы пускаеце? На той жа полк Каліноўскага?

— Я больш дапамагаю Ўзброеным сілам Украіны. Палку я дапамагаю разам зь беларусамі, трэба быць справядлівым. А УСУ — так, зь дзьвюма брыгадамі мы ў вельмі моцным кантакце. Мы дапамагаем дронамі, батарэямі для дронаў.

— Я чытаў у адным з інтэрвію, што вы захапляліся покерам.

— Было такое, калі кінуў працу, то купіў першы ва Ўкраіне покерны клюб на Падоле. Я быў віцэ-прэзыдэнтам Фэдэрацыі покеру Ўкраіны. Тады быў такі бум шалёны. У мяне быў самы вялікі покерны форум ва Ўкраіне, гэта гадоў пятнаццаць таму. Мы разрасьліся вельмі хутка. Мяне спансавалі значныя дзеячы са сьвету гэмблінгу, я езьдзіў па сьвеце, удзельнічаў у спаборніцтвах. Скончыў сваю покерную кар’еру тым, што два месяцы жыў у Лас-Вэгасе. І гуляў ад ранку да вечара, так нагуляўся, што ўжо гадоў дзесяць карты ў рукі не бяру.

— Які самы вялікі выйгрыш быў?

— Вялікіх не было. Неяк на Кіпры выйграў 25 тысяч даляраў. А-а-а, у Адэсе яшчэ выйграваў 30 тысяч даляраў. Самы мой вялікі паход быў на фэсьце ў францускіх Альпах. Там удзельнічала 1100 чалавек, і першы прыз — гэта 1,5 мільёна даляраў. Я пяць дзён прайшоў і вылецеў трыццатым. Зарабіў тысяч сем-восем тады, але згубіў пяць дзён жыцьця. Не хачу больш. Ад ранку да вечара напружваць мазгі, вар’яцець, разумова гэта вельмі цяжка. У покеры на кароткай дыстанцыі можа выйграць любы чалавек, калі ж гуляць доўга, то прафэсіяналы цябе абавязкова перамогуць. Яны ўмеюць чытаць суперніка.

— У жыцьці гэта таксама дапамагае?

— Так, па фразах чалавека, па яго міміцы, інтанацыі складаеш карціну чалавека нашмат лепш і прасьцей.

«У мяне аўдыторыя на 90% зь беларусаў»

— Калі пачалася вайна, то ня мелі крыўдаў на беларусаў, бо расейская армія пайшла з тэрыторыі Беларусі, ракеты ляцелі?

— Я жыву пад Кіевам, каля Бучы. Расейцы да майго дома не дайшлі мэтраў пяцьсот. У двары дома ляжаў снарад. Мне не да крыўдаў тады было. Тады ніхто не разумеў, як жыць далей, як выжываць, што рабіць зь дзецьмі. Калі выехаў з Кіева, то запісваўся на вельмі старую камэру, якую далі сябры. І мяне глядзела вялізная колькасьць беларусаў, падтрымлівала ва ўсім. У мяне ж аўдыторыя на 90% зь беларусаў. Я разумеў, што яны з намі, падтрымліваюць Украіну. Я разумеў, што два дзяды звар’яцелі і загуляліся ў вялікіх ваяроў і вялікіх дыктатараў.

— Як вы пасябравалі з палком Каліноўскага?

— Калі ён арганізоўваўся, то там аказаліся людзі, у якіх я браў інтэрвію і якія ваявалі з 2014 году — гэта Ян Мельнікаў, Вадзім Кабанчук. А потым туды яшчэ Паша Кулажанка прыехаў. Ну як не сябраваць зь беларусамі, якія абараняюць маю Радзіму? Неяк у жывым этэры Дзяніс «Кіт» на пытаньне, як выбраўся з Бучы, сказаў, што УСУ мелі прыцэлы начнога бачаньня, а так бы ня выйшлі. А ў беларусаў не было нічога. Я прапанаваў у жывым этэры сабраць грошы на прыцэлы. І сабралі замест аднаго прыцэла на два. Праўда, замест прыцэлаў мы купілі дзьве машыны, бо з прыцэламі доўга цягнулася ўсё. Потым пытаўся: «Пацаны, што вам яшчэ трэба?» Яны адказвалі, што квадракоптары. А потым мы пасябравалі зь імі, калі я іх прасіў нешта знайсьці ў Эўропе празь іх лягістычныя цэнтры. І я гэтым карыстаюся па сёньня, бо літаральна нядаўна зьвязваўся з Польшчай і прасіў купіць для 10-й брыгады маскі. Раней гэта было нашмат цяжэй. Цяпер усе мае замовы для УСУ ідуць празь лягістыку палку Каліноўскага. Пытаньне, хто каму больш дапамагае: я ім ці яны мне. Мне падабаецца, калі прывозяць, то мае скрыні падпісаныя «Балаганаў» па-беларуску, з такой вось арыгінальнай літарай напрыканцы, у нас такой няма.

— Але ж вы менавіта са штабам у добрых адносінах?

— Не, з усімі. З кіраўніком палку, як там кажуць, «шэрым кардыналам» «Ванішам» (Арцём Войніч. — РС), я пазнаёміўся толькі два месяцы таму. Мы працавалі са звычайнымі байцамі. Калі я прыяжджаю ў полк, то магу абняцца з дваццацьцю байцамі, а кіраўніцтва так і не сустрэць. Па-чалавечы мы вельмі пасябравалі з Вадзімам Кабанчуком. Вось ён штаб. Міколу Дземідзенку я бачыў толькі адзін раз у жыцьці на прэс-канфэрэнцыі з «Кібэрпартызанамі». Адну хвіліну паразмаўлялі, і ён паабяцаў даць мне інтэрвію.

«За два тыдні да вайны на мяне выходзіў Васкрасенскі»

— Вы лічыце сваёй місіяй тлумачыць украінцам, што ня ўсе беларусы аднолькавыя?

— Місія — гэта гучна сказана. Мяне цікавяць узаемаадносіны беларусаў унутры Беларусі. Я на Ўкраіну тут не аглядаюся. Мае блізкія сябры ўсё разумеюць цудоўна. А бегаць і крычаць украінцам пра беларусаў — ня ведаю. Тут трэба бегаць і крычаць пра Ўкраіну. Мяне пачынаюць запрашаць украінскія тэлеканалы і пытацца пра Беларусь. Некаторыя мяне ўжо запрашаюць як беларуса (сьмяецца). Амаль на ўсіх украінскіх каналах мяне ўспрымалі як беларуса. Памятаю, 24-му каналу доўга тлумачыў, што я ўкраінец.

— А вы ў цэлым у Беларусі бывалі?

— Быў два разы. Гадоў пятнаццаць таму. Я паехаў купляць абсталяваньне для мясной прамысловасьці. Прыехаў на выставу, бо беларускае абсталяваньне досыць таннае. Пазнаёміўся з дырэктарам прадпрыемства, выйшлі на перакур, і я пытаюся: «А праўда, што ў вас тут дыктатура, кадэбэшнікі бегаюць?» А ён мне падносіць руку да рота: «Ціха, яны тут у цывільным апранутыя ходзяць, іх тут поўна паўсюль. На гэтую тэму лепш не гаварыць». Я крыху афігеў. У мяне было ўражаньне, што краіна цалкам пад каўпаком.

— Нядаўна на праўладных беларускіх тэлеграм-каналах зьявілася фотка, дзе вы абедаеце са сьпявачкай Маргарытай Ляўчук у Кіеве. Гэта таксама агенты сфоткалі?

— Фанатыкі ёсьць паўсюль, 1% не адмянялі. Галоўнае, як працуюць службы, раз-два, і фанатыкаў няма.

— Вы пагроз з боку беларускіх спэцслужбаў не адчуваеце?

— Яшчэ зь першага году. Яны былі абсалютна розныя. Мяне нават запрашалі ў Беларусь.

— Ого! Раскажыце.

— За два тыдні да вайны мне напісаў Юры Васкрасенскі, што ён мяне запрашае ў Беларусь, маўляў, я памыляюся. Я запісаў яму відэа ў адказ: няўжо ён лічыць мяне вар’ятам і я пагаджуся паехаць? Мне прыйшоў другі ліст, што мне дадуць гарантыі ад уладаў, пакажуць краіну. Спрабавалі па-чалавечы са мной гаварыць, што ў Беларусі ўсе шчасьлівыя. Я зноў адмовіў. Потым прапаноўвалі любога ўкраінскага журналіста адправіць, каму я давяраю. Я адказаў, што няўжо вы хочаце яшчэ аднаго закладніка?

«Хачу сказаць на цэнтральнай плошчы Менску: „Добрых людзей больш“»

— У вас хапае нэрваў глядзець беларускую і расейскую прапаганду?

— Так. Беларускую я гляджу, бо трэба беларусам расказаць, што там адбываецца на дзяржаўных каналах, патроліць. А ў расейскай ёсьць наратывы, і я хачу зразумець, што яны ўбіваюць людзям у галовы, як будзе ўсё рухацца.

— Азаронак — ваш любімец?

— Вядома! Асабліва як ён расказваў нядаўна, што ва Ўкраіне тысячамі прадаюць дзяцей на органы штодня. Пасьля гэтага я яго «люблю» яшчэ болей. Я раней ставіўся да яго як да маладога клоўна. Я некаторыя відэа Азаронка апрацоўваю так на цік-ток, перакладаю на розныя мовы, каб бачылі эўрапейцы, што вяшчае Лукашэнкаў ардэнаносец. Гэта ж думкі таго самага Лукашэнкі. Відэа зайшло касьмічна. Я даношу не для палітыкаў, а для звычайных людзей. Рыгор працуе вельмі на карысьць. Калі ён прапанаваў расстрэльваць інтэлігенцыю, то з гэтым можна працаваць нават зь «ябацькамі».

— Чаму «Балаганаў»?

— Мянушка зь дзяцінства. Мяне вельмі моцна так дражніў хросны: «Шура, пілуй гіры, яны залатыя». Я ад гэтага моцна плакаў. Потым я свайго найлепшага сябру Сашу называў «Балаганаў». А паколькі мы былі не разьлі вада, то нас сталі называць «Браты Балаганавы». І так яно прыклеілася. Калі захапіліся покерам, то думалі, як назваць свой партал, і я назваў яго «Балаганаў». І з таго часу да мяне гэта прыклеілася. Усе картачныя гульцы СНД ведалі мяне як «Балаганава». Макс Кац тады быў галоўным у Маскве пакерыстам. І калі я адкрыў ютуб-канал, то што мне было прыдумляць — «Балаганаў». Я не разглядаю ютуб як бізнэс ці палітычны інструмэнт — гэта для мяне аддушына, дзе я знаходжу цікавых людзей з усяго сьвету. Я пазнаёміўся зь беларусамі з такой колькасьці краін, што мне можна па ўсім сьвеце вандраваць.

— Украіна пераможа ў вайне?

— Натуральна, іншых варыянтаў ужо няма.

— А беларусы перамогуць Лукашэнку?

— Хочацца сказаць «вядома», але ўсё залежыць ад беларусаў. Я ведаю людзей, якія прысьвяцілі сваё жыцьцё гэтаму.

— У Менск потым прыедзеце?

— Само сабой. Я ж абяцаў выйсьці на галоўную плошчу Менску і сказаць: «Добрых людзей больш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG