Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіроўная партыя Грузіі запускае працэдуру імпічмэнту прэзыдэнта


 Саламэ Зурабішвілі
Саламэ Зурабішвілі

Прычына — візыты прэзыдэнткі ў Эўропу, няўзгодненыя з урадам. Пра гэта аб'явіў лідэр партыі «Грузінская мара» Іраклій Кабахідзэ, паведамляе «Эхо Кавказа».

Для імпічмэнту прэзыдэнта неабходны галасы 100 дэпутатаў парлямэнту. У кіроўнай партыі Грузіі няма такога рэсурсу.

«Учора і пазаўчора мы неаднаразова ўказвалі, што, нягледзячы на грубае парушэньне Канстытуцыі, у цяперашняй палітычнай сытуацыі імпічмэнт ня можа быць ажыцьцёўлены. Для завяршэньня імпічмэнту неабходна падтрымка 100 парлямэнтароў, і таму без галасоў радыкальнай апазыцыі ён ня мае пэрспэктывы выкананьня.

Нягледзячы на гэта, на паседжаньні палітрады партыі мы прынялі рашэньне ініцыяваць працэдуру імпічмэнту прэзыдэнта Грузіі. Найперш, гэта наша адказнасьць перад Канстытуцыяй Грузіі. Ігнараваньне абуральных парушэньняў Канстытуцыі падрывае вяршэнства закону і дэмакратычную канстытуцыйную сыстэму, чаго мы ня можам дапусьціць», — адзначыў Кабахідзэ.

Ён сьцьвярджае, што візыты прэзыдэнткі зьяўляюцца «контрапрадуктыўнымі» і могуць перашкодзіць атрыманьню Грузіяй статусу кандыдата на ўступленьне ў ЭЗ.

Як паведамлялася раней, урад ня выдаў дазволу Зурабішвілі на замежныя візіты. Нягледзячы на гэта, яна адправілася ў Бэрлін на сустрэчу з прэзыдэнтам ФРН Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, а сёньня ў Бруселі заплянаваная сустрэча з прэзыдэнтам Эўрапейскай рады Шарлем Мішэлем. У адміністрацыі ўраду Грузіі заявілі, што не ўхвалілі паездак прэзыдэнткі ў Нямеччыну, Украіну, Швайцарыю, Польшчу, Бэльгію, Данію, ААЭ, Баўгарыю, Чэхію і Ізраіль.

Згодна з Канстытуцыяй Грузіі, прэзыдэнт краіны ажыцьцяўляе прадстаўнічыя паўнамоцтвы ў замежных зносінах са згоды ўраду.

Саламэ Зурабішвілі стала прэзыдэнтам Грузіі ў 2018 годзе дзякуючы падтрымцы «Грузінскай мары» і яе заснавальніка, мільярдэра Бідзіны Іванішвілі. Адносіны прэзыдэнткі і ўраду сталі пагаршацца пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне. Тэрмін яе паўнамоцтваў заканчваецца восеньню 2024 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG