Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэртаў Лявіева і Накі, якія расказваюць пра вайну супраць Украіны, у Расеі завочна асудзілі на 11 гадоў калёніі


Майкл Накі і Руслан Левіеў
Майкл Накі і Руслан Левіеў

Басманны раённы суд Масквы завочна пакараў заснавальніка Conflict Intelligence Team Руслана Лявіева і журналіста Майкла Накі 11 гадамі зьняволеньня кожнага ў справе аб так званых фэйках пра расейскае войска.

Абвінавачаньне прасіла 13 гадоў калёніі кожнаму, паведамляе праект «Осторожно, новости».

Суд таксама забараніў ім выкладаць матэрыялы ў інтэрнэт цягам 5 гадоў, паведамляе RTVI. І Руслан Лявіеў, і Майкл Накі знаходзяцца цяпер за межамі Расеі.

Крымінальная справа ў дачыненьні да Накі і Левіева паводле артыкулу аб распаўсюджваньні фэйкаў аб расейскім войску групай асоб «са штучным стварэньнем доказаў абвінавачаньня» была заведзеная ў сакавіку мінулага году.

Нагодай для справы стала відэа, дзе Накі і Лявіеў аналізавалі вынікі дзявятага дня вайны Расеі супраць Украіны і расказвалі пра гібель мірных жыхароў. У траўні 2022 года суд у Маскве завочна арыштаваў іх і аб'явіў у вышук.

5 сакавіка 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны, Лявіеў паведаміў, што праект Conflict Intelligence Team (CIT) закрыў офіс у Маскве і яго супрацоўнікі ў поўным складзе пакінулі краіну, каб мець магчымасьць працягваць працу і «фіксаваць кожны ход вайны, бо ў будучыні гэта абавязкова спатрэбіцца для суда».

У лютым 2023 году на Руслана Лявіева расейская пракуратура завяла другую крымінальную справу аб так званых фэйках пра расейскую армію. Нагодай сталі словы Лявіева падчас стрыму на ютуб-канале «Папулярная палітыка» аб абстрэле расейскімі салдатамі дзіцячай лякарні ў Марыюпалі.

У пачатку жніўня Генпракуратура Расеі абʼявіла CIT непажаданай арганізацыяй. У паведамленьні Генпракуратуры расьсьледавальнікі названы «псэўдажурналістамі», якія зьбіраюць інфармацыю аб расейскай арміі і вайскоўцаў «для іх далейшай дыскрэдытацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG