Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны раскрытыкаваў Папу Рымскага за выказваньні пра «расейскую спадчыну»


Папа Францішак
Папа Францішак

Раней Папа Францішак заклікаў расейцаў берагчы сваю спадчыну і назваў Расею «вялікай».

«Вельмі прыкра, што расейскія вялікадзяржаўніцкія ідэі, якія, уласна, і зьяўляюцца прычынай хранічнай агрэсіўнасьці Расеі, сьвядома ці несьвядома гучаць з вуснаў Папы», — так афіцыйны прадстаўнік украінскага МЗС Алег Нікаленка пракамэнтаваў словы Папы Рымскага Францішка.

Словы, якія выклікалі пратэст Кіеву, Папа прамовіў на онлайн-сустрэчы з расейскай каталіцкай моладзьдзю 25 жніўня.

«Ніколі не забывайце пра спадчыну. Вы нашчадкі вялікай Расеі: вялікай Расеі сьвятых, кіраўнікоў, вялікай Расеі Пятра I, Кацярыны II, той імпэрыі — вялікай, асьвечанай, вялікай культуры і вялікай чалавечнасьці. Ніколі не адмаўляйцеся ад гэтай спадчыны. Вы — нашчадкі вялікай Расеі-матухны, ідзіце наперад з гэтым», — сказаў Францішак.

У тэксьце, апублікаваным на сайце кіраўніка Ватыкану, гэтае выказваньне адсутнічае, аднак ёсьць відэа, на якім Францішак прамаўляе гэтыя словы па-італьянску.

«Менавіта такой імпэрыялістычнай прапагандай, „духоўнымі скрэпамі“ і „патрэбай“ ў выратаваньні „вялікай Расеі-матухны“ Крэмль апраўдвае забойствы тысяч украінцаў і ўкраінак і зьнішчэньне сотняў украінскіх гарадоў і сёлаў», — адзначыў Нікаленка.

Украінская грэка-каталіцкая царква чакае ад Папы тлумачэньняў.

«Мы спадзяёмся, што гэтыя словы Сьвятога Айца прамоўленыя спантанна, без усялякіх спроб гістарычных ацэнак, а тым больш падтрымкі імпэрыялістычных амбіцый Расеі. У кантэксьце агрэсіі Расеі супраць Украіны падобныя выказваньні натхняюць нэакаляніяльныя амбіцыі краіны-агрэсара», — заявіў кіраўнік УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук).

Пракамэнтаваў выказваньні кіраўніка Апостальскай сталіцы і былы прэзыдэнт Эстоніі Томас-Хендрык Ільвэс. Ён назваў іх «сапраўды агіднымі».

Раней Папа заяўляў пра сваё непрыняцьце вайны і фатаграфаваўся са сьцягам Украіны, які яму прывозілі ўцекачы. Ён неаднаразова заклікаў да міру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG