Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я б рагатаў, калі б гэта не было так сумна». Літаратуразнаўца тлумачыць, чаму ўлада баіцца Дуніна-Марцінкевіча


Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

На думку Андрэя Хадановіча, «экстрэмізм» для клясыка — гэта выраз нянавісьці да ўсяго, што зьвязана зь беларускай культурай.

Пракуратура Менску прызнала два вершы Дуніна-Марцінкевіча, а таксама прадмову да збору твораў клясыка «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Разам зь літаратуразнаўцам Андрэем Хадановічам разьбіраліся, чаму ўлада баіцца твораў, напісаных у ХІХ стагодзьдзі.

100-ы том «Кнігазбору», прысьвечаны Дуніну-Марцінкевічу, выйшаў у 2019 годзе, і яго ўрачыста прэзэнтавалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Вершы «Плывуць вятры» і «Гутарку старога дзеда» Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч напісаў, як лічыцца, перад паўстаньнем Кастуся Каліноўскага супраць расейскага імпэрскага прыгнёту на беларускіх землях. Ужо тады іх палічылі прароцкімі: «Ці то так судзіў Бог з намі гінуць век пад маскалямі?».

«Беларускі рэжым на паслугах у імпэрскага „рускага сьвету“ мэтанакіравана зьнішчае ўсё беларускае»

Літаратуразнаўца, паэт, перакладчык Андрэй Хадановіч скрушна заўважыў, што выглядае гэта трагікамічна.

«Я б рагатаў, каб гэта не было так сумна. І каб людзі, якія гэта робяць, мелі пачуцьцё гумару. На жаль, яны яго ня маюць. Як і пачуцьця меры. Мы жывём у глыбока абсурдным сьвеце. Я ня ведаю, як можна судзіць і асуджаць тэксты, якія напісаныя ў пазамінулым стагодзьдзі, тэксты, якія даўно ёсьць нашай клясыкай?

Я думаю, што гэта выражэньне нянавісьці да ўсяго, што зьвязана зь беларускай культурай, зь беларускай гісторыяй і ўсім беларускім, што ёсьць у Беларусі.

Сёньняшні беларускі рэжым на паслугах у імпэрскага „рускага сьвету“ мэтанакіравана зьнішчае ўсё беларускае», — кажа Андрэй Хадановіч.

На яго думку, прызнаньне гэтых твораў экстрэмісцкімі — у пэўным сэнсе своеасаблівая падзяка, своеасаблівая ўзнагарода, прызнаньне іх якасьці, актуальнасьці.

«Калі гэта муляе, гэта азначае, што з таго часу, калі гэтыя вершы пісаліся, нічога не зьмянілася ў лепшы бок. Пытаньні і праблемы, пра якія піша Дунін-Марцінкевіч, якіх ня вырашылі Кастусь Каліноўскі і каліноўцы, ня вырашаныя дагэтуль. Словы „Мужыцкай праўды“, „Лістоў з-пад шыбеніцы“ дагэтуль актуальныя. Дагэтуль у нас нічога ня будзе, груба кажучы, пакуль маскаль над намі. Незалежна ад таго, як юрыдычна называецца дзяржава. І ці ёсьць „дэ-юрэ“ гэтая беларуская незалежнасьць. „Дэ-факта“ выяўляецца, што яе няма», — мяркуе Хадановіч.

«Памер і абсурд гэтага ўсяго гаворыць пра агонію ўсёй сыстэмы»

На пытаньне, ці можа гэта быць «першай ластаўкай» наезду на клясыку, і ці пачнуць цяпер сілавікі вывучаць і забараняць творы Купалы, Коласа, літаратар Хадановіч адказаў, што не хацеў бы даваць парадаў і падказваць, на што зьвярнуць увагу.

«Ад сёньняшняга кафкіянска-оруэлаўскага сьвету можна чакаць усяго. Я б не зьдзівіўся адмене беларускай літаратуры, забароне беларускай мовы — такое ўжо здаралася ў нашай гісторыі.

Суцяшае мяне ў гэтай сытуацыі тое, што памер і абсурд гэтага ўсяго гаворыць пра агонію ўсёй сыстэмы, пра тое, што людзі не кіруюцца лёгікай. А значыць, іх сьвядомасьць затуманеная страхам. Гэтыя людзі баяцца, і, я думаю, яны правільна баяцца: яны адчуваюць сябе самазванцамі, чужымі на нашай зямлі, яны адчуваюць сябе нялюбай уладай, якая ўсім муляе», — кажа Хадановіч.

Ён нагадаў савецкі м’юзыкал «Д’Артаньян і тры мушкетэры», дзе кардынал Рышэлье хоча разабрацца з аўтарам камічных куплетаў, якія пра яго сьпяваюць.

«Рышэлье пытаецца, чаму аўтар яшчэ не ў Бастыліі. Граф Рашфор парыруе: «Ваша эксэленцыя, у гэтых словаў няма аўтара, гэта сьпявае народ». Кардынал Рышэлье адказвае: «Добра запомніце: няма такога народу, якога я не магу пасадзіць у Бастылію».

Можна і помнік пасадзіць — насуперак крылатаму выразу зь фільму «Джэнтэльмэны ўдачы»: «Ён жа помнік. Хто ж яго пасадзіць?» — іранізуе Андрэй Хадановіч.

5 фактаў пра Дуніна-Марцінкевіча

  • Падчас паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–1864 гадоў царскія ўлады абвінавацілі Дуніна-Марцінкевіча ў распаўсюдзе «шкодных для ўраду» твораў. Хоць удзел яго ў паўстаньні ня быў даказаны, пісьменьніка арыштавалі. Ён год праседзеў у Пішчалаўскім замку. А пад паліцэйскім наглядам заставаўся да самай сьмерці ў 1884 годзе.
  • Дачку Дуніна-Марцінкевіча Камілу таксама арыштавалі за ўдзел у паўстаньні, яна сядзела за кратамі ў Пішчалаўскім замку (цяперашняя «Валадарка». — РС) і была сасланая ў Сібір, у горад Салікамск. Вярнуцца на Радзіму яна змагла толькі праз дваццаць гадоў.
  • Помнік Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і кампазытару Станіславу Манюшку стаіць у самым цэнтры Менску, на плошчы Свабоды.
  • У Купалаўскім тэатры «Пінская шляхта», пастаўленая ў 2008 годзе да 200-годзьдзя пісьменьніка, была папулярным спэктаклем, на які было вельмі цяжка трапіць, квіткі разыходзіліся імгненна.
  • Менскі гарадзкі суд і суд Фрунзэнскага раёну сталіцы месьцяцца на вуліцы Дуніна-Марцінкевіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG