Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёску хіліць да Расеі. Як адрозьніваюцца грамадзкія настроі беларускіх гараджанаў і вяскоўцаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як адрозьніваюцца грамадзкія настроі гараджанаў і вяскоўцаў Беларусі?

Адказ на гэтае пытаньне паспрабавала даць Беларуская аналітычная майстэрня (БАМ), якую ўзначальвае прафэсар Андрэй Вардамацкі. Аналіз быў зроблены на падставе дадзеных тэлефоннага апытаньня, праведзенага БАМ у Беларусі ў чэрвені.

Андрэй Вардамацкі
Андрэй Вардамацкі

Апытаньне было рэпрэзэнтатыўнае адносна ўсяго дарослага насельніцтва Беларусі.

Шэраг сацыялягічных цэнтраў праводзяць апытаньні ў Беларусі онлайн сярод інтэрнэтызаванага гарадзкога насельніцтва. Яны паводле вызначэньня прадстаўляюць погляды толькі дарослых гараджан, не ўключаючы вяскоўцаў. Між тым вяскоўцы, паводле Белстату, складаюць 21,6% усяго насельніцтва.

Аналіз БАМ дазваляе ацаніць, наколькі адрозьніваюцца погляды жыхароў беларускіх гораду і вёскі.

Эканамічнае самаадчуваньне

Дадзеныя на падставе ацэнак насельніцтвам свайго эканамічнага становішча і становішча краіны выкладзеныя ў першай аналітыцы БАМ.

Да якой з наступных групаў насельніцтва вы хутчэй маглі б сябе аднесьці?

Як бачна з графіку, сярод вяскоўцаў больш тых, хто заяўляе пра беднасьць, і тых, хто ня можа без праблемаў дазволіць сабе дарагія рэчы.

Але наступны графік паказвае, што ў ацэнках нават матэрыяльнага стану сваёй сям’і вяскоўцы больш аптымістычныя, чым гараджане. Ацэнкі ўзроўню ўласнага спажываньня ў іх ніжэйшыя, а ацэнкі дабрабыту сваіх семʼяў — вышэйшыя, чым у гарадзкіх.

Як бы вы ацанілі эканамічнае становішча вашай сямʼі ў бягучы момант?

Яшчэ больш выразныя адрозьненьні ў ацэнках эканамічнага становішча краіны. Сярод вяскоўцаў амаль кожны другі ацэньвае гэтае становішча пазытыўна, і гэта ўдвая больш, чым сярод гараджанаў.

Як бы вы ацанілі эканамічнае становішча Беларусі ў бягучы момант?

СССР, цары і ВКЛ

У наступнай аналітыцы БАМ сабраныя адказы на пытаньні пра сацыякультурныя прыярытэты рэспандэнтаў.

СССР станоўча ацэньвае большасьць рэспандэнтаў, але ў горадзе гэта роўна палова, а ў вёсцы — амаль дзьве траціны.

Ці згодныя вы з выказваньнем «Савецкі Саюз — адзін з найбольш станоўчых пэрыядаў у гісторыі Беларусі»?

Меншую салідарнасьць апытаныя дэманструюць адносна расейскіх уладароў, якія прайшлі жалезным ботам па беларускіх землях — Пятра І і Кацярыны ІІ. Іх сярод насельніцтва ў цэлым станоўча ацэньвае крыху больш за траціну, сярод вяскоўцаў — амаль кожны другі.

Ці згодныя вы з выказваньнем «Пётр І, Кацярына ІІ і іншыя выбітныя расейскія кіраўнікі адыгралі станоўчую ролю ў гісторыі Беларусі»?

Аднак высокія ацэнкі даюць апытаныя і Вялікаму Княству Літоўскаму, прынамсі, у адказ на пытаньне пра яго ўнёсак у разьвіцьцё беларускай культуры. Ухваляе яго кожны другі, і ў ацэнках вёска і горад адрозьніваюцца нязначна.

Ці згодныя вы з выказваньнем «Вялікае Княства Літоўскае ў пэрыяд Адраджэньня было адным зь яскравых пэрыядаў у разьвіцьці беларускай культуры»?

Браты і беларуская мова

Такі дуалізм назіраецца і ў ацэнках суседніх народаў. З тэзай пра братэрства беларусаў і расейцаў згодныя пад 90% апытаных, але сярод вяскоўцаў — амаль усе пагалоўна.

Ці згодныя вы з выказваньнем «Беларусы і расейцы — братэрскія народы»?

Аднак для прыкладна паловы апытаных — і Польшча братэрская краіна. Як бачым, рэзкія нападкі на Польшчу з боку Лукашэнкі і дзяржаўных прапагандыстаў калі і мелі водгук, то не суцэльны. Зьвяртае на сябе ўвагу, што стаўленьне сялянаў да заходняга суседа Беларусі заўважна больш прахалоднае, чым гараджанаў.

Ці згодны вы з выказваньнем «Польшча для беларусаў павінная лічыцца братэрскай краінай у сувязі з культурнай і гістарычнай блізкасьцю»?

Дасьледчыкі БАМ заўважаюць, што ладная частка апытаных заяўляюць пра братэрства і з расейцамі, і з Польшчай. І ім гэта не здаецца нечым несумяшчальным, адзначаюць сацыёлягі.

Перавагу ўплыву расейцаў (прынамсі, іх культуры) дэманструюць і адказы на пытаньне пра месца беларускай культуры паміж расейскай і заходнімі.

Ці згодныя вы з выказваньнем «Беларуская культура значна бліжэйшая да культураў эўрапейскіх народаў, чым расейская»?

Што да беларускай мовы, то яна для беларусаў — безумоўная каштоўнасьць, прынамсі сымбалічная. Пераважная большасьць хацела б пашырэньня абшару яе ўжытку і была б засмучаная, калі б яна зьнікла наагул.

Ці згодныя вы з выказваньнем «Беларускай мовы павінна быць больш у нашым жыцьці»?

Ці згодныя вы з выказваньнем «Я ня быў бы засмучаны, калі б беларуская мова цалкам зьнікла з жыцьця беларусаў»?

Геапалітычны выбар і вайна

Пра гэта — у апошняй з аналітыкаў БАМ.

Ацэнкі расейцаў, расейскай культуры, савецкага пэрыяду ў гісторыі Беларусі да пэўнай ступені абумоўліваюць і геапалітычны выбар беларусаў — выбар паміж далучэньнем да ЭЗ і саюзам з Расеяй. І адрозьненьні паміж горадам і вёскай у гэтым пытаньні — надзвычай рэзкія. У горадзе таксама перавага на баку саюзу з Расеяй, але ў вёсцы гэтая перавага — васьмікротная.

На ваш погляд, у якім саюзе дзяржаў было б лепш жыць народу Беларусі, у Эўрапейскім Зьвязе ці ў саюзе з Расеяй?

Але гэты геапалітычны выбар не трансфармуецца ва ўхвалу расейскіх дзеяньняў у вайне з Украінай. Калі перавагу саюзу з Расеяй аддае невялічкая большасьць, то ваенныя дзеяньні РФ ва Ўкраіне ўхваляе ўжо меншасьць усіх апытаных. Пры гэтым карціна ў вёсцы і ў горадзе — люстэркавая, палова гараджанаў Расею ў яе вайне асуджае, больш за палову вяскоўцаў — ухваляе.

Ці ўхваляеце вы дзеяньні Расеі ў бягучым збройным канфлікце з Украінай?

Яшчэ менш падтрымкі — у выкарыстаньня Расеяй беларускай тэрыторыі і інфраструктуры для вайны з Украінай. За гэта — усяго 30% апытаных агулам. Але сярод вяскоўцаў ацэнкі адноснай большасьці і тут — на карысьць Расеі.

Як вы ставіцеся да выкарыстаньня тэрыторыі і вайсковай інфраструктуры Беларусі для рэалізацыі ваенных дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне?

І зусім невялікая колькасьць рэспандэнтаў — за прамы ўдзел беларускага войска ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне. Супраць гэтага — пераважная частка і гараджанаў, і вяскоўцаў. Але сярод вяскоўцаў заўважна менш праціўнікаў гэтага, хоць істотна больш тых, хто ўстрымаўся ад пэўнага адказу.

Як вы ставіцеся да магчымага ўводу беларускіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны для ўдзелу ў ваенных дзеяньнях?

Нарэшце, падчас апытаньня ў рэспандэнтаў высьвятлялі, ці акупаваная, на іх погляд, Беларусь Расеяй. З прапановай да міжнароднай супольнасьці прызнаць Беларусь акупаванай РФ яшчэ ў сакавіку летась выступілі лідэры дэмакратычных сілаў Павал Латушка і Сьвятлана Ціханоўская.

Ці згодныя вы са сьцьвярджэньнем, што Беларусь цяпер акупаваная Расеяй?

Пераважная большасьць апытаных з гэтым ня згодная, прычым як у вёсцы, гэтак і ў горадзе. У горадзе доля тых, хто згодны з гэтай тэзай, у 5 разоў большая, чым у вёсцы, але і сярод гараджанаў прыхільнікі такой візіі — у меншасьці.

Высновы

  • Вяскоўцы больш пазытыўна, чым гараджане, ацэньваюць эканамічнае становішча і сваёй сямʼі, і краіны.
  • Савецкі пэрыяд беларускай гісторыі палова апытаных ацэньвае станоўча, сярод вяскоўцаў — пераважная большасьць.
  • Лічаць расейцаў братамі беларусаў — пад 90% апытаных, а сярод вяскоўцаў — амаль усе.
  • Разам з тым прыкладна для паловы рэспандэнтаў Польшча — братэрская краіна.
  • Беларусы маюць станоўчы сантымэнт да беларускай мовы, яны ў большасьці хацелі б пашырэньня абшару яе ўжываньня і не хацелі б яе поўнага зьнікненьня.
  • Геапалітычны выбар большасьці апытаных — на карысьць саюзу з Расеяй. Асабліва моцная гэтая перавага сярод вяскоўцаў, дзе прыхільнікаў эўраінтэграцыі ў 8 разоў менш, чым прыхільнікаў саюзу з РФ.
  • Чым бліжэй пытаньні пра вайну тычацца Беларусі наўпрост, тым менш адказаў на карысьць пазыцыі Расеі. Аднак ва ўсіх гэтых пытаньнях без выключэньня сярод сялянаў больш (часам заўважна больш) прыхільнікаў пазыцыі Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG