Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея ўжо два стагодзьдзі мучыць і цкуе Грузію». Грузіны ўспамінаюць жнівеньскую пяцідзённую вайну 2008 году


9 жніўня 2008 году, Грузія.
9 жніўня 2008 году, Грузія.

Гэтымі днямі спаўняецца 15 гадоў з дня пачатку ваеннага ўварваньня Расеі ў Грузію. Збройны канфлікт працягваўся пяць дзён і стаў першым адкрытым актам расейскай ваеннай агрэсіі на постсавецкай прасторы. Піша журналіст Звіяд Мчэдлішвілі.

Цяпер вайну супраць Украіны Расея называе «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй». А тую пяцідзённую вайну супраць Грузіі тады прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў называў «апэрацыяй па прымусе Грузіі да міру». Сёньня вайну Расеі супраць Грузіі самі грузіны часта параўноўваюць з вайной Расеі супраць Украіны. У абодвух канфліктах людзі бачаць шмат агульнага, а таму ўпэўненыя: менавіта ва Ўкраіне цяпер вырашаецца лёс у тым ліку і Грузіі.

Цхінвалі — сталіца Паўднёвай Асэтыі. Усяго за пару кілямэтраў ад яго — пасёлак Эргнэці, які калісьці лічыўся прыгарадам Цхінвалі. Паміж пасёлкам і горадам — лінія падзелу. Для Масквы і дэ-факта ўладаў Паўднёвай Асэтыі гэта дзяржаўная мяжа, для Тбілісі — лінія акупацыі. Тэрмін «Паўднёвая Асэтыя» ў Тбілісі не прызнаюць, самі грузіны называюць гэтую зямлю Самачабло альбо Цхінвальскі рэгіён.

Эргнэці моцна пацярпеў падчас пяцідзённай вайны. Жыхарка пасёлку Лія Члачыдзэ расказвае: практычна ўсе дамы, уключаючы яе ўласны, былі спаленыя. Калі грузінскі бок вярнуў кантроль над пасёлкам, Лія аднавіла дом і заснавала ў ім Музэй жнівеньскай вайны.

«Тут быў адзін з эпіцэнтраў баявых дзеяньняў, — кажа яна. — Першы ж удар прыйшоўся на гэтае сяло. Вынішчылі, проста зьнішчылі сяло: 60 дамоў спалілі, 12 чалавек былі забітыя. Вунь, на суседняй вуліцы ва ўласным доме, ва ўласнай пасьцелі жыўцом згарэў дзядуля Гіга, калі яго дом падпалілі. Вось такія барбарскія паводзіны былі».

У Музэі жнівеньскай вайны захоўваюцца прадметы, зьвязаныя зь пяцідзённай вайной: ацалелыя асабістыя рэчы жыхароў Эргнэці, аскепкі расейскіх снарадаў, у тым ліку касэтных бомбаў, грузінскі сьцяг, сарваны расейскімі вайскоўцамі і выкінуты на ўзбочыну дарогі, і іншыя напамінкі аб вайне. Музэй часта наведваюць іншаземцы. Гэтым разам, напрыклад, — турысты з Францыі. На фоне расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну расьце цікавасьць да вайны Расеі супраць Грузіі.

«Я веру, што Самачабло і Абхазія вернуцца. Расея сама іх нам перадасьць, памяніце маё слова, бо гэта заканамерна. Гэтак жа я дакладна ведаю, што Ўкраіна пераможа. Можа, гэта ня здарыцца за адзін дзень, адзін год ці два гады. Украінскі народ немагчыма перамагчы, таму што яны змагаюцца з такой самаадданасьцю, іх забіваюць, але яны не паміраюць. Уяўляеце? У нас адна будучыня. Украіна абавязкова пераможа гэтага монстра, гэтую імпэрыялістычную краіну, якая абавязкова разваліцца».

Падчас жнівеньскай вайны былі спаленыя і цалкам разбураныя дзясяткі грузінскіх вёсак, каля 27 тысяч чалавек сталі вымушанымі перасяленцамі. І мова ня толькі пра жыхароў Цхінвальскага рэгіёну.

У сяле Цынцкара ў рэгіёне Квэма-Картлі некалі кампактна жылі грузінскія грэкі, якія масава пакінулі краіну ў пачатку 90-х. Цяпер там жывуць уцекачы зь сёлаў Кадорскай цясьніны. У дні жнівеньскай вайны гэтая цясьніна перайшла пад кантроль Абхазіі — яшчэ аднаго сэпаратысцкага рэгіёну Грузіі, які падтрымліваецца Масквой. Элеанора Гурчыяні жыла ў адной зь вёсак цясьніны — Генцьвішы. У першыя ж дні вайны па гэтай вёсцы былі нанесеныя масіраваныя ўдары з паветра.

«Ужо дзявятага жніўня была такая моцная бамбёжка, што мы нават не спадзяваліся выжыць. Мы проста аглухлі ад гэтых гукаў. У той мітусьні мы паняцьця ня мелі, хто ў нашым сяле выжыў, каму ўдалося сысьці, нікога не было відаць, — успамінае жанчына падзеі таго дня.— Потым мы адно аднаго ўсё ж адшукалі, некаторыя хаваліся на беразе ракі, і вырашылі зьяжджаць. У сяле былі два невялікія трактары зь ляфэтамі. Тыя, хто змог зьмясьціцца, селі на ляфэты, а астатнія пайшлі пешкі. Я ўдзячная Богу, што мы змаглі выжыць і выехаць адтуль цэлыя і здаровыя».

На новым месцы Элеанора разам зь іншымі перасяленцамі пры падтрымцы заходніх фондаў заснавала грамадзкую арганізацыю, дзе жанчыны дапамагаюць ня толькі канкрэтным людзям, але й часта вырашаюць праблемы вёскі ў цэлым. Элеанора, як і некаторыя іншыя перасяленцы з Кадорскай цясьніны, ужо двойчы ўцякала ад вайны — у Кадорскай цясьніне жылі ў тым ліку тыя грузіны, якія змушаныя былі пакінуць Абхазію яшчэ ў 90-х падчас грузіна-абхаскага збройнага канфлікту. Элеанора жыла ў Сухумі да 1993 году.

«Я вельмі спадзяюся: калі столькі ўсяго здарылася, то, можа, здарыцца так, што мы ўсё ж такі зможам вярнуцца (у Абхазію). Але толькі, вядома, мірным шляхам. Я не за вайну. І ніколькі не жадаю, каб мы вярталіся туды ваенным шляхам, гэта павінна адбыцца мірна», — кажа яна.

Паводле хронікі афіцыйнага Тбілісі, сэпаратысты з Паўднёвай Асэтыі пры падтрымцы расейскіх вайскоўцаў пачалі наносіць удары па падкантрольнай грузінскім уладам тэрыторыі яшчэ ў канцы ліпеня 2008 году. Патрабаваньні грузінскага боку правесьці перамовы былі праігнараваныя. У той жа час Расея сьцягнула да мяжы з Грузіяй войскі і правяла эвакуацыю часткі жыхароў сэпаратысцкага рэгіёну. У ноч на восьмага жніўня Тбілісі пачаў апэрацыю па аднаўленьні канстытуцыйнага парадку. Масква ў адказ абвясьціла апэрацыю «прымусу Грузіі да міру» і пад маркай абароны жыхароў Паўднёвай Асэтыі, якім раней сама ж масава раздала расейскае грамадзянства, увяла войскі.

Праз 14 гадоў шмат з гэтага сцэнару паўтарылася ва Ўкраіне. А таму многімі грузінамі вайна ва Ўкраіне ўспрымаецца як працяг расейскай агрэсіі 2008 году. Збольшага гэтым тлумачыцца актыўны ўдзел грузінскіх добраахвотнікаў у вайне на баку Кіева. Адзін зь іх — Торніке Гогуадзэ. У жніўні 2008 году ён быў яшчэ падлеткам, але тым ня менш добра памятае расейскае ўварваньне. У інтэрвію грузінскай службе Радыё Свабода Торніке расказаў, што да лютага 2022 году жыў на захадзе Грузіі, меў добрую працу, але калі пачалася вайна ва Ўкраіне, усё пакінуў і зьехаў на фронт. Пры гэтым ён нават ня меў ваеннага досьведу.

«Расея ўжо два стагодзьдзі мучыць і цкуе Грузію. Думаю, што гэта ідэальны шанец працягнуць барацьбу і за Грузію, барацьбу супраць нашага гістарычнага ворага. Для мяне гэта своеасаблівы акт адплаты безь якой-небудзь нянавісьці. Гэта проста неабходнасьць даваць адпор праціўніку, каб твая краіна не апынулася ў яшчэ горшым становішчы. Нас змушаюць забіваць», — кажа Торніке.

Расейска-грузінская вайна — першы пасьля распаду СССР выпадак адкрытага поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня Расеі на тэрыторыю суседняй незалежнай дзяржавы. Для Грузіі гэта найбуйнейшая палітычная й гуманітарная катастрофа ў найноўшай гісторыі. Некантраляваныя тэрыторыі, сотні забітых, тысячы бежанцаў і паўзучая акупацыя, якая працягваецца дагэтуль. Расейскія вайскоўцы дагэтуль узводзяць штучныя загароды ўздоўж адміністрацыйных межаў з Цхінвальскім рэгіёнам і Абхазіяй. Калючы дрот разразае палі, вёскі, садовыя ўчасткі і нават могілкі і дамы.

Паблізу гэтых ліній падзелу расейскія вайскоўцы практычна штотыдзень, а часам ледзь ня штодня выкрадаюць грамадзян Грузіі, абвінавачваючы іх у парушэньні «дзяржаўнай мяжы». На гэтым фоне сярод жыхароў Грузіі няўхільна расьце падтрымка інтэграцыі краіны ў ЭЗ і NATO.

Паводле дадзеных аднаго з апошніх апытаньняў грамадзкай думкі, праведзенага вясной 2023 году Нацыянальным дэмакратычным інстытутам (NDІ), уступленьне ў ЭЗ падтрымліваюць 82 працэнты апытаных, а ўступленьне ў NATO — 73 працэнты, у той час як за адмову ад эўраатлянтычнай інтэграцыі на карысьць адносін з Расеяй выступаюць усяго 7 працэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG