Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міжнародны дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі да беларусаў зьвярнуўся Валэнса. ВІДЭА


Акцыя ў Вільні за вызваленьне палітзьняволеных вясноўцаў, архіўнае фота
Акцыя ў Вільні за вызваленьне палітзьняволеных вясноўцаў, архіўнае фота

Міжнародны дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі сёлета адзначаецца ўжо дванаццаты раз.

Дату 4 жніўня выбралі невыпадкова — менавіта ў гэты дзень у 2011 годзе арыштавалі праваабаронцу Алеся Бяляцкага, піша «Вясна».

Нягледзячы на вызваленьне Алеся ў 2014 годзе, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці заявілі, што не зьбіраюцца адмаўляцца ад правядзеньня Дня салідарнасьці:

«Будзем адзначаць гэты дзень штогод да таго часу, пакуль становішча грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі ня зьменіцца, пакуль у краіне не перастануць саджаць у турму за праваабарончую дзейнасьць і пакуль у ёй ня будуць гарантаваныя фундамэнтальныя свабоды».

Сёлета Алесь Бяляцкі зноў сустракае Дзень салідарнасьці за кратамі.

Да беларусаў зьвярнуўся лех Валэнса


Па просьбе Праваабарончага цэнтра «Вясна» ў Дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі са зваротам да беларусаў зьвярнуўся Лех Валэнса, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за падтрымку рабочага руху і барацьбу за правы чалавека ў 1983 годзе, адзін з заснавальнікаў і лідэр руху «Салідарнасьць», прэзыдэнт Польшчы ў 1990-1995 гадах.

«Шаноўнае спадарства, нам прыйшло жыць, калі мяняюцца эпохі. Людзі змагаюцца за гэтую новую эпоху, але старая абараняе сябе. Многія людзі сёньня пакутуюць у турмах і рознымі іншымі спосабамі. Я таксама прайшоў праз гэта ў былыя часы. Я гэта разумею. Падбадзёрваю, такія прыклады патрэбныя. Вашы пакуты прынясуць плён. Так што вытрымайце яшчэ трохі. І сьвет будзе заўважаць вашу адданасьць усё больш і больш. І ён усё больш і больш заўважае, што вы знаходзіцеся на правільным баку. Прыйдзе дзень — свабода для вас, справядлівасьць і мір для сьвету. Я ў гэта веру, я за гэта змагаўся. Я сёньня менш пакутую, а вы больш пакутуеце. Але я памятаю пра вас. Я памятаю. Я буду рабіць усё, каб паскорыць гэтыя вызваленчыя працэсы».

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
XS
SM
MD
LG