Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 краін, чатыры выдавецтвы, зь Беларусьсю складана. Расказваем пра новую інтэрнэт-кнігарню «Кнігаўка» (+ сьпіс іншых крамаў)


Беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч. 24 чэрвеня на Кніжным арсэнале ў Кіеве, архіўнае фота
Беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч. 24 чэрвеня на Кніжным арсэнале ў Кіеве, архіўнае фота

Беларускае выдавецтва «Янушкевіч» запусьціла сайт Knihauka, дзе можна купіць беларускія кнігі з дастаўкай у 14 краінаў сьвету. Даведаліся ад старальнікаў, ці ёсьць пэрспэктывы дастаўляць беларускія кнігі ў Беларусь.

На пачатку чэрвеня невядомыя асобы зьнішчылі старонку «januskevic.by», таму супрацоўнікі выдавецтва сьпяшаліся адкрыць новую інтэрнэт-краму. Пакуль сайт «Кнігаўка» працуе ў тэставым рэжыме.

Кнігі на «Кнігаўцы» можна замовіць у Аўстрыю, Бэльгію, Італію, Латвію, Літву, Люксэмбург, Нямеччыну, Партугалію, Швайцарыю, Эстонію, ну і, натуральна, у Польшчы. Будзе наладжана дастаўка ў Вялікую Брытанію, Францыю і Гішпанію (чаго не было ў папулярным маркетплэйсе Allegro).

На сайце будуць дзейнічаць зьніжкі з промакодамі, праграма ляяльнасьці для сталых кліентаў. Даступныя самыя папулярныя сыстэмы аплаты і кур’ерскія службы. Зь цягам часу можна будзе замаўляць кнігі папярэдне.

На цяперашні момант у «Кнігаўцы» ёсьць кнігі чатырох беларускіх выдавецтваў, якія цяпер працуюць па-за межамі краіны: «Вясна», «Кнігаўка», «Пфляўмбаўм», «Янушкевіч».

Выдавец і стваральнік «Кнігаўкі» Андрэй Янушкевіч запэўнівае, што ён адкрыты для супрацы.

«Проста ў нас пакуль малыя рэсурсы, каб мець шмат пазыцыяў. Таму працуем з нашымі старымі і блізкімі партнэрамі. А на будучыню маем пляны пашыраць асартымэнт і прадаваць ня толькі сваю прадукцыю», — кажа спадар Янушкевіч.

У «Кнігаўцы» ўжо можна замовіць навінкі — «Хлопчык і сьнег» і «Ператрус у музэі» Альгерда Бахарэвіча, пераклады на беларускую «Вялікага Гэтсбі» Фрэнсіса Скота Фіцджэралда, «І ўзыходзіць сонца» Эрнэста Гэмінгуэя, шмат іншых кніг.

У Беларусь замовіць навінкі на «Кнігаўцы» пакуль немагчыма

За апошнія пару гадоў ня менш як 11 выдавецтваў ці выдаўцоў цалкам або часткова перанесьлі сваю дзейнасьць за мяжу, бо ў Беларусі многіх проста пазбавілі ліцэнзіяў. Той жа Андрэй Янушкевіч паабяцаў выдаць шмат цікавага, у тым ліку і Стывэна Кінга па-беларуску.

Ці змогуць кніжныя навінкі трапіць у Беларусь, дзе застаюцца асноўныя чытачы беларускіх кніг?

«Я скептычна да гэтага стаўлюся. Бо паштовыя службы на Беларусь амаль не працуюць. Для польскіх кур’ерскіх службаў Беларусь — terra incognita. Дастаўка дарагая, і я ня думаю, што звычайны беларус зможа сабе яе дазволіць.

І самае прыкрае — мы вымушаны будзем браць папярэднюю аплату, а ніякіх гарантыяў, што кніга дойдзе да атрымальніка, даць ня можам. Мы цяпер ня шлем кнігі ў Беларусь, бо гэта трэба рабіць індывідуальна, у ручным рэжыме. На гэта проста цяпер у мяне няма рэсурсаў», — прызнаецца выдавец і стваральнік інтэрнэт-кнігарні.

«Важна выдаць кнігу, а яе атрымаць — тут ужо можна шмат чаго прыдумаць»

На думку Андрэя Янушкевіча, пакуль адзіны рэальны шлях для беларуса купіць беларускія кнігі, што выдаюцца ў Эўропе, — самому езьдзіць за мяжу альбо прасіць знаёмых, каб прывозілі кнігі.

«Нічога небясьпечнага ў кнігах няма. Часам я чую, што, маўляў, гэта рызыкоўна. Няма яшчэ ніводнага факту, каб на мяжы праз кніжкі кагосьці затрымлівалі. Так, некалі былі факты канфіскацыі кніг, але каб да людзей ужывалі адміністрацыйны арышт ці іншыя захады, такога не было», — запэўнівае выдавец.

Андрэй Янушкевіч
Андрэй Янушкевіч

Другая праблема, на якой акцэнтуе ўвагу Андрэй Янушкевіч, у тым, што вялікія кніжныя сеткі і беларускія кнігарні не працуюць з замежнымі партнэрамі, з выняткам Расеі і Казахстану.

«Я на гэты конт наводзіў даведкі. Наўрад ці яны будуць наладжваць такую супрацу, скажам так, у наяўнай сытуацыі.

Таму ў мяне такі падыход: важна выдаць кнігу, каб яна стала фактам, рэальнасьцю, а як дастаць яе, атрымаць — тут ужо можна шмат чаго прыдумаць. Баюся, што лёгкіх шляхоў ня будзе. Усе шляхі будуць няпростыя і стратныя фінансава», — мяркуе Андрэй Янушкевіч.

Кніг Бахарэвіча ў беларускіх інтэрнэт-кнігарнях няма. Затое ёсьць Арсеньнева, Анемпадыстаў, Курс

Пацікавіліся, якія інтэрнэт-кнігарні ёсьць у Беларусі і што там цікавага можна купіць.

«Шлем поштаю па краіне і ўсім сьвеце, у Менску дадаткова самавываз і дастаўка да якой-хаця станцыі мэтро. Зручныя формы аплаты», — так прэзэнтуе сябе адна з найбольшых пляцовак https://knihi.by/

Некаторыя выданьні рэдкія. Да прыкладу, факсымільнае выданьне першага зборніка знакамітай беларускай паэткі Натальлі Арсеньневай «Пад сінім небам», які пабачыў сьвет у Вільні ў 1927 годзе.

Андрэй Янушкевіч на Кніжным кірмашы ў Беластоку, красавік 2023
Андрэй Янушкевіч на Кніжным кірмашы ў Беластоку, красавік 2023

Ёсьць у продажы 7-ы і 8-ы тамы поўнага збору твораў Васіля Быкава. Можна купіць «Рэвалюцыю» Віктара Марціновіча, іншых кніг гэтага пісьменьніка няма. Няма ў продажы кніг нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, вельмі папулярных у сьвеце Ўладзімера Арлова, Альгерда Бахарэвіча.

У лідэрах продажаў другой інтэрнэт-кнігарні https://oz.by/books/ — Уладзімер Караткевіч («Каласы пад сярпом тваім», «Ладзьдзя роспачы», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні») , Сьвятлана Курс (Ева Вежнавец, «Па што ідзеш, воўча?»), Васіль Быкаў — «Знак бяды», Сьвятлана Алексіевіч — «У вайны не жаночае аблічча».

У электроннай краме мастацкай і гістарычнай літаратуры https://kniger.by/ літаральна 1 жніўня зьявілася навінка: «Простыя словы» Міхала Анемпадыстава. «350 старонак густоўнага дызайну і слоў, якія... раскрываюць асобу Анемпадыстава», — так прэзэнтуецца выданьне. Праўда, цана немалая — 150 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG