Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандалы, крымінальныя справы, палітрукі. Што было на «Беларусьфільме» раней і чаго чакаць пры новым дырэктару


Аляксандар Лукашэнка днямі прызначыў новага дырэктара кінастудыі. Гэта ідэоляг з Горадні Юры Аляксей.

Чуткі пра тое, што на «Беларусьфільме» зьменяць генэральнага дырэктара, хадзілі яшчэ ў сакавіку, калі Лукашэнка ў сваім штогадовым «пасланьні да парлямэнту і народу» выказаў незадаволенасьць: «Дзе яна, гэтая кінавытворчасьць?»

Алею ў агонь падлілі прапагандысты Грыгорый Азаронак зь Людмілай Гладкай:

«Дзіч нейкая адбывалася. І змагарства паўсюль... Там нейкі бясконцы загул „змагарства“ і дрэні ўсялякай адбываўся. Гэта проста жах. Там Латушкавы кадры натапталі такога, што не разгрэбці. Бедны новы генэральны дырэктар. Яго чакае сапраўды суровае патрабаваньне ад кіраўніка дзяржавы, і трэба будзе расчышчаць гэтыя Аўгіевы стайні. Бо дзеячы навыраблялі такога, якія потым у 2020 годзе скакалі».

Падчас вялікай прэс-канфэрэнцыі сёлета ў траўні ўжо былы дырэктар Ўладзімер Карачэўскі спрабаваў апраўдацца, апавядаючы перадусім не пра творчыя дасягненьні, а пра грамадзка-палітычную працу, кшталту «Кінаўрокаў гісторыі» і супрацы з Генэральнай пракуратурай у тэме генацыду беларускага народу. Маўляў, «гэта актуальна ня толькі для дакумэнталістыкі, але і для анімацыі».

Уладзімер Карачэўскі, архіўнае фота
Уладзімер Карачэўскі, архіўнае фота

Карачэўскі таксама пахваліўся:

«У 2020 годзе „Беларусьфільм“ быў адным зь нешматлікіх прадпрыемстваў, дзе на ганак ня выйшлі супрацоўнікі».

Прызначаючы новага кіраўніка, Лукашэнка сказаў: «Што тычыцца нашай кінавытворчасьці, гэта бяда... Відаць, дзесьці мы не дапрацоўвалі ў кіраўніцтве».

Ідэоляг, які прайшоў праз БРСМ і «Белую Русь»

Юры Аляксей прыйшоў на пасаду кіраўніка «Беларусьфільму» з пасадаў дырэктара Горадзенскага кінавідэапракату і намесьніка старшыні праўладнай «Белай Русі».

Нарадзіўся ў 1973 годзе ў Горадні. Першая адукацыя — мясцовы сельскагаспадарчы інстытут, потым скончыў Беларускі камэрцыйны ўнівэрсытэт кіраваньня і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце.

Працаваў фатографам, тэхнікам-рэнтгенолягам. Таксама быў на розных пасадах у БРСМ, Горадзенскім гарвыканкаме і аблвыканкаме. Быў сэнатарам — членам пастаяннай камісіі заканадаўства і дзяржаўнага будаўніцтва Савету Рэспублікі. Вельмі ганарыцца, што быў дэлегатам ажно чатырох «усебеларускіх народных сходаў».

«Юры Аляксей быў мэнэджарам, які займаўся кіна- і відэапракатам. Гэта не стварэньне творчага зьместу. Яго прызначылі ня дзеля гэтага, а таму, што ён вельмі добра ведае ідэалёгію. Спачатку працаваў у БРСМ, потым у розных ідэалягічных арганізацыях. І вось праз гэты навык, разуменьне таго, што зараз патрэбна ўладзе, празь ляяльнасьць яго і ўзялі на пасаду. Зараз патрэбныя палітрукі, якія будуць ствараць агітацыйныя лісткі і расейскі кантэнт», — выказаў думку кінажурналіст Тарас Тарналіцкі.

Экс-кіраўнік кінастудыі Ўладзімер Карчэўскі, новы гендырэктар Юры Аляксей і міністар культуры Анатоль Маркевіч. Фота: тэлеграм-канал Міністэрства культуры
Экс-кіраўнік кінастудыі Ўладзімер Карчэўскі, новы гендырэктар Юры Аляксей і міністар культуры Анатоль Маркевіч. Фота: тэлеграм-канал Міністэрства культуры

Палкоўнік, кіназнаўца, выкладчык музыкі і сьпеваў

Прызначэньне ў 2006 годзе на пасаду генэральнага дырэктара нацыянальнай кінастудыі вайскоўца, палкоўніка Ўладзіміра Замяталіна выклікала неўразуменьне ў творчай інтэлігенцыі.

Замяталін нарадзіўся ў расейскай Туле. Скончыў Данецкую вышэйшую вайскова-палітычную вучэльню, працаваў прэс-сакратаром Міністэрства абароны, прэс-сакратаром тагачаснага старшыні ўраду Вячаслава Кебіча, быў галоўным ідэолягам і намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Лукашэнкі.

Уладзімір Замяталін, 2008
Уладзімір Замяталін, 2008

Прадусаваў чатыры фільмы, усе на ваенную тэматыку: «Замах», «Брэсцкая крэпасьць», «Снайпэр», «У чэрвені 1941-га».

Пры дырэктарстве Замяталіна забаранілі паказ стужкі Андрэя Кудзіненкі «Акупацыя: Містэрыі».

«Але пры Замяталіну быў створаны першы беларускі «горар»— «Масакра» таго ж Андрэя Кудзіненкі», — дадае нешта станоўчае пра Замяталіна Тарас Тарналіцкі.

Інжынэр-радыётэхнік і кіназнаўца ў адной асобе

Праз паўгода пасьля сканчэньня кантракту і звальненьня папярэдняга генэральнага дырэктара Ўладзіміра Замяталіна ў ліпені 2011 году «Беларусьфільм» узначаліў Алег Сільвановіч. Паводле першай адукацыі Сільвановіч — інжынэр-радыётэхнік, паводле другой — кіназнаўца. Дырэктарам ён прабыў каля 4 гадоў. У лютым 2015 году сам напісаў заяву аб звальненьні. Пайшоў ціха, без скандалаў.

У кулюарах казалі, што пасаду ён пакінуў праз праблемы з рэканструкцыяй студыі.

Скандал разгарэўся пазьней вакол расейска-беларускага праекту «З 8-м сакавіка, мужчыны». Расейскі бок атрымаў амаль 3 мільёны даляраў прыбытку ад выкарыстаньня фільму, уклаўшы ў яго толькі 500 тысяч. А Міністэрства культуры Беларусі і «Беларусьфільм», выдаткаваўшы на стварэньне стужкі больш за 1 мільён даляраў, прыбытку не атрымалі. На Алега Сільвановіча завялі крымінальную справу, абвінаваціўшы яго ў злоўжываньні службовым становішчам. Але разьвіцьця гісторыя не атрымала.

З 2015 па 2018 гады «Беларусьфільм» ачольваў Ігар Поршнеў. Родам ён зь Беларусі, зь сям’і кінэматаграфістаў, але доўгі час працаваў у Маскве прадусарам на розных расейскіх тэлеканалах. Сышоў пасьля некалькіх гучных скандалаў.

«Гэта быў этап вельмі скандальны. Праект „Сьляды на вадзе“ (да 100-годзьдзя беларускай міліцыі) меў здымаць расейскі рэжысэр Ягор Канчалоўскі, у выніку зьняў беларускі рэжысэр Аляксандар Анісімаў, а Канчалоўскаму заплацілі 100 тысяч даляраў», — адзначае кінажурналіст Тарас Тарналіцкі.

Яшчэ адзін скандал быў зьвязаны са зборамі за дзіцячы фільм «Тум-Пабі-Дум». У Менску фільм сабраў толькі 1600 даляраў, а паглядзелі яго ўсяго каля трох тысяч гледачоў. Яшчэ два фільмы, на якія былі патрачаныя бюджэтныя грошы, так і ня выйшлі. Стужка «Не гульня» выйшла бяз прозьвішча рэжысэра ў тытрах.

Рэфарматар і чысьцільнік

У 2018 годзе на пасаду генэральнага дырэктара «Беларусьфільму» прызначылі Ўладзімера Карачэўскага. Ён скончыў Магілёўскую музычную вучэльню імя Рымскага-Корсакава, паводле першай адукацыі настаўнік музыкі і сьпеваў. Пасьля ён скончыў Менскі інстытут культуры, працаваў настаўнікам, быў чыноўнікам у аддзелах культуры адміністрацыі Савецкага раёну Менску і Менгарвыканкаму, першым намесьнікам міністра культуры. З 2014 па 2018 гады ўзначальваў Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі.

«Карачэўскі ніякім чынам ня быў зьвязаны з кіно. Калі ён толькі пачаў працаваць на „Беларусьфільме“, у яго было два падыходы: з 2018 па 2020 ён казаў, што зробіць рэформы на студыі. І што вось-вось пачнуць выпускаць якасныя стужкі: здымаецца фільм „Купала“ пра нацыянальную сьвядомасьць беларусаў, ён будзе ўдзельнічаць у міжнародных фэстывалях. Фільм, дарэчы, так і ня выйшаў (афіцыйна. — РС). Але ўсё гэта скончылася ў 2020 годзе. Пачаліся рэпрэсіі і чысткі, звольнілі шмат народу. Праводзіліся ператрусы ў інтэрнаце, дзе жылі супрацоўнікі кінастудыі. Тут трэба разумець, што студыя заўсёды займалася ідэалягічнай працай», — кажа Тарас Тарналіцкі.

Прэм'ера фільму «Авантуры Пранціша Вырвіча» кампаніі «Беларусьфільм»
Прэм'ера фільму «Авантуры Пранціша Вырвіча» кампаніі «Беларусьфільм»

На пачатку 2022 году на «Беларусьфільме» зьявіўся новы намесьнік дырэктара, адказны за ідэалёгію і бясьпеку, — Альберт Сідаровіч, які раней быў вайскоўцам, працаваў у КДБ. Да яго прыклеілася мянушка «Адольф».

«Неляяльных да ўлады людзей на „Беларусьфільме“ не засталося, іх вышчамілі. „Адольф“ выклікаў па чарзе да сябе на размовы, вельмі пільна і ўважліва глядзеў у вочы, нібыта стараўся заглянуць усярэдзіну. Зьявіліся сьпісы неляяльных актораў беларускіх тэатраў, якіх не бяруць нават у масоўкі. Паглядзіце, хто цяпер іграе ў нешматлікіх мастацкіх фільмах, што здымае кінастудыя: спрэс расейскія акторы. І ў фільме „Казьбек“ пра вайну, і ў „Лісьце чаканьня“ пра тое, што нельга зьяжджаць з краіны», — кажа адзін з былых супрацоўнікаў, зь якім не працягнулі кантракт.

Вайна і польская акупацыя

Акторскіх фільмаў на «Беларусьфільме» сёлета абяцаюць выпусьціць ад 4 да 6. Зноў ваенная тэматыка: «Апэрацыя „Багратыён“» (працоўная назва «Казьбек»). Рэжысэр — Іван Паўлаў. Падзеі стужкі адбываюцца ў чэрвені 1944 году ў ваколіцах Воршы.

«У тым жа фільме „Казьбек“ — спрэс расейскія акторы. Не таму, што яны супэрпрафэсіяналы. А таму, што амаль нікога зь беларусаў не засталося. Частку людзей звольнілі праз рэформу, якую вымудраваў Карачэўскі — іх вывелі па-за штат, частка зьехала, частка зьмяніла працу. Пачалі клікаць расейцаў — як і ў Купалаўскім тэатры. Ідзе агрэсіўная русыфікацыя», — выказвае думку Тарас Тарналіцкі.

Да «Дня народнага адзінства», які прызначаны на 17 верасьня, абяцаюць паказаць фільм пад працоўнай назвай «Мы адзіныя» пра польскую акупацыю Беларусі ў 1920-х гадах.

«Вельмі шчыльная супраца зараз з расейскімі рэжысэрамі. Гэта, у прынцыпе, было заўсёды. Але, да прыкладу, у 2019 годзе, калі здымаўся фільм „Купала“, там вельмі крытычна ставіліся да расейцаў. Альбо „Авантуры Пранціша Вырвіча“, дзе дакладна не гаворыцца, з кім ваююць галоўныя героі (падзеі адбываюцца ў XVIII стагодзьдзі), але ў самай рэчы гэта Расейская імпэрыя. Яшчэ некалькі гадоў быў такі антырасейскі вэктар у кінэматографе.

А пасьля 2020 году, калі Лукашэнка канчаткова трапіў пад уплыў Пуціна і Крамля, зьмянілі вэктар і сталі ствараць прарасейскае ідэалягічнае кіно. І цяпер гэта паўсюль: і ў дакумэнталістыцы, і ў акторскім кіно, і ў анімацыі», — зьвяртае ўвагу Тарас Тарналіцкі.

«Яны гэтае лайно, пардон, цягнуць на лапцях у XXI стагодзьдзе»

Сумесна з Генэральнай пракуратурай «Беларусьфільм» распрацоўвае сцэнар, прысьвечаны тэме генацыду беларускага народу. Як анансаваў цяпер ужо былы кіраўнік «Беларусьфільму» Ўладзімер Карачэўскі, «гэта актуальна ня толькі для дакумэнталістыкі, але і для анімацыі».

На пытаньне, ці будзе запатрабаванае такое кіно, Тарас Тарналіцкі адказаў:

«Гэта не пра бізнэс і не пра творчасьць. Гэта пра ідэалёгію. Кіно і раней стваралася для ідэолягаў. А гэтага і раней ніхто не глядзеў — былі спрэс адміністрацыйныя паказы. Так, працуюць вельмі нязграбна, мастацкай якасьці няма, ідэі прымітыўныя: „Расея — наш сябар, Захад — наш вораг, трэба выступаць за традыцыйныя каштоўнасьці“.

Гэта немагчыма было глядзець яшчэ ў савецкія часы, а яны гэтае лайно, пардон, цягнуць на лапцях у XXI стагодзьдзе. Такімі фільмамі нікога не пераканаеце. А яшчэ яны на гэтым хочуць зарабіць грошы! Гэтыя людзі не глядзяць наперад, у будучыню, думаюць, што так будзе заўсёды. Але гэта вельмі рызыкоўная стаўка», — падсумоўвае кінажурналіст Тарас Тарналіцкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG