Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея патлумачыла, пры якіх умовах выведзе ядзерную зброю зь Беларусі


Расейская ракетная сыстэма «Іскандэр», здольная выкарыстоўваць тактычную ядзерную зброю
Расейская ракетная сыстэма «Іскандэр», здольная выкарыстоўваць тактычную ядзерную зброю

«Гіпатэтычны вывад» расейскай тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ) зь беларускай тэрыторыі магчымы, калі ЗША і NATO адмовяцца ад «дэструктыўнага курсу, скіраванага на падрыў бясьпекі» Менску і Масквы.

Пра гэта заявіў «РИА Новости» дырэктар другога дэпартамэнту краінаў СНД Міністэрства замежных справаў РФ Аляксей Палішчук.

Сярод іншага, паводле яго слоў, Вашынгтон і Паўночнаатлянтычны альянс павінны «цалкам вывеcьці амэрыканскую ядзерную зброю» з Эўропы і «ліквідаваць адпаведную інфраструктуру».

Палішчук сьцьвярджае, што разьмяшчэньне ТЯЗ у Беларусі стала «мерай у адказ на шматгадовую дэстабілізуючую ядзерную палітыку NATO і Вашынгтону, а таксама на карэнныя зьмены, якія адбыліся за апошні час у ключавых галінах эўрапейскай бясьпекі».

Гэтая «вымушаная мера стрымліваньня», сказаў ён, закліканая «гарантаваць бясьпеку саюзнай дзяржавы».

Палішчук заявіў, што дамоўленасьці пра разьмяшчэньне ТЯЗ на беларускай тэрыторыі не прадугледжваюць якіх-небудзь часавых рамак.

13 чэрвеня падчас паездкі ў Менскую вобласьць Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўленая з РФ у Беларусь. Да інтэрвію ён сказаў прадстаўнікам дзяржаўных мэдыя, што гатовы «неадкладна і без ваганьняў» выкарыстаць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.

16 чэрвеня прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».

6 ліпеня Лукашэнка заявіў, што пэўная колькасьць ядзерных боегаловак ужо знаходзяцца ў Беларусі і іх прывезьлі не па зямлі.

21 ліпеня выведная ўправа Міністэрства абароны ЗША заявіла, што «няма падставаў сумнявацца» ў тым, што Расея сапраўды разьмясьціла тактычнае ядзернае ўзбраеньне ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG