Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Онлайн-маратон салідарнасьці з палітвязьнямі 29 ліпеня: чаму варта глядзець трансьляцыю


У суботу, 29 ліпеня, стартуе онлайн-маратон салідарнасьці з палітзьняволенымі Беларусі. Яго трансьляцыя будзе весьціся з 10:00 да 22:00 паводле менскага часу.

У арганізацыі і правядзеньні маратону ўдзельнічае больш за 20 незалежных мэдыя, сярод якіх Белсат TV, «Эўрарадыё», «Зеркало», «Обычное утро», Радыё Свабода, Радыё Ўнэт, «Страна для жизни», а таксама Беларускі расьсьледніцкі цэнтар, «Брестская газета», «Маланка Медиа», «Мэдыязона», «Наша Ніва», Радыё Рацыя, «Салідарнасьць», BPN/Pozirk, Hrodna.life, Kyky.org, Nexta, Reform.by, Tribuna.com і многія іншыя.

Прадстаўляць Радыё Свабода на маратоне будзе былы палітвязень, журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч.

Сярод гасьцей онлайн-маратону — журналісты Мікіта Мелказёраў, Аляксандар Івулін, Сьцяпан Пуціла, Павал Сьвярдлоў, Наста Роўда, сьпявачкі Маргарыта Ляўчук і Кацярына Ваданосава, музыканты Піт Паўлаў і Юры Стыльскі, пісьменьнікі Аляксандар Чарнуха і Ганна Златкоўская, спартоўка Кацярына Сныціна, палітаглядальнік Арцём Шрайбман і многія іншыя.

Да этэру далучыцца лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская, а таксама яе намесьнік па кабінэце, кіраўнік НАУ Павал Латушка і прадстаўніца кабінэта па сацыяльнай палітыцы, ініцыятарка маратону Вольга Гарбунова.

Мэта маратону — падтрымаць палітзьняволеных і іх сем’і, сабраць для іх грошы.

Празрыстасьць разьмеркаваньня данатаў, сабраных на адзіны рахунак, будзе кантраляваць спэцыяльна створаная Назіральная рада, у якую ўвойдуць прадстаўнікі мэдыя — арганізатараў маратону.

Гледачоў зь Беларусі арганізатары просяць — у мэтах бясьпекі — не рэпосьціць, ня лайкаць і не камэнтаваць этэр з пэрсанальных акаўнтаў, а таксама пераводзіць ахвяраваньні толькі праз рахункі сяброў і блізкіх, якія жывуць за мяжой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG