Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму нас зноўку заклікаюць нараджаць


Натальля Качанава падчас сустрэчы з моладзьдзю.
Натальля Качанава падчас сустрэчы з моладзьдзю.

Апошнім часам мы зноў сталі чуць ад уладаў заклікі нараджаць дзяцей і ўвогуле розныя выказваньні на тэму дэмаграфіі і нараджальнасьці.

Старшыня Савету Рэспублікі Беларусі Качанава кажа, што галоўнае ў жыцьці — нараджаць беларусаў, Лукашэнка заяўляе, што трэба нараджаць, а Васкрасенскі — што беларускі народзяць новых дзяцей замест тых, што зьехалі. У гэтым быццам бы і няма нічога новага, але ўсё-ткі трошачку ёсьць.

Увогуле, сьцьверджаньні, што роды — галоўная падзея і задача ў жыцьці жанчыны і што мы ўвогуле гэта камусьці павінны, заўжды прысутнічала ў рыторыцы чынавенства ў Беларусі. Тэму сям’і такія асобы звычайна абмяркоўваюць у публічнай прасторы выключна ў традыцыяналісцкім сьвятле — жанчына мусіць нараджаць, і нараджаць яна мусіць больш і, пажадана, раней. Самі жанчыны ў гэтай рыторыцы пазбаўлены суб’ектнасьці і разглядаюцца як абяздушаныя мэханізмы па вытворчасьці новых людзей для дзяржавы.

У гэтым пляне нічога прынцыпова не зьмянілася, і мы можам гаварыць проста пра новую хвалю заклапочанасьці дэмаграфічнай сытуацыяй. І яшчэ б улады не былі ёй заклапочаныя, калі з краіны зьехала столькі людзей!

Але ёсьць у гэтай цяперашняй хвалі яшчэ адна прычына, якая была не настолькі відавочная раней. Дакладней, як: прычына ня новая сама па сабе, але цяпер яна значыць для ўладаў куды больш, чым гэта было раней. І гэтая прычына — жаданьне перавесьці жыцьцё жанчын максымальна ў сфэру сямейнага і асабістага.

Чым менш людзей будзе заклапочана тым, у наколькі глыбокую бездань краіну штурхае цяперашняя палітычная сыстэма, тым гэтай сыстэме лепей. А які найлепшы спосаб адцягнуць увагу жанчыны ад вялікага сьвету? Правільна, трэба зрабіць так, каб на гэты сьвет у яе не заставалася ні сілаў, ні часу. І для гэтага ёй трэба зацяжараць і нарадзіць. Бо пратэставаць ва ўмовах, калі ў цябе ўночы максымум паўтары гадзіны бесьперапыннага сну, — так сабе ідэя, і мала тых, хто на гэта пагодзіцца.

Ды што там пратэставаць! Зь немаўляткам на руках і навіны пачытаць няшмат у каго ёсьць шанец. І менавіта такая жанчына — засяроджаная на простым фізычным выжываньні сябе і свайго нованароджанага дзіцяці — патрэбная рэжыму Лукашэнкі. У яе няма сілаў на барацьбу, а яшчэ гэтая барацьба для яе цяпер больш небясьпечная, бо рызыкаваць толькі сабой — гэта адна справа, а рызыкаваць яшчэ і дзіцем, якое застанецца бяз маці ў выпадку яе арышту, — зусім іншая.

Улады ўсё гэта цудоўна разумеюць, як разумеюць і тое, што дзеці ў беларускім грамадзтве па-ранейшаму застаюцца пераважна жаночай зонай адказнасьці, так што гаварыць пра адэкватнае разьмеркаваньне нагрузкі, каб усе дарослыя ў сям’і маглі не выпадаць зь «вялікага» жыцьця, звычайна не даводзіцца.

Вось і кажуць нам: «Нараджайце, нараджайце, нараджайце беларусаў». Робяць выгляд, што ім рупіць будучыня нацыі. Але калі б яна сапраўды іх хвалявала, не было б у нас столькі палітзьняволеных і столькі ўцекачоў. Ня трэба было б нараджаць «замест».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG