Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя новыя дэталі перасьледу Алеся Пушкіна, які памёр у зьняволеньні


Алесь Пушкін. Архіўнае фота
Алесь Пушкін. Архіўнае фота

Праваабаронцам стала вядома, што падставай для крымінальнай справы супраць мастака сталі ня толькі яго карціны на выставе ў Горадні, але і пэрформанс з партрэтам Лукашэнкі на выставе ў Кіеве незадоўга да затрыманьня.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што паводле арт. 370 Крымінальнага кодэксу («зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў») кваліфікавалі яго пэрформанс у Кіеве. Там на выставе беларускага пратэставага мастацтва «Кожны дзень» Алесь узнавіў свой самы вядомы пэрформанс «Гной для прэзыдэнта», але крыху абноўлены — на партрэце Аляксандра Лукашэнкі, замест надпісу «За 5-гадовую плённую працу», ён разьліў чырвоную фарбу, якая сымбалізавала кроў.

Алесь Пушкін казаў на адкрыцьці выставы 25 сакавіка 2021 году, незадоўга да свайго затрыманьня, што яму прыемна адкрываць прэзэнтацыю беларускага сучаснага мастацтва ў Кіеве і адначасова сумна:

«Сумна таму, што і праз 22 гады мой пэрформанс актуальны, і я прыкаціў гэтую тачку ў Мастацкі арсэнал, зрабіў тое самае, толькі паліў чырвонай фарбай партрэт Лукашэнкі, які стаў ужо крывавым дыктатарам».

У ліпені 1999 году, на пяцігодзьдзе кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, мастак упершыню зрабіў пэрформанс з гноем, які прыкаціў у тачцы да адміністрацыі прэзыдэнта ў Менску. Ён раскідаў гной і дэвальваваныя рублі, зьверху паклаў Канстытуцыю, партрэт Лукашэнкі, і ўсё гэта пракалоў віламі. За гэтую акцыю мастака тады асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

Як было вядома раней, пад арт. 130 Крымінальнага кодэксу падвялі разьмяшчэньне партрэтаў прадстаўнікоў беларускага антысавецкага супраціву Міхала Вітушкі, Усевалада Родзькі і Яўгена Жыхара на выставе ў горадзенскім «Цэнтры гарадзкога жыцьця». Гэта патрактавалі як «рэабілітацыю нацызму». Партрэт Жыхара быў напісаны ў 2014 годзе і раней экспанаваўся ў Беларусі і Расеі. Падчас выставы мастак быў у Кіеве, дзе ўдзельнічаў у выставе «Кожны дзень». Ведаючы пра крымінальную справу, Пушкін вырашыў вярнуцца ў Беларусь.

Суд над мастаком распачаўся 10 сакавіка 2022 году. Яго амаль адразу зрабілі закрытым. Праз 20 дзён судзьдзя Алена Шылько прысудзіла Пушкіну 5 гадоў калёніі строгага рэжыму.

На судзе Алесь быў у белым камбінэзоне з надпісам «Белрэстаўрацыя», у якім яго затрымалі 30 сакавіка 2021 году ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе мастак працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. На судзе ён ляжаў на лаўцы. У будынак яго таксама ўнесьлі ў гарызантальным становішчы, ісьці ў суд ён адмаўляўся.

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што на суд яго прывозілі ў кайданках.

25 сакавіка Алесь Пушкін на знак пратэсту супраць свайго зьняволеньня і 5000 палітычных крымінальных спраў, адкрытых у Беларусі, парэзаў сабе жывот. 30 сакавіка, падчас абвяшчэньня прысуду, Пушкін разьдзеўся, каб былі відаць драпіны ў форме крыжа, і запатрабаваў вызваліць усіх палітвязьняў. Таксама мастак падзякаваў прысутным за ўдзел у палітычным пэрформансе.

Паводле інфармацыі «Вясны», Алесь Пушкін падрыхтаваў апошняе слова на 23 старонкі, але праз тое, што суд быў закрыты, грамадзкасьць яго не пачула.

Карцар падчас суду

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што Алеся пасадзілі ў карцар 18 сакавіка — яшчэ да пэрформансу на судзе. Адправілі яго туды за «непрыстойныя паводзіны» на адным з судовых пасяджэньняў, распараджэньне аб гэтым падпісаў начальнік ізалятара Андрэй Цэдрык. 15 сутак Алеся ўтрымлівалі ў карцары № 2.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG