Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неўстаноўленымі асобамі ў неўстаноўлены час дзеля неўстаноўленых мэтаў, але патрабуюць 6 гадоў». Дэталі суду над Мажэйкам і Юргілевіч


Павал Мажэйка, Юлія Юргілевіч. Каляж
Павал Мажэйка, Юлія Юргілевіч. Каляж

20 ліпеня ў Горадні павінны былі абвясьціць прысуд Паўлу Мажэйку і Юліі Юргілевіч, але працэс перанесьлі і зрабілі закрытым, пасьля таго як пракурор нечакана папрасіў далучыць да справы скрыншоты камэнтароў у інтэрнэце, атрыманых праз КДБ.

Пра тое, што адбываецца ў Горадзенскім абласным судзе, як трымаюцца палітвязьні, расказваюць жонка Паўла Мажэйкі журналістка Ірына Чарняўка і сяброўка і былая падабаронная Юліі Юргілевіч, гаспадыня горадзенскай крамы «Адметнасьць» Вольга Верамеенка.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

«Гадзіна суду была патрачаная на тое, каб глядзець сэрыял»

— На якія важныя чалавечыя і працэдурныя дэталі гэтага працэсу вы б зьвярнулі ўвагу?

Ірына Чарняўка: У сьледзтва і суду няма ніякіх доказаў віны. Калі яны спрабуюць даказаць, што адзін аднаму пазваніў і перадаў, то атрымліваецца, што кожны этап, пра які яны гавораць, не пацьвярджаецца доказамі. Напрыклад, нібы было два званкі. Білінг тэлефонаў паказвае, што званкоў не было. Якім чынам запісаны голас, незразумела. Быццам нехта некаму перадаў інфармацыю. Якім чынам? У абвінаваўчым заключэньні і ў іншых дакумэнтах гаворыцца пра тое, што нявызначанымі асобамі ў нявызначаны час для нявызначанага полу асобы нявызначаным спосабам. То бок усё ня вызначана, але пракурор просіць шэсьць гадоў.

У справе чатыры тамы, аднак большая частка гэтай справы — тое, што называюць інфармацыйным сьмецьцем. Невядома чаму, але ў судзе цэлую гадзіну патрацілі на тое, каб разглядаць дыск, на якім запісаны сэрыял. Здавалася, што ў часе працэсу гэта можна было выключыць з сыстэмы доказаў, але тым ня менш гадзіна суду была патрачаная на тое, каб глядзець сэрыял.

Яшчэ гадзіна была патрачаная на тое, каб праслухоўваць нейкі запіс размовы, зь якога нічога не зразумела, бо ён быў вельмі кепска запісаны. Гэта ўжо не тэлефонная размова, а нейкая офлайнавая размова, няясна калі, дзе і кім зробленая. І там проста абрыўкі бытавых фразаў. Незразумела, чаму суд траціў цэлую гадзіну на гэта. Быццам праз тое, што ня маюць рэальных доказаў, хочуць запоўніць гэтую пустату чым-небудзь, сьмецьцем, здагадкамі, стварыць з фактоідаў нейкую бачнасьць хаця б расьсьледаваньня, якое трывала 9 месяцаў.

Вольга Верамеенка: Я зьвярнула ўвагу на тое, што супраць Юліі Юргілевіч у якасьці сьведчаньня аб яе нейкім злачынстве была выкарыстана як доказ прамова Юліі як адвакаткі ў судзе над Андрэем Аўсіевічам. Як кажа Іра, рознае сьмецьце пазьбіралі і зараз спрабуюць нешта з гэтага зьляпіць, але ў іх слаба атрымліваецца.

«Павал застаецца самім сабой, застаецца моцным»

— Ірына, вы напісалі ў Фэйсбуку пра ноч перад прысудам, калі Павал з сукамэрнікамі разгадваў загадку ад дачкі. Ад самага пачатку я бачу, наколькі Павал годна вытрымлівае выпрабаваньні і спрабуе дапамагчы сям’і. Як бы вы сфармулявалі, якое правіла абраў для сябе Павал Мажэйка, што дазваляе яму заставацца свабодным чалавекам за кратамі?

Ірына Чарняўка: У першую чаргу заставацца самім сабой. У тым, як Павал сябе паводзіць, проста ён увесь. Яго лісты з-за кратаў нас вельмі моцна падтрымліваюць і выводзяць з адчаю, у які я пэрыядычна трапляю, калі чую, як мае дзеці кажуць: а дзе тата, калі ён прыедзе? Ён калісьці напісаў: «Уяві сабе, што ты 16 гадзін едзеш у закрытым купэ, і табе трэба гэтыя гадзіны нечым заняць. І так кожны дзень». Трэба сказаць, што займае ён гэты час даволі талкова — спорт, вучоба, чытаньне. Насамрэч падчас сьледзтва нейкіх вялікіх сьледчых дзеяньняў непасрэдна зь ім не адбывалася. Большую частку часу яны проста тупа сядзяць у камэры.

Павал хоча захаваць, ня страціць кантакт зь дзецьмі на гэтай адлегласьці, за ўвесь гэты час стварыць асобную, ягоную камунікацыю, не празь мяне, а непасрэдную, хай абрэзаную. Я, напэўна, апублікую ў сябе ў Фэйсбуку два нумары маляванай газэты, якія ён выпусьціў спэцыяльна для Юркі і даслаў у лісьце. Па гэтым я бачу, што Павал застаецца самім сабой, што ён застаецца моцным.

— Паўла Мажэйку затрымалі летась напрыканцы жніўня па вяртаньні ў Беларусь. Гісторык, журналіст, выдавец, двойчы палітвязень, знакаміты гарадзенец. Калі я пачну тут расказваць пра Паўла, нашага этэрнага часу ня хопіць. Ірына, можа вы б маглі сказаць, што для Паўла галоўнае ў жыцьці?

— Самае галоўнае для яго — Беларусь, незалежнасьць Беларусі. Менавіта для Беларусі ён і працуе. Ён любіць Горадню, хоча, каб Горадня квітнела, каб грамадзкае жыцьцё разьвівалася ў горадзе. Хіба што гэтая мэта і застаецца. Ня думаю, што гэтыя выпрабаваньні штосьці зьменяць у ягоных поглядах.

«Гэта сырая, халодная камэра, і пэрыядычна Юлю кідаюць у карцар»

— Падчас працэсу Юргілевіч заявіла, што яе трымаюць у «скоцкіх умовах» і ёй не далі азнаёміцца са справай. Вольга, што вядома пра ўмовы зьняволеньня Юліі?

Вольга Верамеенка: На жаль, няма амаль ніякай інфармацыі наконт Юліі, бо з-за кратаў яе немагчыма атрымаць, а бацькі Юліі ні з кім не падтрымліваюць сувязі. Я магу толькі ўявіць, у якіх умовах яе трымаюць, бо я сама была ў той турме некаторы час. Я мяркую, што гэта сырая, халодная камэра, і пэрыядычна Юлю, напэўна, кідаюць у карцар. Ведаючы Юлін характар, я мяркую, што яна, хутчэй за ўсё, не спускае ніякія парушэньні. Магчыма, яна піша скаргі на ўмовы ўтрыманьня і ўсё астатняе, бо яна ведае, як павінна працаваць гэтая сыстэма. Я мяркую, што яна не зьмірылася, і таму ў суд яна трапіла менавіта з карцара. Хутчэй за ўсё, яна вельмі доўгі час была ў карцары, таму і не атрымалася азнаёміцца са справай.

— Як з вашай адвакаткі Юлія Юргілевіч стала вашай сяброўкай?

— Юлія абараняла мяне як адвакатка. Адвакат у цяперашніх умовах ня можа працаваць як сапраўдны адвакат, але наяўнасьць адваката ў любога палітвязьня ў Беларусі — гэта вельмі істотна, таму што гэта сувязь з вонкавым сьветам. Калі Юля прыйшла да мяне ў камэру на другі дзень пасьля таго, як мяне туды забралі, я заплакала. Яна мне: цішэй, цішэй, дыхай, ня плач. Мы абняліся. Сяброўкамі сталі там, ужо ў камэры. Ейная падтрымка была вельмі істотная, складана пераацаніць. І потым як я выйшла, так атрымалася, што мы зь ёй часта сустракаліся і пасябравалі. Немагчыма зь Юляй не сябраваць. Юлю або любяць, або ня любяць...

  • Паўла Мажэйку затрымалі летась у канцы жніўня па вяртаньні ў Беларусь. У сакавіку стала вядома, што журналіста абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК).
  • Юлія Юргілевіч працавала адвакатам амаль 18 гадоў. Яна абараняла ў судзе палітвязьняў Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцэра, Андрэя Аўсіевіча, Андрэя Сакалоўскага. 23 лютага 2022 году яе выключылі са складу Горадзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сыстэматычныя парушэньні заканадаўства». Пад вартай яе трымаюць ужо больш за 10 месяцаў.
  • Пра сьмерць пры нявысьветленых абставінах палітзьняволенага мастака Алеся Пушкіна стала вядома 11 ліпеня. Ён адбываў пакараньне ў горадзенскай турме.
  • Працэс у Горадзенскім абласным судзе вядзе судзьдзя Максім Філатаў. На першым паседжаньні Юлія зьявілася ў робе з надпісам «Карцар № 2». Падчас расьсьледаваньня Павал і Юлія адмовіліся даваць паказаньні, у судзе Мажэйка адказваў на пытаньні выбарачна.
  • Адвакатку і журналіста абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 361-4 КК у «іншым садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці, зьдзейсьненым паўторна, групай асоб па папярэдняй змове».
  • Пракурор запатрабаваў для іх па 6 гадоў турмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG