Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-камандуючы 58-й арміяй пацьвердзіў гібель расейскага генэрала Алега Цокава


Алег Цокаў, архіўнае фота
Алег Цокаў, архіўнае фота

Дэпутат Дзяржаўнай думы РФ, былы камандуючы 58-й арміяй Андрэй Гурулёў падчас выпуску ток-шоў «60 хвілін» ад 11 ліпеня на расейскім тэлеканале «Россия 1» пацьвердзіў, што ва Ўкраіне загінуў генэрал-лейтэнант Алег Цокаў.

На гэта зьвярнула ўвагу Руская служба ВВС.

Вядоўца ток-шоў Вольга Скабеева спытала пра гэта Гурулёва падчас абмеркаваньня абстрэлу Бярдзянска. «Афіцыйнай інфармацыі ад міністэрства абароны няма, — прыводзіць яе словы выданьне. — Але абсалютна ўсе СМІ ўжо напісалі».

«Так, — адказаў ёй Андрэй Гурулёў. — На жаль, ён па-геройску загінуў, гэты чалавек заслугоўвае вялікай павагі, мае вар’яцкі аўтарытэт ва ўзброеных сілах, і гэта праўда».

Таксама Гурулёў пацьвердзіў ранейшую інфармацыю пра тое, што ў канцы верасьня 2022 году генэрал Цокаў атрымаў раненьне ў раёне Сватава Луганскай вобласьці. Ён сказаў, што летась Алег Цокаў «быў вельмі цяжка паранены, яго ледзьве выцягнулі», і паводле стану здароўя ён «ўжо мог ня ехаць на фронт», але ён зноў паехаў ваяваць ва Ўкраіне.

Журналіст «Важных историй» патэлефанаваў жонцы Цокава Алене. На званок адказаў невядомы мужчына, які паведаміў, што жанчына ня можа цяпер размаўляць. На пытаньне пра гібель Цокава ён адказаў так: «Мы нічога не пацьвярджаем, прабачце».

Першым пра гібель Цокава 11 ліпеня паведаміў саветнік мэра Марыюпаля Пятро Андрушчанка. Паводле яго, пры абстрэле акупаванага расейскімі войскамі Бярдзянска быў цалкам разбураны атэль «Дзюна», дзе пражывала расейскае ваеннае кіраўніцтва. Пра гэта таксама пісалі Бярдзянская ваенная адміністрацыя і прарасейскія тэлеграм-каналы. Паводле іх зьвестак, Цокаў загінуў у выніку ўдару па запасным камандным пункце 58-й арміі ў раёне Бярдзянска.

Паводле зьвестак тэлеграм-канала Astra, Алег Цокаў са жніўня 2022 году быў камандзірам 144-й мотастралковай дывізіі 20-й агульнавайсковай арміі РФ. Званьне генэрал-лейтэнант атрымаў у 2023 годзе. Афіцыйна аб яго прызначэньні намесьнікам камандуючага Паўднёвай ваеннай акругі не паведамлялася. Акрамя вайны ва Ўкраіне, ён браў удзел у дзьвюх чачэнскіх войнах і вайне ў Сырыі.

Паводле падлікаў выданьня «Важные истории», Цокаў — сёмы з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня войскаў Расеі ва Ўкраіну генэрал, гібель якога пацьверджаная. Пры гэтым выданьне адзначае, што гэта можа быць самы высокапастаўлены вайсковец, забіты ва Ўкраіне з пачатку вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG