Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» заявіў, што вагнэраўцы ў «адпачынку» да жніўня і рыхтуюцца да пераезду ў Беларусь


Байцы ПВК «Вагнэра», архіўнае ілюстрацыйнае фота
Байцы ПВК «Вагнэра», архіўнае ілюстрацыйнае фота

Пасьля мяцяжу групоўкі «Вагнэра» 23-24 чэрвеня ў Расеі пачалі зачыняцца пункты вярбоўкі наймітаў ПВК «Вагнэра». З вуліц расейскіх гарадоў пачалі дэмантаваць білборды з аб’явамі пра працу ў кампаніі.

Цяпер найміты ПВК «Вагнэр» Яўгена Прыгожына рыхтуюцца да перадысьлякацыі ў Беларусь паводле пагадненьня, якое спыніла іх мяцеж у Расеі, заявіў адзін з камандзіраў «Вагнэра» Антон Елізараў («Лотас»).

У інтэрвію аднаму з прарасейскіх блогераў 8 ліпеня ён паведаміў, што найміты на загад Прыгожына ўзялі адпачынак да пачатку жніўня, а потым пераедуць у Беларусь.

Ці знаходзіцца цяпер у Беларусі хаця б частка наймітаў ПВК «Вагнэр», Елізараў не ўдакладніў.

  • 23 чэрвеня заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын фактычна ініцыяваў працэс ваеннага перавароту ў Расеі. У выніку дамоўленасьцяў, у тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам, ён спыніў свой марш на Маскву. Уладзімір Пуцін дазволіў Прыгожыну зьехаць у Беларусь.
  • 27 чэрвеня Лукашэнка заявіў пра прыбыцьцё Прыгожына ў Беларусь і сказаў, што найміты ПВК «Вагнэр» будуць працаваць у Беларусі інструктарамі і што ім прапанавалі «закінутую вайсковую частку».
  • 27 чэрвеня СМІ паведамілі пра рамонт былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну і пашырылі зьвесткі пра тое, што ў лягеры могуць разьмясьціцца баевікі ПВК «Вагнэр». Пакуль намётавы лягер не заселены.
  • 2 ліпеня адзін з тэлеграм-каналаў, зьвязаных з кіраўніком ПВК «Вагнэр», паведаміў, што праца рэгіянальных цэнтраў кампаніі ў Расеі прыпыняецца ў сувязі зь пераездам у Беларусь.
  • 6 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ніякіх «вагнэраўцаў» і кіраўніка расейскай ПВК «Вагнэр» Яўгена Прыгожына на тэрыторыі Беларусі няма. Паводле яго, пытаньне аб перадысьлякацыі і разьмяшчэньні ПВК «Вагнэр» у Беларусі пакуль ня вырашана і гэта залежыць не ад яго, а ад рашэньня расейскага боку і саміх «вагнэраўцаў».
  • Таксама Лукашэнка заявіў, што ў выпадку разьмяшчэньня ПВК «Вагнэра» на тэрыторыі Беларусі яна можа быць «выкарыстаная для абароны краіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG