Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: больш за палову палякаў нічога ня ведаюць пра падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе


Імёны палітвязьняў. Інсталяцыя ў Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Ілюстрацыйнае фота.
Імёны палітвязьняў. Інсталяцыя ў Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Ілюстрацыйнае фота.

Успрыманьне жыхарамі Польшчы Беларусі і беларусаў, якое зьмянілася ў нэгатыўны бок, зафіксавала апытаньне грамадзкай думкі «Палякі пра Беларусь і беларусаў», праведзенае на замову Цэнтру Юліюша Мерашэўскага.

Паводле дасьледаваньня, думка палякаў наконт беларусаў пагоршылася пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне. Так, калі ў 2020 годзе палякаў, якія лічаць, што беларусы прыязна ставяцца да Польшчы, было 63%, то цяпер такіх 34%. Колькасьць рэспандэнтаў, якія лічаць адносіны беларусаў да Польшчы варожымі, павялічылася больш як утрая — з 15% да 49%.

Варожым стаўленьне да Польшчы з боку беларускай дзяржавы лічаць 82% апытаных (у 2020 годзе — 31%).

У рэспандэнтаў таксама пацікавіліся «спантаннымі асацыяцыямі», якія ўзьнікаюць у іх пры згадваньні Беларусі: 22% абазначылі паняцьці «таталітарызм і аўтарытарная ўлада», яшчэ 20% — згадалі імя Аляксандра Лукашэнкі, 14% — «супрацоўніцтва (залежнасьць) ад РФ».

Адно з пытаньняў дасьледаваньня тычылася асабістага вопыту ўзаемадзеяньня палякаў зь беларусамі і Беларусьсю. Рэгулярна сочаць за беларускай тэмай, паводле лічбаў, 32%, яшчэ 29% — асабіста ведаюць беларуса ці беларуску, 9%, паводле іх прызнаньня, маюць у Беларусі знаёмых ці сяброў.

Дадзеныя паказваюць, што 55% апытаных нічога ня ведаюць пра падзеі, якія адбыліся ў Беларусі ў 2020 годзе, 19% чулі пра пратэсты, 17% — пра фальсыфікацыю вынікаў выбараў. Пры гэтым 88% апытаных заявілі, што ім вядома, хто такі Аляксандар Лукашэнка, Сьвятлану Ціханоўскую ведаюць 37%, яшчэ 35% заявілі, што «ведаюць імя, але ня ведаюць, хто гэта».

Пры гэтым 88% апытаных нэгатыўна ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі, нэўтральную пазыцыю занялі 9%, пазытыўна выказаліся 3%.

Палякі мяркуюць, што «большасьць беларускага грамадзтва праяўляе хутчэй інэртнасьць» у пытаньні расейскай агрэсіі супраць Украіны (42% апытаных), 39% апытаных выказаліся на карысьць таго, што беларусы ў асноўным супраць вайны і спачуваюць украінцам, 12% упэўненыя ў падтрымцы вайны з боку беларусаў.

На думку 43% апытаных, Польшчы трэба падтрымліваць тых беларусаў, хто пераехаў у краіну праз пагрозу палітычнага перасьледу. Яшчэ 30% мяркуюць, што падтрымліваць варта ўсіх прыежджых беларусаў, 25% лічаць, што ў беларусаў не павінна быць ніякіх прывілеяў у параўнаньні зь іншымі замежнікамі, нават у выпадку, калі беларусы ўцяклі ад перасьледу.

46% рэспандэнтаў мяркуюць, што Польшча і іншыя краіны Захаду павінны «актыўна супрацьдзейнічаць беларускаму рэжыму, падтрымліваць дэмакратычную апазыцыю», каб паскорыць зьвяржэньне дыктатуры і ня весьці зь ёю ніякага дыялёгу. Яшчэ 21% лічыць, што трэба палітычна і эканамічна ізаляваць Беларусь за саўдзел у вайне, уводзіць у дачыненьні да краіны санкцыі.

19% упэўненыя, што Захаду трэба пайсьці «на дыялёг і абмежаванае супрацоўніцтва з рэжымам» Лукашэнкі, бо толькі гэтак існуюць шанцы паўплываць на падзеі ўнутры Беларусі, у тым ліку дапамагчы польскай меншасьці, якая прыгнятаецца.

Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што стаўленьне палякаў да беларусаў пагоршылася ў сувязі з вайной і ўплывам Расеі, пры гэтым мноства падзей вакол Беларусі прывялі да яе выхаду «з зоны забыцьця» для польскага насельніцтва.

Сацапытаньне праводзілася ў сярэдзіне траўня 2023 году шляхам тэлефонных інтэрвію, удзел у ім узялі 1002 чалавекі з польскіх гарадоў і вёсак.

Цэнтар Юліюша Мерашэўскага — дзяржаўная юрыдычная асоба пад кантролем Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG