Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«„Дзікае паляваньне...“ Караткевіча натхнёнае Ўкраінай». Андрэй Хадановіч пра працу над лібрэта да опэры, якую паставяць у Лёндане


Анонс спэктакля Беларускага Свабоднага тэатра «Дзікае паляваньне караля Стаха» ў лёнданскім тэатры Барбікан
Анонс спэктакля Беларускага Свабоднага тэатра «Дзікае паляваньне караля Стаха» ў лёнданскім тэатры Барбікан

Прэм’ера опэры «Дзікае паляваньне караля Стаха» па Караткевічу адбудзецца ў сталіцы Вялікай Брытаніі. Кампазытарка — Вольга Падгайская, выканаўцы — беларус Ільля Сільчукоў і ўкраінскія артысты.

Ідэя стварэньня новай опэрнай пастаноўкі паводле аповесьці Караткевіча «Дзікае паляваньне караля Стаха» нарадзілася ў кіраўніка Свабоднага тэатру Мікалая Халезіна. Ён мяркуе паставіць спэктакль у Лёндане ў Міжнародным цэнтры мастацтва Barbikan. Прэм’ерныя паказы заплянаваныя на 14–17 верасьня 2023 году.

Анонс спэктакля Беларускага Свабоднага тэатра «Дзікае паляваньне караля Стаха» ў лёнданскім тэатры Барбікан
Анонс спэктакля Беларускага Свабоднага тэатра «Дзікае паляваньне караля Стаха» ў лёнданскім тэатры Барбікан

«Штосьці можа нагадваць рэп, хіп-хоп, сынтэз прозы і паэзіі»

Кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін прапанаваў сваёй улюбёнай кампазытарцы Вользе Падгайскай напісаць музыку, а яна папрасіла Андрэя Хадановіча зрабіць лібрэта: каб паэт ператварыў прозу Караткевіча ў вершы, якія можна сьпяваць альбо прамаўляць.

Дзейства будзе камбінаванае: частка ўдзельнікаў пастаноўкі — сьпевакі, якія будуць выконваць свае опэрныя партыі. Другая частка — драматычныя акторы, якія будуць прамаўляць дыялёгі, маналёгі, рэплікі, тлумачыць аўтар лібрэта Андрэй Хадановіч.

«Я спрабаваў пісаць так, каб адны вершы добра клаліся на музыку і сьпяваліся — яны па форме бліжэйшыя да клясычнай школьнай паэзіі. А тое, што прамаўляецца, я таксама ператвараў у вершы, рыфмаваў, але рабіў гэта больш сучасным складаным рытмам, штосьці можа нагадваць рэп, хіп-хоп, сынтэз прозы і паэзіі. Спадзяюся, усё гэта ўжывецца на адной сцэне», — мяркуе аўтар лібрэта.

Анонс спэктакля Беларускага Свабоднага тэатра «Дзікае паляваньне караля Стаха» ў лёнданскім тэатры Барбікан
Анонс спэктакля Беларускага Свабоднага тэатра «Дзікае паляваньне караля Стаха» ў лёнданскім тэатры Барбікан

Як і кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін, Андрэй Хадановіч лічыць твор Уладзімера Караткевіча надзвычай актуальным і цяпер, калі таксама вядзецца дзікае паляваньне.

«Падзеі ў Караткевіча адбываюцца ў 1880-х гадах, калі Расейская імпэрыя імкнулася зачысьціць усё культурнае, інакшае. Як у ХІХ стагодзьдзі імпэрыя зьнішчала ўсё іншай нацыянальнасьці, іншай культуры, іншай мовы, так гэта працягваецца і сёньня — што ў дачыненьні да Беларусі, што ў дачыненьні да Ўкраіны», — праводзіць аналёгіі паэт Андрэй Хадановіч.

«За перамогай чалавека над страхам ідзе і перамога над ворагам»

Яшчэ адна вельмі важная для Беларусі тэма — тэма страху і перамогі над ім. Здавалася б, усё ў аповесьці Караткевіча прасякнута страхам і містыкай, якая потым аказваецца зусім ня містыкай, а хітрымі прыдумкамі зламысьнікаў.

«Ёсьць тысяча і адзін хітры спосаб паняволіць чалавека страхам. Але адразу Караткевіч паказвае, што страх можна перамагчы. І гэта непазьбежна: за перамогай чалавека над страхам ідзе і перамога над ворагам, які гэты страх спараджае.

Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

Калі ўсё атрымаецца, опэра, з аднаго боку, можа ўразіць містычнай трылернасьцю, а з другога боку, прыўнесьці катарсіс вызваленьня ад страху, прыгнёту. Рабы, паняволеныя робяцца людзьмі свабоднымі, людзьмі, якія самі вырашаюць свой лёс. А тэма каханьня прыгнечанага, балотнага, занядбанага страхам героя, якая расквітае насуперак гэтаму ўсяму ў свабодных людзей, можа быць тэрапэўтычнай — як для беларускіх, так і для ўкраінскіх слухачоў і гледачоў», — кажа Хадановіч.

«Безумоўна, было страшна, але вочы баяцца, а рукі робяць»

На пытаньне, ці ня страшна яму было брацца за такі слынны твор Уладзімера Караткевіча — клясыка, глыбы, паэт Андрэй Хадановіч адказаў так:

«Безумоўна, было страшна, але вочы баяцца, а рукі робяць. Караткевіч — гэта такая сынтэтычная пэрсона, асоба, творца, ён напісаў цэлы канон вершаў, балядаў. Я, натуральна, перад тым як брацца за працу, не адзін раз перачытаў і аповесьць, і баляды, вершы, думаючы пра тое, а як бы сам аўтар у гэтым жанры працаваў? І спрабаваў гэтыя тэксты зрабіць па-караткевіцку. Па-другое, я імкнуўся быць блізкім да сюжэту, да рэплік, да стылістыкі, спрабаваў перанесьці ключавыя вобразы, словы, формулы, уклаўшы гэта ў вершы.

Зразумела, што жанр зусім іншы. Можна захаваць дыялёгі, але цяжэй захаваць унутраныя маналёгі. Яшчэ цяжэй перанесьці апісаньні ў тэкст, які гучыць са сцэны. Ну, і аб’ём — трэба 200-старонкавую аповесьць укласьці ў дзьвюхгадзінны сцэнічны аповед. Здаецца, гэта ўдалося», — мяркуе аўтар лібрэта новай опэры «Дзікае паляваньне караля Стаха».

У галоўнай ролі Беларэцкага — опэрны сьпявак Ільля Сільчукоў

Андрэй прызнаецца, што працаваў у шчыльным кантакце з кампазытаркай Вольгай Падгайскай, прасіў яе сыгналізаваць, калі штосьці ня так, выказваць пажаданьні, заўвагі, стараўся іх улічыць. Папраўляў, калі кампазытарцы хацелася, каб сьпявалася крыху іначай.

Выканаўцы — збольшага ўкраінскія артысты, але ў галоўнай ролі Андрэя Беларэцкага — слынны беларускі опэрны сьпявак Ільля Сільчукоў.

«Гэта ня толькі сустрэча сьпевакоў і драматычных актораў, але і сустрэча Беларусі і Ўкраіны. Апроч выканаўцы галоўнай ролі — опэрнага сьпевака Ільлі Сільчукова, некалькі іншых асноўных партый будуць выконваць украінскія сьпевакі і сьпявачкі (гэта і роля Надзеі Яноўскай, і Грыня Дубатоўка, і іншыя).

Гэта глыбока сымбалічна і павінна нас аб’ядноўваць, а не разьядноўваць. А па-другое, сама сюжэтная лінія і сама пазыцыя Караткевіча вельмі блізкая да Ўкраіны», — перакананы Хадановіч.

«Калі над сьпінамі імпэрскі бізун, няма сэнсу ў беларуска-ўкраінскіх падзелах»

На яго думку, магчыма, «Дзікае паляваньне» і не напісалася б, калі б Караткевіч не паехаў пасьля вайны вучыцца ў Кіеўскі ўнівэрсытэт імя Шаўчэнкі. Існуе вэрсія, што першы варыянт аповесьці Ўладзімер Караткевіч, натхнёны Ўкраінай, пачаў пісаць на вакацыях у Воршы пасьля першага курсу.

«Гэта відаць па спэцыфічнай лексыцы: у аповесьці шмат смачных і калярытных украінізмаў. Украіна праходзіць чырвонай ніткай праз вобраз Андрэя Сьвеціловіча, якому Караткевіч надаў аўтабіяграфічныя рысы: Сьвеціловіч вучыцца ў Кіеве, яго выганяюць з унівэрсытэту, як шмат каго зь беларускіх студэнтаў за пратэсты.

Як у 2020-м сілавікі ўрываліся ў беларускія ВНУ, так адбываецца і ў Караткевіча. Сьвеціловіч апавядае Беларэцкаму, як студэнты кіеўскага ўнівэрсытэту ладзяць сход у гонар Тараса Шаўчэнкі, куды ўзброеныя сілавікі Расейскай імпэрыі ўрываюцца і арыштоўваюць удзельнікаў. І на пытаньне пра нацыянальнасьць Сьвеціловіч адказвае, што ён украінец, хоць насамрэч ён беларус. Беларэцкі сам камэнтуе, што гэта слушна, трэба разумець, што калі над нашымі сьпінамі імпэрскі бізун, няма сэнсу ў гэтых беларуска-ўкраінскіх падзелах. Мы павінны разумець, што гэта наш агульны вораг, і быць разам. Гэта выразна гучыць у Караткевіча, мне ня трэба было нічога дапісваць, а толькі падкрэсьліць гэты матыў», — тлумачыць Хадановіч.

Хоць лексыка і падобная, фанэтыка істотна адрозьніваецца

Украінскія сьпевакі будуць выконваць опэрныя партыі па-беларуску, драматычныя акторы — прамаўляць па-беларуску. Хоць украінская і беларуская мовы лексычна вельмі падобныя, ёсьць істотныя адрозьненьні ў вымаўленьні. Наколькі цяжка ўкраінцам авалодаць беларускім маўленьнем? Паводле філёляга Андрэя Хадановіча, што тычыцца лексыкі, амаль на 90% беларусы і ўкраінцы разумеюць адзін аднаго.

«Але фанэтыка істотна адрозьніваецца, асабліва ў дзеясловах. У мяне быў досьвед перакладаньня песень для ўкраінскіх выканаўцаў. Алег Скрыпка, да прыкладу, выконваў па-беларуску „Краіну мрой“ — „Країну Мрій“ ва ўкраінскай вэрсіі. Ён сьпяваў „мнэ сьніця“. Вось у гэтым „сьніця“ адразу было чуваць, што па-беларуску сьпявае ўкраінец. Мы толькі пачынаем над гэтай праблемай працаваць.

Я ўжо начытаў некаторыя фрагмэнты лібрэта і ў фармаце МР3 паслаў файлікамі ўкраінскім калегам, каб яны слухалі, як гэта гучыць, а ня толькі чыталі тэксты і сьпявалі па нотах. Да таго ж у Варшаве неўзабаве адбудзецца рэпэтыцыйная сэсія. Акторы будуць рэпэтаваць з дырыгентамі, музыкамі, а я буду іх слухаць і падказваць, калі нешта фанэтычна пойдзе ня так», — кажа Андрэй Хадановіч.

З 14 па 17 верасьня ў Лёндане адбудзецца некалькі прэм’ерных паказаў. А вось ці ўбачаць опэру «Дзікае паляваньне караля Стаха» беларусы ў Вільні, Варшаве, іншых рэгіёнах? Тлумачыць Андрэй Хадановіч.

«Далей усё залежыць ад таго, выбухне ці ня выбухне, атрымаецца ці не, ад рэакцыі гледачоў. Ладная частка беларусаў жыве па сталіцах і іншых эўрапейскіх гарадах. Хоць і складана, але цалкам рэальна арганізаваць прэм’еры ў гарадах, дзе ёсьць беларусы і ўкраінцы — я мяркую, ім таксама гэта будзе цікава».

  • Опэра «Дзікае паляваньне караля Стаха» па матывах аповесьці Ўладзіміра Караткевіча створана кампазытаркай Вольгай Падгайскай, аўтар лібрэта — Андрэй Хадановіч.
  • Упершыню яна прагучыць у Лёндане ў верасьні 2023 году.
  • Больш за 30 гадоў таму іншую опэру на той самы сюжэт і пад той самай назвай напісаў беларускі кампазытар Уладзімер Солтан.
  • У 1980–90-я гады яна ішла на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатру опэры і балету.
  • У 2021 годзе опэру Солтана ўзнавілі на той жа сцэне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG