Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў 21 чэрвеня: Пачобута перавялі ў наваполацкую калёнію, Сацуку далі лекі


Анджэй Пачобут, архіўнае фота
Анджэй Пачобут, архіўнае фота

Паводле стану на 21 чэрвеня, беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі 1489 чалавек. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.

Журналіста Пачобута перавялі ў наваполацкую калёнію

Палітвязьня абвінавацілі паводле арт. 361 КК — заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, і арт. 130 КК — распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці. Справу ў Горадзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме разглядаў судзьдзя Дзьмітры Бубенчык. У лютым Пачобуту прысудзілі 8 гадоў калёніі. Нядаўна журналіст атрымаў намінацыю на «Майстра польскай мовы» і ляўры Акадэміі майстроў польскай мовы.

Вярхоўны суд 26 траўня разгледзеў апэляцыйную скаргу палітвязьня. Судзьдзя Ігар Любавіцкі пакінуў прысуд Пачобуту бязь зьменаў, а скаргу — без задавальненьня.

Як стала вядома праваабаронцам, адбываць тэрмін Пачобута накіравалі ў наваполацкую калёнію № 1.

Журналісту Сяргею Сацуку дазволілі ў калёніі атрымліваць неабходныя лекі

Днямі сваякі асуджанага на 8 гадоў зьняволеньня рэдактара інтэрнэт-выданьня «Ежедневник» Сяргея Сацука мелі зь ім плянавую сустрэчу ў папраўчай калёніі №15 Магілёва, піша БАЖ. Так даведаліся, што нарэшце ў Сацука вырашылася пытаньне з доступам да неабходных кардыялягічных прэпаратаў.

Сяргей Сацук мае даўнія праблемы з сэрцам, яму пажыцьцёва прапісана прымаць пэўныя лекі. Аднак яшчэ ў сьледчых ізалятарах Менску, а потым і турмы № 4 Магілёва прадстаўнікі адміністрацый адмаўлялі арыштанту ў перадачы яму рэцэптурных прэпаратаў.

У калёніі цяпер такой праблемы няма, доступ да неабходных лекаў забясьпечаны. Аднак, як адзначае БАЖ, гэта не азначае, што фізычны стан вязьня ў такіх умовах можна назваць больш-менш прымальным — сардэчныя болі, арытмія вяртаюцца штодня. Адпаведна, патрабуецца сур’ёзнае абсьледаваньне з стацыянарным доглядам.

Адзінае, у чым кіраўніцтва папраўчай установы пайшло насустрач хвораму, — перавяло яго на лягчэйшую працу. Як пажартаваў у лісьце Сяргей Сацук, цяпер ён «працуе бамжом» — двойчы на тыдзень перабірае і сартуе сьмецьце. Але прынамсі такая нагрузка куды больш бясьпечная, чым цягаць мэталалом.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG