Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адмовіла гуманітарнай місіі ААН у доступе на акупаваныя ёй падтопленыя тэрыторыі. У Крамлі патлумачылі, чаму


Валянтэры і муніцыпальныя супрацоўнікі складаюць мяхі зь целамі загінулых у выніку паводкі ў акупаванай Голай Прыстані на Херсоншчыне. 16 чэрвеня 2023
Валянтэры і муніцыпальныя супрацоўнікі складаюць мяхі зь целамі загінулых у выніку паводкі ў акупаванай Голай Прыстані на Херсоншчыне. 16 чэрвеня 2023

ААН працягне рабіць усё магчымае, каб дапамагчы людзям, якім тэрмінова патрэбна дапамога незалежна ад месца іхнага знаходжаньня.

Гуманітарная каардынатарка ААН ва Ўкраіне Дэніз Браўн заявіла, што Расея дагэтуль не дала арганізацыі доступу на акупаваныя ёй раёны Херсонскай вобласьці, дзе людзі цярпяць у выніку затапленьня пасьля зьнішчэньня Кахоўскай дамбы.

«Урад Расейскай Фэдэрацыі пакуль адхіліў нашу просьбу аб доступе да раёнаў, якія знаходзяцца пад яе часовым вайсковым кантролем. ААН працягне ўдзел у пошуку неабходнага доступу. Мы заклікаем расейскія ўлады дзейнічаць адпаведна сваім абавязаньням у міжнародным гуманітарным праве. Нельга адмаўляць у дапамозе людзям, якія маюць патрэбу», — адзначыла ў заяве Дэніз Браўн.

Гуманітарная каардынатарка ААН падкрэсьліла, што арганізацыя працягне рабіць усё магчымае, каб дапамагчы людзям, якім тэрмінова патрэбна дапамога, незалежна ад месца іхнага знаходжаньня.

Міністэрства замежных спраў Украіны і прадстаўніцтва ААН ва Ўкраіне 8 чэрвеня ўзгаднілі ўзаемадзеяньне для ратаваньня грамадзян зь левабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці, якую кантралюе Расея. За дзень да гэтага, 7 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў міжнародныя арганізацыі далучыцца да ратаваньня людзей.

«Вельмі складана гарантаваць ім бясьпеку», — сказаў Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта, камэнтуючы заяву ААН аб адмове місіі допуску на затопленыя тэрыторыі Херсонскай вобласьці, якая знаходзіцца пад кантролем Расеі.

Разбурэньне дамбы Кахоўскай ГЭС, якое адбылося 6 чэрвеня, пацягнула затапленьне значных тэрыторый ніжэй па цячэньні і абмяленьне вадасховішча вышэй. Дзясяткі населеных пунктаў затопленыя.

Калі на кантраляванай украінскімі ўладамі тэрыторыі рэгіёну эвакуацыя вядзецца пры пасярэдніцтве ратавальнікаў, паліцыі, вайскоўцаў і валянтэраў, дык на акупаваных тэрыторыях сытуацыя складаная.

У Генштабе УСУ 12 чэрвеня паведамілі, што ў затопленай Голай Прыстані Херсонскай вобласьці расейскія акупанты дазваляюць эвакуацыю грамадзян Украіны толькі пасьля «атрыманьня хабару», пры гэтым зьнішчаюць пашпарты і пасьведчаньні аб нараджэньні і іншыя дакумэнты ўкраінскага ўзору. Вайскоўцы кажуць, што мясцовых жыхароў перасяляюць у акупаваны Крым і расейскі Краснадар. Праверыць гэтыя зьвесткі зь іншых крыніц немагчыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG