Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пасьля скандалу з Аршанскім авіязаводам працягвала рамантаваць авіярухавікі на заводах «Мотор Січ»


Прэзыдэнт акцыянэрнага таварыства «Мотор Січ» Вячаслаў Багуслаев знаходзіцца пад вартай з кастрычніка 2022 году
Прэзыдэнт акцыянэрнага таварыства «Мотор Січ» Вячаслаў Багуслаев знаходзіцца пад вартай з кастрычніка 2022 году

На адным авіяцыйным рухавіку знайшлі адбіткі пячаткі «Вайсковая частка 19764». Такая вайсковая частка дысьлякуецца ў Лідзе Горадзенскай вобласьці.

Беларусь пасьля нацыяналізацыі ў 2018 годзе Аршанскага авіязаводу і крымінальных спраў супраць кіраўніцтва ўкраінскай кампаніі «Мотор Січ» працягвала рамантаваць авіяцыйныя рухавікі для вайсковых самалётаў на заводах гэтай кампаніі ў Запарожжы.

Гэта стала вядома з матэрыялаў справы супраць прэзыдэнта акцыянэрнага таварыства «Мотор Січ» Вячаслава Багуслаева, які знаходзіцца пад вартай з кастрычніка 2022 году паводле падазрэньня ў калябарацыйнай дзейнасьці і дапамозе агрэсіі Расеі.

У часе вобшукаў сьледчыя знайшлі на прадпрыемствах кампаніі сем авіяцыйных рухавікоў, на адным зь якіх (мадэль АІ-25 ТЛ) былі адбіткі пячаткі «Вайсковая частка 19764». Такая вайсковая частка дысьлякуецца ў Лідзе Горадзенскай вобласьці.

Цяпер сьледзтва правядзе агляд яшчэ некалькіх прадпрыемстваў, дзе могуць знаходзіцца іншыя рухавікі, што могуць быць доказам віны Вячаслава Багуслаева. Суд выдаў сьледчым дазвол на правядзеньне такіх працэсуальных дзеяньняў.

У судовым рашэньні з гэтай нагоды паведамляецца, што знойдзеныя рухавікі нібыта пастаўляліся на рамонт ва Ўкраіну праз кампанію «PM Technics (FZE)», зарэгістраваную ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, а ёй рухавікі перадавала расейская ТАА «Авиакомпания Волга-Днепр».

«Апроч таго, паміж ПАТ „Мотор Січ“ і Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь у асобе намесьніка начальніка штабу ўзбраеньня падпісаны кантракт аб аказаньні паслуг (выкананьні прац) па капітальным рамонце авіяцыйнага рухавіка АІ-25ТЛ», — адзначаецца ў судовым рашэньні.

Паводле сьледзтва, гэтыя рухавікі нібыта былі дастаўленыя на тэрыторыю Ўкраіны ў 2020-2021 гадах.

Што папярэднічала

Вячаслаў Багуслаеў шмат разоў абіраўся ў Вярхоўную Раду Ўкраіны ад Партыі рэгіёнаў, лідэрам якой быў Віктар Януковіч, які пасьля масавых акцыяў пратэсту ў 2013–2014 гадах уцёк у Расею.

Да красавіка 2018 году Вячаслаў Багуслаеў быў акцыянэрам беларускага ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод».

Пра неабходнасьць нацыяналізацыі Аршанскага заводу Аляксандар Лукашэнка заявіў у ліпені 2018 году, калі наведваў прадпрыемства. Ён сказаў, што нібыта «ўласьнікі адмовіліся ад заводу», і няма розьніцы, «каму належаць гэтыя акцыі, гэта наша задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальныя заробкі».

У траўні 2018 году Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу ў дачыненьні да былога гендырэктара ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» і службовых асобаў ПАТ «Мотор Січ» (Украіна).

У лютым 2019 году праваахоўныя органы Ўкраіны расьсьледавалі справу аб тым, як украінскае абароннае прадпрыемства выкарыстоўвала ў 2018 годзе Аршанскі авіярамонтны завод для незаконных паставак прадукцыі ў Расею — для грузапасажырскіх і вайсковых самалётаў. У гэты час ва Ўкраіне былі ўведзеныя санкцыі на супрацу расейскіх і ўкраінскіх прадпрыемстваў.

У верасьні 2019 году Служба бясьпекі Ўкраіны выставіла кіраўніцтву групы «Мотор Січ» падазрэньні ў падрыхтоўцы да дывэрсіі і дзяржаўнай здрады.

У кастрычніку 2022 году Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла пра затрыманьне прэзыдэнта акцыянэрнага таварыства «Мотор Січ» Вячаслава Багуслаева паводле падазрэньня ў калябарацыйнай дзейнасьці і спрыяньні дзяржаве-агрэсарцы.

Як вынікае з апублікаваных Службай бясьпекі Ўкраіны яго тэлефонных размоў з дырэктарамі расейскіх кампаній па вытворчасьці баявых верталётаў, кампанія «Мотор Січ» у часе вайны працягвала пастаўляць у Расею рухавікі. Ігнаруючы ўрадавую забарону гандлю з Расеяй, Вячаслаў Багуслаеў прапанаваў Расеі ажыцьцяўляць пастаўкі праз Харватыю і Чарнагорыю. Расея таксама абмяркоўвала магчымасьць паставак з Украіны праз Казахстан і Кіргізстан.

У траўні 2022 году Міністэрства абароны Расеі заявіла пра зьнішчэньне заводу «Мотор Січ» у Запарожжы. У тэлефонных размовах Багуслаеў казаў, што разумее бамбаваньне расейцамі ягонага заводу, і апраўдваў уварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG