Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вырак журналісту Генадзю Мажэйку пакінулі ў сіле, яму дазволілі спатканьне з роднымі


Генадзь Мажэйка
Генадзь Мажэйка

У сакавіку менскі суд пакараў яго 3 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Мажэйку застаецца адбыць 6 месяцаў зьняволеньня.

Як стала вядома Свабодзе, Вярхоўны суд Беларусі пакінуў вырак Генадзю Мажэйку ў сіле. Пасьля гэтага ён атрымаў дазвол на спатканьне з роднымі.

У сакавіку паводле артыкула 368, частка 1 Крымінальнага кодэксу («абраза прэзыдэнта») Генадзю Мажэйку прысудзілі 1,5 года пазбаўленьня волі, паводле артыкула 130 («распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці») — 2,5 года. У сукупнасьці 3 гады калёніі агульнага рэжыму.

Перасьлед Генадзя Мажэйкі

Журналіста Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021 году ў Маскве супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі РФ у аэрапорце і даставілі ў Беларусь.

Судзіць былога карэспандэнта «КП в Беларуси» пачалі 1 сьнежня, але ў працэсе былі даволі працяглыя перапынкі для дадатковых экспэртызаў.

Спачатку Мажэйку абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 у «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці» за публікацыю на сайце kp.by кароткай размовы з былой аднаклясьніцай IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ. Яна станоўча ахарактарызавала Зельцара. Публікацыя прабыла на сайце некалькі хвілін. На наступны дзень сайт kp.by заблякавалі, неўзабаве перастала выходзіць і папяровая вэрсія газэты.

Потым Мажэйку дадалі яшчэ адзін крымінальны артыкул — 368, частка 1 («Абраза прэзыдэнта»). Падчас ператрусу ў кватэры знайшлі дыктафон, дзе быў стары працоўны запіс 2020 году з сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерам Варанецкім, на якой чуваць чыюсьці рэпліку на адрас Лукашэнкі.

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, гэты голас належаў самому Генадзю Мажэйку. Адвакат і калегі знайшлі відэазапіс сустрэчы і настаялі на паўторнай судовай фанаскапічнай экспэртызе. Ужо ў сакавіку два экспэрты на судзе паведамілі, што «пэўных пацьверджаньняў ідэнтычнасьці голасу няма». Аднак гэта не пераканала судзьдзю Фалькоўскую. Як і відэазапіс сустрэчы, на якім было бачна, што рэпліку прамаўляў сівы чалавек сталага веку, а не журналіст, які моўчкі працаваў з ноўтбукам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG