Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне праз адсутнасьць прысяжных суд пачне паўторны разгляд справы аб забойстве Шарамета


Помнік Паўлу Шарамету на месцы ягонага забойства ў Кіеве. Архіўнае фота
Помнік Паўлу Шарамету на месцы ягонага забойства ў Кіеве. Архіўнае фота

Першае пасяджэньне, як паведаміла ўкраінскае судовае выданьне «Грати», адбудзецца 23 чэрвеня.

Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева пачне наноў разглядаць справу аб забойстве ў 2016 годзе журналіста Паўла Шарамета.

У 2020 годзе пракуратура абвінаваціла ў забойстве Паўла Шарамета вайскоўца і музыку Андрэя Антоненка, дзіцячага кардыёляга-хірурга Юлію Кузьменку і вайсковую мэдсястру Яну Дугар. Пасьля расейскага ўварваньня 24 лютага 2022 году супраць іх скасавалі абмежавальныя захады і яны цяпер працягваюць дапамагаць і ваяваць у войску.

Новы разгляд справы зьвязаны з тым, што суд быў вымушаны сфармаваць новы склад прысяжных судзьдзяў, бо зь мінулага складу двое выбылі — адзін мабілізаваўся, а другая выехала з Украіны.

Першае пасяджэньне, як паведаміла ўкраінскае судовае выданьне «Грати», адбудзецца 23 чэрвеня.

Да гэтага суд разглядаў справу амаль тры гады і цяпер, у сувязі з фармаваньнем новага складу прысяжных, яго вынікі абнуліліся.

Справа аб выканаўцах рассыпалася ў судзе

У сьнежні 2019 году кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў і Генэральнай пракуратуры ў прысутнасьці прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага гучна заявілі аб раскрыцьці справы і затрыманьні трох падазраваных: Андрэя Антоненку (музыкі, добраахвотніка, службоўца Сілаў спэцыяльных апэрацый Узброеных сілаў Украіны), Юліі Кузьменкі (хірурга-кардыёляга, вайсковай лекаркі, якая працавала ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны) і Яны Дугар (вайсковай мэдсястры).

Андрэя Антоненку і Юлію Кузьменку працяглы час утрымлівалі ў сьледчым ізалятары, але ў 2020-м вызвалілі пад хатні арышт. Яна Дугар ад пачатку атрыманьня падазрэньня знаходзілася пад начным хатнім арыштам.

Справа разглядалася ў судзе, але да разгляду па сутнасьці так і не дайшло. Пераважна разглядаліся хадайніцтвы сьледзтва аб падаўжэньні захадаў папярэдняга трыманьня для падазраваных. Апошні раз сёлета ў студзені суд падоўжыў начны хатні арышт для Андрэя Антоненкі і Юліі Кузьменкі, але на наступнае пасяджэньне не прыйшлі пракуроры, таму ўжо ў красавіку абмежаваньні аўтаматычна былі скасаваныя.

Што праўда, усе фігуранты гэтай справы так і не атрымалі пакуль адказу на пытаньне, ці застаюцца яны падазраванымі.

Цяпер Андрэй Антоненка і Яна Дугар вярнуліся ў войска, а Юлія Кузьменка працягвае апэраваць дзяцей і дапамагаць фронту.

Экс-міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў пасьля сваёй адстаўкі пачаў сьцьвярджаць, што падазраваныя ў забойстве журналіста Паўла Шарамета маглі супрацоўнічаць з СБУ і ня ведаць, супраць каго іх выкарыстоўваюць у падрыхтоўцы і арганізацыі злачынства.

Справу аб арганізатарах вылучылі ў іншае вядзеньне

У чэрвені 2020 году справу аб арганізатарах, заказчыках і мэханізмах выкананьня злачынства іншымі саўдзельнікамі адасобілі ад справы аб выканаўцах (ад справы Антоненка, Кузьменкі і Дугар. — РС).

Гэта адбылося пасьля абнародаваньня аўдыёзапісаў размовы 2012 году з удзелам асобы, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. У размове гаворка ішла аб падрыхтоўцы ліквідацыі апанэнтаў беларускай улады, у тым ліку і Паўла Шарамета.

Тады ж сьледзтва заявіла аб актыўным вывучэньні імавернага «беларускага сьледу», паводле матэрыялаў, якія ўкраінскаму сьледзтву перадаў былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар. Яго таксама дапыталі і далучылі ў якасьці сьведкі. Атрыманыя ад яго аўдыёзапісы размоў у КДБ Беларусі перадалі на фонаскапічную экспэртызу.

Але дагэтуль сьледзтва нічога не паведаміла ні аб выніках экспэртызы, ні аб прасоўваньні ў расьсьледаваньні «беларускага сьледу».

У справе сотні тамоў

Цяпер у справе пра забойства Паўла Шарамета налічваецца больш за 200 тамоў з матэрыяламі.

Гэта ўжо больш, чым было ў справе пра забойства ў 2000 годзе журналіста выданьня «Українська правда» Георгія Гангадзэ. У 2008 годзе асудзілі трох выканаўцаў гэтага злачынства — аднаго на 13 гадоў зьняволеньня, двух — на 12 (яны былі затрыманыя ў 2005-м). Яшчэ аднаго забойцу — былога начальніка галоўнага ўпраўленьня крымінальнага вышуку МУС генэрала Аляксея Пукача — затрымалі ў 2009 годзе, а ў 2013 годзе яго асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне. Заказчыкаў забойства не знайшлі.

Ці захаваліся матэрыялы справы

У ліпені стала вядома, што ў першыя дні вайны, калі расейскія войскі актыўна прасоўваліся ў кірунку Кіева, Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў зьнішчыла матэрыялы рэзанансных крымінальных спраў — у дачыненьні да прэзыдэнта-ўцекача Віктара Януковіча, колішніх міністраў абароны Дзьмітрыя Саламаціна і Паўла Лебядзева, экс-кіраўнікіа Службы бясьпекі Аляксандра Якіменкі.

Свабода зьвярталася з афіцыйным запытам у Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны, каб даведацца аб расьсьледаваньні забойства Паўла Шарамета і ці не былі зьнішчаныя матэрыялы гэтай крымінальнай справы, але адказу дагэтуль не атрымала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG