Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінімум 5 сьмерцяў, мільярдныя даўгі і разрыў кантракту з інвэстарам. Успамінаем гісторыю Сьветлагорскага кардоннага камбінату


Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, архіўнае фота
Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, архіўнае фота

Камбінат пабудавалі са спазьненьнем на пяць гадоў, прадпрыемства мае 2,3 млрд рублёў даўгоў. На ім працуюць 2677 чалавек.

На Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце 7 чэрвеня адбыўся выбух. Паводле папярэдняй інфармацыі, сама меней тры чалавекі загінулі, чацьвёра атрымалі раненьні.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, 7 чэрвеня ратавальнікі атрымалі паведамленьні пра ўспышку газапаветранай сумесі без наступнага гарэньня на тэрыторыі Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату і выехалі на месца здарэньня. Так паведамілі ў МНС Беларусі. Падчас пошукава-выратавальных работ на месцы аварыі знойдзеныя парэшткі, як мяркуецца, трох чалавек.

Крыніца Свабоды са Сьветлагорску сьцьвярджае, што гэта былі маладыя людзі, якія акурат працавалі на зьмене падчас здарэньня.

Як паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя, раненьні ў выніку выбуху атрымалі яшчэ чатыры чалавекі (1985–1996 гадоў нараджэньня).

«Ва ўсіх дыягнаставаныя павярхоўныя раны галавы і павярхоўныя апёкі рук. Брыгады хуткай мэдычнай дапамогі аказалі ім дапамогу на месцы, ад шпіталізацыі пацярпелыя адмовіліся», — паведамляе прэс-служба міністэрства.

«Выбух быў чуваць у суседняй з заводам вёсцы Якімава Слабада. Людзі папужаліся вельмі», — расказала крыніца Свабоды.

Паводле інфармацыі іншай крыніцы, «узарваўся чан з талевай алівай».

«Выбух быў такі, нібыта бомба ўпала. Дарэчы, той чан ужо ўзрываўся ў 2020 годзе, тады загінулі людзі», — дадала крыніца.

Гэта далёка ня першыя трагічныя здарэньні на сьветлагорскім прадпрыемстве, за час ягонага існаваньня там загінулі сама меней пяць чалавек. Успамінаем гісторыю заводу.

Як усё пачыналася

Доўгі час Беларусь імпартавала беленую цэлюлёзу, гэта важная сыравіна для вытворчасьці паперы. На базе Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату вырашылі наладзіць сваю вытворчасьць гэтага рэчыва.

У кастрычніку 2010 году ўлады Беларусі падпісалі кантракт з кітайскай фірмай САМСЕ на будаўніцтва заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы. На будаўніцтва Сьветлагорскага ЦКК урад патраціў $850 млн, зь іх $654 млн узялі ў крэдыт у кітайскіх банкаў.

Здарэньні і сьмерці

У 2020 годзе завод яшчэ не выйшаў на поўныя магутнасьці, але там адбылося адразу некалькі трагічных здарэньняў. 30 ліпеня адбылася аварыя, падчас якой пацярпелі два рабочыя. Адзін зь іх, кваліфікаваны зваршчык Аляксей Сасноўскі, неўзабаве памёр.

19 кастрычніка гэтага ж году на заводзе адбыўся выбух і пачаўся пажар. У выніку здарэньня загінуў яшчэ адзін зваршчык, Аляксандар Русіновіч.

16 студзеня 2021 году два рабочыя атруціліся на заводзе хлёрам, абодва апынуліся ў лякарні.

У 2022 годзе на камбінаце адбыўся пажар, гарэлі адыходы дранкі і пілавіньне.

Такім чынам, з улікам усіх здарэньняў, на заводзе загінулі сама меней пяць чалавек, каля дзесяці атрымалі розныя траўмы.

Сотні скаргаў і ніякай рэакцыі

Мясцовыя жыхары з 2017 году пачалі скардзіцца на смурод ад камбіната і кепскае самаадчуваньне ад бруднага паветра.

«Удыхаючы забруджанае паветра, якое паступае з заводу беленай цэлюлёзы з канца 2017 году, — апісвалі мясцовыя жыхары сытуацыю, — мы адчуваем недамаганьне, дзярэньне ў горле, галаўны боль, крывацёк з носу, млосьць, алергію, стомленасьць. Апроч смуроду, мы назіраем, як нейкія вадкія хімічныя рэчывы праз стары прамысловы канал прадпрыемства „Хімвалакно“ скідаюць у раку Бярэзіну, пра што сьведчаць бура-чорны колер вады і вялікая колькасьць брудна-шэрай пены і мёртвай рыбы».

У Сьветлагорску з гэтай нагоды ўтварылася экалягічная ініцыятыўная група, якая займалася праблемамі заводу. Кіраўніца ініцыятыўнай групы, праваабаронца Алена Масьлюкова кажа, што яны напісалі чыноўнікам больш за сотню скаргаў.

«Там сотні зваротаў, мы атрымлівалі адпіскі зь дзяржаўных устаноў. Мы езьдзілі на прыём да міністра прыродных рэсурсаў, да галоўнага санітарнага доктара, да старшыні канцэрну „Беллеспаперапрам“ Назарава. Наша экалягічная група шмат чаго рабіла, каб мінімалізаваць шкодныя выкіды. Мы казалі, што наступствы будуць кепскімі, так і атрымалася», — гаворыць Алена Масьлюкова.

Смурод ад заводу мясцовыя жыхары адчуваюць і цяпер, апошні выпадак — незадоўга да аварыі 7 чэрвеня, сьцьвярджае Масьлюкова.

«Людзі па-ранейшаму мне паведамляюць пра такія выпадкі. Апошнія выкіды былі ўвечары і ўначы 6 чэрвеня, напярэдадні выбуху», — гаворыць праваабаронца.

Фінансавыя «посьпехі»

У 2016 годзе Сьветлагорскі ЦКК увайшоў у дзясятку самых стратных кампаній краіны, заняўшы ў ёй другое месца (на першым апынуўся «Гомсельмаш»).

Чыстыя страты Сьветлагорскага ЦКК за 2018 год склалі 206 795 700 рублёў і павялічыліся ў параўнаньні з 2017 годам у чатыры разы.

З 2019 году заводу пакінулі кітайскія інвэстары. Прычынамі назвалі будаўніцтва з адставаньнем, парушэньне будаўнічых нормаў, факты пастаўкі бракаванага абсталяваньня. Кітайскія падрадчыкі ў выніку адмаўляліся ўводзіць завод у эксплюатацыю. Кантракт скасавалі, і даводзіць завод да ладу давялося ўжо беларусам.

Да верасьня 2019 году высьветлілася, што для заводу так і не распрацавалі мэтодыкі вымярэньня шкодных выкідаў. У 2020 годзе яго ўвялі ў эксплуатацыю, але прадпрыемства так і не выйшла на праектныя магутнасьці, якія абяцалі яшчэ ў 2015 годзе. Не працуе яно на поўную магутнасьць і цяпер.

Чыстыя страты заводу за 2020 год — 72 мільёны рублёў.

Апошняя фінансава-эканамічная справаздача са Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату датуецца 2021 годам. Паводле яе, завод у 2021 годзе меў прыбытак на 9 мільёнаў рублёў пры доўгатэрміновых даўгах на 2,3 мільярда рублёў і непакрытых стратах у 517 мільёнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG