Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаго пра сьмерць думаць?». Добраахвотнік «Вітаўт» пра сьмерць на вайне, камандзіра «Брэста» і сямейныя стасункі


Віталь «Вітаўт» Лакотка. Архіўнае фота
Віталь «Вітаўт» Лакотка. Архіўнае фота

Віталь «Вітаўт» Лакотка двойчы езьдзіў на вайну ва Ўкраіну. У размове са Свабодай ён расказвае пра тое, як падтрымліваць адносіны зь сям’ёй на адлегласьці і як пачуваецца, абстрэльваючы іншых людзей.

Віталю Лакотку 40 гадоў. Раней жыў у Менску, быў прадстаўніком ініцыятывы «Гавары праўду». У 2019 годзе зьехаў у Польшчу з асабістых прычын. Пасяліўся ў Лодзі, працаваў мантажнікам мэталяканструкцый.

У пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Віталь са сваёй сяброўкай жыцьця Яўгеніяй некалькі тыдняў валянтэрылі на мяжы з Украінай, дзе было шмат уцекачоў. Тады ён задумаўся, што яшчэ можа зрабіць у гэтай сытуацыі.

«Гэта (вайна. — РС) было катастрофай для кожнага нармальнага чалавека. Пачала зьяўляцца інфармацыя, што беларусы могуць паехаць ва Ўкраіну ваяваць. Праз знаёмых я знайшоў кантакты з каліноўцамі. Я сьпісаўся, мяне праверылі, і прыкладна ў сакавіку я трапіў у полк», — расказвае Віталь.

Кажа, што ваганьняў, ісьці або не, у яго не было. Рашэньне прыняў хутка. Яўгенія ж моцна перажывала. Віталь на той момант быў адзіным працоўным чалавекам у сям’і. Жанчына заставалася ў чужой краіне адна зь дзецьмі. Яны дамовіліся, што, як толькі ёй стане надта трывожна чакаць яго, Віталь адразу звольніцца з войска і вернецца ў Польшчу.

Віталь «Вітаўт» Лакотка
Віталь «Вітаўт» Лакотка

«„Брэст“ заўсёды знаходзіў час, каб удзяліць увагу кожнаму байцу»

Лакотка каля двух тыдняў праходзіў падрыхтоўку, а потым служыў у мінамётным разьліку ў роце цяжкага ўзбраеньня. Амаль увесь свой першы этап ён быў у камандзе «Брэста» (Іван «Брэст» Марчук, загінуў у чэрвені пад Лісічанскам. — РС). Прыкладна праз два месяцы службы вярнуўся з чарговага баявога заданьня, патэлефанаваў Яўгеніі і зразумеў, што мусіць ехаць да яе.

«Я падышоў да „Брэста“, мы абмеркавалі гэтую сытуацыю. Ён сказаў, што няма праблемы ў гэтым, ён зразумеў. Пажадаў мне ўдачы», — успамінае Віталь. Ён апісвае свайго першага камандзіра як ня толькі мужнага і брутальнага чалавека, але адначасна як уважлівага, чуткага, клапатлівага.

«Ён заўсёды знаходзіў час, каб удзяліць увагу кожнаму байцу. Ён уважліва выслухоўваў і спрабаваў вырашыць праблему кожнага», — успамінае суразмоўца.

Добраахвотнік характарызуе «Брэста» і як добрага прафэсіянала.

«Кожную задачу ён плянаваў так, каб было як найменш стратаў. Людзі ведалі, што калі на задачу едзе „Брэст“, то ўсё будзе добра. Людзі ішлі за ім, давяралі яму за адкрытасьць, за прафэсіяналізм, за чульлівасьць. Ён не паказваў перад калектывам сваіх праблем, хаця ў яго таксама былі сваякі, жонка, але ён не хацеў нагружаць псыхалягічна байцоў», — апісвае «Брэста» Віталь.

Віталь «Вітаўт» Лакотка
Віталь «Вітаўт» Лакотка

«Дзесяць хвілін працуем, вельмі хутка зьбіраемся і зьяжджаем»

На 10 месяцаў Віталь вярнуўся ў Польшчу, каб вырашыць пытаньні з дакумэнтамі. За гэты час Яўгенія скончыла курсы, знайшла працу, перастала так моцна фінансава залежаць ад свайго партнэра. І Віталь зноў паехаў на вайну. Кажа, што вяртацца яму было лёгка.

«Рашэньне я ўжо прыняў. Толькі чакаў, калі вырашацца пытаньні ў Польшчы. Я разумеў, што чым больш людзей будзе ў шэрагах на баку Ўкраіны, тым хутчэй скончыцца вайна», — тлумачыць ён, чаму пайшоў ваяваць.

Баец апісвае спэцыфіку мінамётных войскаў. Яны працуюць на досыць вялікай дыстанцыі, калі няма форс-мажорных абставінаў. Ня маюць прамога кантакту з праціўнікам, няма бліжняга бою на 20-100 мэтраў.

«Нашая задача спачатку зрабіць выведку, выбраць пазыцыю, зь якой будзем працаваць. Ставіцца задача, даюцца каардынаты. Выяжджаем, гадзіна на падрыхтоўку, 10 хвілін працуем, вельмі хутка зьбіраемся і зьяжджаем. Вось нашая праца», — тлумачыць мінамётнік.

Віталь ня ведае дакладна, ці ён забіваў людзей. Магчыма, што так, але прамых доказаў няма.

«Мне жывецца нармальна. Гэтыя людзі зрабілі сьвядомы выбар. Яны ведалі, куды яны ідуць і навошта. У мяне толькі ёсьць адчуваньне, што мы робім недастаткова, бо яны (расейскія вайскоўцы. — РС) забіваюць мірных людзей, гвалтуюць, крадуць дзяцей. У мяне ёсьць уражаньне, што калі б мы працавалі часьцей, то больш бы выжыла мірнага насельніцтва, былі б жывыя вайскоўцы, якія загінулі», — адказвае Віталь, як рэагуе на сьмерць праціўніка.

«Чаго пра сьмерць думаць?»

Суразмоўца расказаў пра адно з самых значных і небясьпечных сваіх заданьняў. Іхнае падразьдзяленьне ўтрымлівала ўчастак фронту.

«Мы 15 дзён жылі на ўскрайку лесу, у вялікай вадасьцёкавай трубе. Па нас увесь час вялі абстрэлы зь цяжкага ўзбраеньня. Па нас працавалі мінамёты, „Грады“. Мы ж павінныя былі назіраць за рухам праціўніка. Было страшна. Гэта быў звычайны чалавечы страх за сваё жыцьцё ў моманце. Абстрэл скончыўся — усе жывыя, здаровыя, малайцы. Жывём далей, працуем далей», — апісвае Віталь.

На пазыцыі, фота Віталя Лакоткі
На пазыцыі, фота Віталя Лакоткі

На пытаньне, ці рыхтаваўся ён сам паміраць на вайне, адказвае: «Заўжды». Але адзначае, што ягонае стаўленьне да сьмерці не памянялася.

«Чаго пра сьмерць думаць? Гэта не дапамагае вырашаць баявыя задачы. Галоўнае, каб нашыя блізкія менш пра гэта думалі», — мяркуе ён.

Віталь заўважае, што ягонае жыцьцё асабліва не памянялася за час вайны.

«У Беларусі я займаўся грамадзкай дзейнасьцю, дапамагаў іншым людзям. І цяпер працягваю гэта рабіць», — кажа ён.

Ягоны дзень на вайне таксама часта выглядае, як дзень у даваенным жыцьці.

«У нас няма часу пад’ёму і адбою. Нашае падразьдзяленьне знаходзіцца троху асобна ад іншых. Калі ў дзень няма баявой задачы, кожны сам па сабе і займаецца тым, чым лічыць патрэбным. Чытаем кніжкі, займаемся спортам, размаўляем, фільмы глядзім, ямо, сьпім. Выяжджаем на самападрыхтоўку ў мінамётнай справе», — апісвае ён свой дзень.

Добраахвотнік кажа, што ён за гэты час не расчараваўся ў вайсковай службе ва Ўкраіне.

«Расчараваньне толькі ў тым, што ідзе ўжо другі год вайны, а вайна яшчэ ня скончылася», — камэнтуе ён.

«Я вельмі ўдзячны Яўгеніі. Сто мільёнаў разоў»

На вайне байцы знаходзяцца ў закрытай групе амаль увесь час побач. Аднак Віталь кажа, што гэта не перашкаджае сябраваць, ладзіць адзін з адным.

«Мы знаходзімся ў не зусім нармальных умовах. Мы можам пасварыцца, пакрычаць, і гэта нармальна. Выкід нэгатыўнай энэргіі неабходны кожнаму. Але паміж намі няма „гульняў за сьпінай“, каб хтосьці кагосьці абгаворваў. Мы знаходзімся ў адным разьліку. Жыцьцё кожнага залежыць ад другога. Калі будзе нянавісьць, такі чалавек можа падвесьці ўвесь калектыў», — кажа Віталь.

Ён кажа, што і сямейныя адносіны можна падтрымліваць на адлегласьці. Лягчэй гэта рабіць, калі сужэнцы або партнэры падобным чынам глядзяць на сытуацыю і на жыцьцё агулам.

«Заўжды трэба казаць „шчыры дзякуй“ жанчыне, бо для яе гэта больш складанае псыхічнае выпрабаваньне, чым для нас. Яна ня ведае, мы цяпер у бясьпецы ці не. Жанчыны могуць думаць, што ў нас усё нашмат больш небясьпечна, чым яно ёсьць папраўдзе. Таму яны больш схільныя да стрэсу», — тлумачыць Віталь.

Летась у іх на вайне была горшая сытуацыя з сувязьзю. Было небясьпечна падключаць інтэрнэт, але пры гэтым трэба было хоць часам паведамляць блізкім, што жывыя.

«Гэта цяжка, але гэта можна перажыць. Хай гэта будзе самы вялікі наш унёсак у гэтую перамогу. Яўгенія для мяне сапраўдная гераіня, бо вытрымлівае гэты стрэс, засталася адна з дваімі дзецьмі. Я проста захапляюся ёй. Я вельмі ёй удзячны. Сто мільёнаў разоў», — прызнаецца Віталь.

«Я ня буду заставацца тут сьвяткаваць»

Добраахвотнік мяркуе, што праблемы беларусаў на вайне не такія, як ва ўкраінцаў.

«У нас узьнікаюць юрыдычныя пытаньні празь беларускі пашпарт. Нават калі я служу ва Ўзброеных сілах Украіны, я не магу адкрыць на сябе банкаўскі рахунак, бо ён у любы момант можа быць заблякаваны», — камэнтуе Віталь.

Татуіроўка Віталя
Татуіроўка Віталя

Ён расказаў, што цяпер ва Ўкраіне, Польшчы і Літве яны з паплечнікамі ствараюць асацыяцыю беларусаў, якія вярнуліся з вайны. Мэта арганізацыі — дапамагчы вэтэранам вярнуцца да звычайнага жыцьця, каб яны не заставаліся сам-насам са сваімі праблемамі. Віталь кажа, што ягоныя пабрацімы ніколі не папракалі яго за тое, што ён беларус.

«Калі мы гаворым пра ўкраінцаў, якія знаходзяцца ў Эўропе і мяне папракаюць, то я заўжды ім прапаноўваў: „Паехалі разам са мной абараняць тваю радзіму. Я гэта рабіў. А дзе ты знаходзісься?“» — камэнтуе ён.

Калі і як скончыцца для яго вайна, Віталь ня ведае. Мяркуе, што гэта можа адбыцца ў адзін момант.

«Зразумела, мне б хацелася, каб гэта скончылася праз тыдзень-два, празь месяц. Як мага хутчэй. Я не магу рабіць прагнозаў. Гісторыя вайны скончыцца для беларусаў з падзеньнем рэжыму і вызваленьнем Беларусі», — кажа ён.

Першай справай пасьля перамогі Ўкраіны ён плянуе звольніцца з украінскага войска і паехаць да сям’і ў Польшчу.

«Першы ці другі дзень пасьля перамогі я хачу сустрэць зь сям’ёй і дзецьмі. Я ня буду заставацца тут сьвяткаваць. Калі гаворка ідзе пра падзеньне рэжыму ў Беларусі, то мы вырашым юрыдычныя пытаньні ў Польшчы, зьбяромся і паедзем дадому, каб адзначыць перамогу ў Менску на галоўнай плошчы з блізкімі», — дадае ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG