Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары «Ралан Гарос» абараняюць Арыну Сабаленку ад пытаньняў пра Лукашэнку і вайну


Арына Сабаленка
Арына Сабаленка

Беларуская тэнісістка ў Парыжы пачала хавацца ад увагі журналістаў.

У Парыжы праходзіць прэстыжны тэнісны турнір «Ралан Гарос», адзін з самых статусных у сьвеце. Пасьля трэцяга раўнду спаборніцтваў беларуска Арына Сабаленка не прыйшла на агульную прэс-канфэрэнцыю для ўдзельнікаў. Але неўзабаве склікала прэс-канфэрэнцыю для «выбраных» журналістаў.

Сваю адсутнасьць на агульнай сустрэчы Сабаленка патлумачыла дыскамфортам, які адчувае, кепскім мэнтальным станам. Журналісты, аднак, заўважылі, што адбылося гэта акурат пасьля таго, як украінская журналістка Дар’я Мешчаракова спытала ў Арыны Сабаленкі пра падтрымку дыктатуры на радзіме і расейскай вайны супраць Украіны.

На абодва пытаньні тэнісістка адказала аднолькава: «у мяне няма для вас камэнтароў».

Пытаньне пра Сабаленку задалі польскай тэнісістцы Ізе Сьвёнтэк, якая раней выказвалася ў падтрымку Ўкраіны. Але калі Сьвёнтэк пачала адказваць, што пакуль мае толькі інфармацыю пра тое, што беларуска адчувае дыскамфорт, вядоўца прэс-канфэрэнцыі абарвала польку і заявіла, што мерапрыемства скончанае. Пры гэтым прэс-канфэрэнцыя толькі пачалася, і многія журналісты не пасьпелі задаць пытаньні, якія мелі.

Арына Сабаленка ў 2020-м годзе пасьля народных пратэстаў супраць дыктатуры на радзіме падпісала ліст у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і паўдзельнічала зь ім у балі на Новы 2021 год. Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, Сабаленка паабяцала ў адказ на пытаньне журналістаў адзець жоўта-блакітную бутаньерку ў падтрымку Ўкраіны, але не зрабіла гэтага і расейскую агрэсію не асудзілі, абмяжоўваючыся толькі фразамі, што яна «супраць вайны».

Шэраг тэнісістак, перадусім украінскіх, адмаўляецца паціскаць Сабаленцы руку пасьля матчаў. Беларуска сутыкнулася зь вялікім ціскам прэсы з гэтай нагоды, але працягвае заяўляць, што ня можа ні на што паўплываць.

На «Ралан Гарос» адбыўся яшчэ адзін канфлікт, зьвязаны з вайной ва Ўкраіне. 37-гадовая эстонская тэнісістка Кая Канэпі заявіла, што не падтрымлівае ігнараваньне расейскіх і беларускіх тэнісістак, бо «не праводзіць падзелаў паміж людзьмі і ня ўмешваецца ў палітыку». У адказ на гэта шэраг СМІ Эстоніі заявіў пра салідарную пазыцыю ігнараваць гульню Капэпі і больш не пісаць пра яе нічога.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG