Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка ў Кіеве заклікаў Украіну расьсьледаваць ваенныя злачынствы Лукашэнкі супраць украінскіх дзяцей


Павел Латушка. Архіўнае фота
Павел Латушка. Архіўнае фота

«Наша мэта — выдача ордэру на арышт Лукашэнкі. Мы робім гэта, базуючыся на тых фактах і матэрыялах, якія ўтрымлівае наша справаздача», — заявіў Павал Латушка.

31 траўня кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ), намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) Павал Латушка перадаў у Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны справаздачу аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі, іх пераадукацыі і перавыхаваньні паводле прынцыпаў «русского мира».

«Наша мэта — выдача ордэру на арышт Лукашэнкі. Мы робім гэта, базуючыся на тых фактах і матэрыялах, якія ўтрымлівае наша справаздача», — заявіў Павал Латушка 31 траўня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

Паводле Латушкі, у дасьледаваньні ўдалося дакладна вызначыць, што «Лукашэнка асабіста падпісвае дакумэнты ў рамках так званай „саюзнай дзяржавы“ аб фінансаваньні дзеяньняў, зьвязаных зь перамяшчэньнем украінскіх дзяцей з тэрыторыі Ўкраіны ў Беларусь».

Павал Латушка паведаміў, што гаворка ідзе пра як мінімум 2150 дзяцей, незаконна вывезеных з акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый спачатку ў Растоў, а адтуль — у Беларусь. Дасьледнікі таксама змаглі дакладна вызначыць шляхі перамяшчэньня 12 украінскіх сірот. Інфармацыю менавіта пра гэтых дзяцей перадалі пракурорам Украіны.

«Мы вызначылі, што зь бюджэту „саюзнай дзяржавы“ мэтанакіравана выдаткоўваюцца сродкі на правядзеньне гэтых незаконных дзеяньняў, злачынстваў. Гэта як мінімум 19 мільёнаў расейскіх рублёў. І гэтае рашэньне падпісвае Лукашэнка», — дадаў кіраўнік НАУ.

Ён назваў тры лягеры, у якія прывозяць украінскіх дзяцей, — гэта санаторый «Залатыя пяскі» (Гомельскі раён), санаторый «Астрашыцкі Гарадок» (Менскі раён) і лягер «Дубрава» (Салігорскі раён, належыць ААТ «Беларуськалій»).

«Ёсьць усе падставы пачаць расьсьледаваньне ў дачыненьні да грамадзяніна Лукашэнкі паводле фактаў ваенных злачынстваў супраць украінскіх дзяцей», — заявіў Павал Латушка.

У сваю чаргу дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Багдан Ярэменка (фракцыя «Слуга народу») заявіў, што ў часе сустрэч беларускай дэлегацыі з прадстаўнікамі ўкраінскай улады вызначаны асноўныя кірункі, па якіх магчыма супрацоўніцтва.

Дэпутат лічыць неабходным перагледзець ва Ўкраіне стаўленьне да падзей у Беларусі і далучыцца да вызваленьня палітычных вязьняў.

«У Беларусі частка з тых 5 тысяч беларусаў, якія зьяўляюцца палітвязьнямі, адбываюць сваё пакараньне за падтрымку Ўкраіны. Мова ідзе пра беларускіх партызан, якія пацярпелі за тое, што стрымлівалі расейскую агрэсію шляхам арганізацыі пэўных захадаў, якія замаруджвалі рух расейскіх калён, стваралі іншыя праблемы. Гэта людзі, якія абралі зусім нямірныя формы пратэсту», — патлумачыў Багдан Ярэменка.

«Мы не павінны заставацца абыякавымі да лёсу гэтых людзей, разумеючы, што беларускі рэжым зьяўляецца рэжымам палітычных канібалаў, у краіне адноўленае сьмяротнае пакараньне. Гэта ня толькі барацьба беларускага народу. Гэта для нас таксама важна, як і барацьба на лініі фронту з расейскімі акупацыйнымі войскамі», — падкрэсьліў дэпутат.

Багдан Ярэменка таксама дадаў, што ўвядзеньне санкцый супраць адказных асобаў Беларусі не павінна быць «галаўным болем» беларускай апазыцыі, а інтэграванай часткай украінскай палітыкі санкцый.

Латушка сустрэўся з дарадцам Офіса прэзыдэнта Ўкраіны

Таксама Павал Латушка ў Кіеве сустрэўся з дарадцам Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаілам Падаляком.

«Дзякуй, Міхаіл Падаляк, за сустрэчу, канструктыўны дыялёг і разуменьне стратэгіі. Мы, «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне», заўсёды выступаем за Ўкраіну і ўкраінцаў. Мы верым у перамогу Ўкраіны і ў свабодную незалежную эўрапейскую будучыню для Беларусі», — напісаў Латушка ў Твітэры па выніках сустрэчы.

Падрабязнасьці перамоваў не паведамляюць.

У сакавіку Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Акрамя таго, ордэр выдадзены на ўпаўнаважаную па правах дзіцяці ў Расеі Марыю Львову-Бялову. МКС падазрае абаіх ва ўчыненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўных дэпартацый і перамяшчэньня насельніцтва, у прыватнасьці дзяцей, з акупаваных тэрыторый Украіны. Міжнароднае права можа расцэньваць гэта як генацыд.

Паводле папярэдніх ацэнак Украіны, Расея незаконна вывезла 19 484 украінскіх дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG