Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абельская стане міністаркай? Што стаіць за «стэндапам» Лукашэнкі і як унутры сыстэмы спрабуюць спыніць катастрофу ў мэдыцыне


Ірына Абельская, мэдыцына, каляж
Ірына Абельская, мэдыцына, каляж

Як сьцьвярджаюць крыніцы Свабоды ў мэдычных колах, пэўныя людзі ва ўладзе адчуваюць катастрафічную сытуацыю ў сыстэме аховы здароўя ад масавага ад’езду, звальненьняў і рэпрэсій лекараў і спрабуюць зрабіць захады, каб палепшыць сытуацыю.

Гэта і істотнае павелічэньне заробкаў мэдыкам, якое ўжо адбылося, і заплянаваныя рэформы, і нават імаверны пераход да страхавой мэдыцыны. Таксама абмяркоўваюцца зьмены ў кіраўніцтве Міністэрства аховы здароўя, і адной з самых верагодных кандыдатак на пасаду міністра называюць Ірыну Абельскую, галоўную доктарку Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру («лечкамісіі»).

Пра гэта Свабодзе на ўмовах ананімнасьці расказалі мэдыкі, якія працуюць у розных мэдычных установах Беларусі на розных пазыцыях. Меркавалася, што канчатковае рашэньне можа быць прынятае па выніках праведзенай праверкі мэдычных установаў Беларусі. У склад камісіі ўвайшлі не чыноўнікі, а спэцыялісты ў сфэры мэдыцыны. Кіравала групай ужо згаданая вышэй Ірына Абельская, у мінулым асабістая лекарка Аляксандра Лукашэнкі, а цяпер кіраўніца лечкамісіі. Журналісты выказвалі думку, што яна маці Мікалая Лукашэнкі. Адным зь першых такую вэрсію выказаў журналіст Павал Шарамет. Нядаўна «Кібэрпартызаны» пацьвердзілі гэтую інфармацыю.

Чарговы «стэндап» Лукашэнкі

Вынікі гэтай праверкі сталі прадметам нарады Лукашэнкі па сытуацыі ў сыстэме аховы здароўя, якая прайшла 23 траўня. Тады ён зрабіў чыноўнікам «разнос» за якасьць мэдыцыны ў рэгіёнах.

Адзін зь сяброў незалежнага прафсаюзу мэдыкаў Станіслаў Салавей, які жыве і працуе ва Ўкраіне, назваў гэтую нараду «чарговым стэндапам Лукашэнкі». «Вы можаце зьмяніць год выступу і назву міністэрства, якое трапіла пад разнос, і нічога прынцыпова ня зьменіцца», — кажа Салавей.

Свабода на працягу многіх гадоў агучвае праблемы ў сыстэме аховы здароўя і іх сапраўдныя прычыны. Паспрабуем разабрацца ў тым, што знаходзіцца не на паверхні, а адбываецца ўнутры самой сыстэмы аховы здароўя.

Паводле крыніц Свабоды, згаданая нарада з удзелам Лукашэнкі некалькі разоў пераносілася праз стан ягонага здароўя. Як сьцьвярджаюць суразмоўцы Свабоды, у пэўнай групы людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе, ёсьць дакладнае ўяўленьне пра крызіс у сыстэме аховы здароўя і разуменьне, якую сацыяльную незадаволенасьць ён можа выклікаць, а таксама жаданьне зьменаў.

Як падвысілі заробкі

У чэрвені 2022 году выйшла пастанова Міністэрства аховы здароўя, якой адмянілі надбаўкі мэдыкам за працу з хворымі на СOVID-19 «у сувязі са стабілізацыяй эпідэмічнага становішча» і ўвялі новыя надбаўкі. Паведамлялася, што надбаўка ў лекараў складзе 85% акладу, сярэдніх мэдработнікаў — 35%. Памер надбавак залежыць ад складанасьці і інтэнсіўнасьці працы мэдыкаў. Тады многія выказвалі сумневы, што заробкі рэальна падвысяцца. Амаль год мінуў ад тае пастановы. На ўмовах ананімнасьці мэдык аднаго зь менскіх шпіталяў расказаў, што заробкі павялічыліся прыблізна на 30–40%.

— Раней усе працавалі больш-менш на адну стаўку. Цяпер дактароў не хапае, таму працуюць на паўтары, амаль на дзьве стаўкі. Калі браць заробак сярэдняга доктара ў шпіталі, то ён вырас на 300–400 даляраў у эквіваленце. У мэдсёстраў менш павысіўся, бо ў іх былі ніжэйшыя заробкі, а падвышэньне заробку адбываецца ў працэнтах ад таго, што было.

Суразмоўца Свабоды тлумачыць, з чаго складаецца канчатковы заробак мэдыка.

— Ёсьць так званая «голая» стаўка. Яна невялікая. Потым ідуць надбаўкі. У кожнага доктара яны залежаць ад таго, дзе ён працуе, які ў яго стаж, катэгорыя. Калі ёсьць кандыдацкая ці доктарская, за гэта даплачваюць. Сярэдні доктар, які меў, напрыклад, 1800 рублёў, цяпер мае, працуючы столькі ж, 2500 рублёў. Мэдсястра мела 800 рублёў, стала атрымліваць 1100 ці 1200 рублёў. У рэаніматолягаў, напрыклад, падвышэньне адбылося прыблізна на 200%.

Паводле суразмоўца Свабоды, усё залежыць ад таго, дзе працуеш, якое аддзяленьне, якая мэдычная ўстанова.

— Стараліся надбаўкі рабіць у залежнасьці ад складанасьці і напружанасьці працы, каб ня ўсім аднолькава. Падвышэньне заробку адчуваецца, бо надбаўка ідзе і на падпрацоўку, калі бярэш яшчэ паўстаўкі ці болей. Атрымліваецца, што заахвочваюць працаваць больш: не на адну стаўку, а на 1,5, на 1,75. Раней нельга было браць больш чым 1,75 стаўкі, цяпер дазволілі да дзьвюх ставак браць. Чаму гэта добра? Бо працуем усё роўна столькі, колькі трэба, а цяпер хоць за гэта можна заплаціць больш.

Чаму хочуць рэфармаваць сыстэму аховы здароўя

Пра тое, што пэўныя людзі ва ўладзе ўсьведамляюць неабходнасьць рэформаў, Свабодзе на ўмовах ананімнасьці расказвае іншы мэдык, які валодае інфармацыяй пра тое, што цяпер абмяркоўвацца на ўзроўні прыняцьця рашэньняў. З будучымі зьменамі суразмоўца зьвязваў у тым ліку і вялікую праверку, якую праводзілі ў шэрагу мэдычных установаў Беларусі, пераважна ў рэгіёнах, але цяпер няясна, да чаго ўрэшце гэта прывядзе.

Некаторыя зьмены ў сыстэме ўжо робяцца, кажа суразмоўца. Напрыклад, мяняюць сыстэму перападрыхтоўкі, будуць больш жорстка да гэтага ставіцца.

— Таксама памянялі парадак здачы на катэгорыю, пацьвярджэньня катэгорыі. Ёсьць пастанова Міністэрства аховы здароўя, якой больш за год, што калі маеш другую ці першую катэгорыю, то іх трэба пацьвярджаць. Раней атрымаў катэгорыю — і колькі жывеш, столькі яна ў цябе можа быць. Хочаш — здавай на больш высокую, ня хочаш — працуй з гэтай катэгорыяй да самай пэнсіі. А цяпер трэба пацьвярджаць усе катэгорыі. На першую і другую трэба здаваць іспыты, а на найвышэйшую катэгорыю дастаткова толькі справаздачу напісаць, і калі яна будзе адпавядаць патрабаваньням, іспытаў здаваць ня трэба.

Абельская як новы міністар аховы здароўя?

Пытаемся ў суразмоўцы, які пажадаў захаваць ананімнасьць, ці ёсьць у яго адчуваньне, што рэфармаваньне будзе тычыцца і іншага стаўленьня да нібы «палітычных» лекараў. Ці перастануць звальняць або не працягваць кантрактаў зь «нядобранадзейнымі мэдыкамі»?

— Гэта вельмі залежыць ад кіраўніка самой установы аховы здароўя. Хтосьці сам рады ўсё гэта зрабіць, а нехта сваіх супрацоўнікаў будзе адстойваць да апошняга.

Ірына Абельская. Архіўнае фота
Ірына Абельская. Архіўнае фота

Паводле гэтага суразмоўцы, вядуцца размовы пра зьмену кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя. Адна зь верагодных кандыдатураў на пасаду міністра — Ірына Абельская, галоўная доктарка Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру (лечкамісіі), якая, уласна, і ўзначальвала згаданую вышэй праверку. Пра яе мэнэджарскія якасьці суразмоўца выказваецца хутчэй станоўча, разьдзяляючы іх і яе адносіны з кіраўніком Беларусі.

Кадравыя зьмены могуць адбыцца пасьля 1 студзеня 2024 году. Менавіта да гэтага тэрміну Аляксандар Лукашэнка даручыў «выправіць усе недахопы ў ахове здароўя». Таксама захаваецца і рабочая група, якая вывучала сытуацыю ў сыстэме аховы здароўя. Да канца году яна яшчэ раз правядзе маніторынг тых устаноў, якія былі ўзятыя на заметку, паведамляе Белта.

Але імаверныя зьмены ў кіраўніцтве Міністэрства аховы здароўя могуць і не адбыцца, адзначае суразмоўца:

— У цяперашніх абставінах можа застацца і той, хто ёсьць, а могуць зьмяніць, могуць вельмі радыкальна зьмяніць.

Пытаемся ў суразмоўцы, наколькі ў гэты працэс уцягнуты сам Лукашэнка. Якая яго пазыцыя?

— На гэтае пытаньне ня зможа адказаць нават ягонае найбліжэйшае атачэньне. Але ёсьць адчуваньне, што нешта робіцца, каб спыніць развал. Кажуць, што будуць радыкальныя зьмены, што будзе мяняцца сыстэма аплаты. Напрыклад, што дактарам будуць плаціць у адпаведнасьці зь лячэньнем хворых. Калі ёсьць добры і кепскі дактары, да аднаго хворыя ідуць, яму даводзіцца больш працаваць. А да другога ня хочуць ісьці, і ён менш працуе. Дык плянуецца, што яны ня будуць аднолькавы заробак атрымліваць: хто колькі напрацаваў, столькі і атрымаюць.

Крыніцы Свабоды выказваюць думку, што справа можа ісьці і пра будучы пераход да страхавой мэдыцыны. Якім чынам гэта будзе зроблена, наколькі будзе скарыстаны досьвед краінаў, у якіх дзейнічае страхавая мэдыцына, пакуль няясна. Але з пэўных сыгналаў зьверху ёсьць адчуваньне, што такая форма арганізацыі сыстэмы аховы здароўя насьпела.

Мэдыкі дзеляцца са Свабодай асьцярогамі: ці не запозна думаць пра зьмены, ці атрымаецца спыніць ад’езд, асабліва маладых дактароў, падвышэньнем заробку і абяцанымі рэформамі? А таксама ці сапраўды плянаваныя рэформы адбудуцца, а ня будуць перакрэсьленыя рашэньнем аднаго чалавека?

Доктар Салавей: Цяпер рэформы немагчымыя

Адзін з прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзу мэдыкаў «Панацэя» Станіслаў Салавей, які жыве і працуе ў Адэсе, лічыць, што цяпер рэформы ў Беларусі немагчымыя:

Станіслаў Салавей
Станіслаў Салавей

— Зараз немагчыма ані плянаваць, ані ажыцьцяўляць рэформы. І ўвесь «стэндап» 23 траўня быў толькі стандартнай папулісцкай мадэльлю «цар добры, баяры дрэнныя», каб знайсьці тых, каго зробяць ахвярным казлом. Можам успомніць усе разносы і «ператрахі»: ці зьмянілася нешта, акрамя прозьвішчаў міністраў? Я ня веру, што гэтае ўвогуле адбудзецца. Плянаваць яны могуць усе што заўгодна, але сёньня кіруюць сілавікі. Нават калі яны змогуць выгнаць сілавікоў са шпіталяў, абараніць лекараў, выпусьціць дактароў з турмаў — што, адразу ўсе вернуцца, а тыя, хто зараз плянуе пераяжджаць, застануцца?

Арышт Любецкага ці звальненьне Мартава — гэта ня мінус адзін доктар з сыстэмы, гэта мінус 100 або 1000 адразу. Бо ніхто не жадае быць на іх месцы. Аднаго пасадзілі, а сотні выехалі. Можна ўспомніць Маркелава, Пятроўскую і сотню-другую лекараў, якія звольніліся з РНПЦ у апошнія гады. Працягваецца тэрор, і лекараў, як і іншых, масава кідаюць за краты.

Рэформы насьпелі даўно, але сёньня нешта зрабіць з гэтай сыстэмай бяз шоку і ламаньня таго, што яшчэ крыху працуе, немагчыма.

У сёньняшніх рэаліях я ня бачу, як можна спыніць крах сыстэмы мэдычнай дапамогі. Лекары працягнуць эміграваць ці проста звальняцца, апаратура будзе выходзіць са строю, будуць перабоі ў пастаўках лекаў.

Што да падвышэньня заробку, памятайце пра інфляцыю. І калі колькасьць мэдыкаў зьмяншаецца, то астатнія будуць працаваць больш. Безумоўна, яны будуць атрымліваць больш грошай, і гэта яўна ня можна выдаваць за дасягненьне.

Я разумею, што Канстытуцыя пры Лукашэнку — гэта проста папера, але нават у ёй прапісана бясплатная мэдычная дапамога. Як яны змогуць прапісаць у законе страхавую мэдыцыну? Калі гэта будзе дзяржаўнае страхаваньне, то гэта будзе проста зьмена шыльды, і ня больш.

Пытаньні Міністэрству аховы здароўя

Свабода зьвярнулася ў Міністэрства аховы здароўя праз электронную пошту з наступнымі пытаньнямі:

  • Якія рэформы плянуюцца ў сыстэме аховы здароўя дзеля таго, каб спыніць ад’езд дактароў і нястачу кваліфікаваных кадраў (не хапае 4904 лекараў-спэцыялістаў, 4060 мэдсёстраў)?
  • Ці плянуецца ў Беларусі пераход на страхавую мэдыцыну? Калі так, то калі і досьвед якіх краінаў будзе выкарыстоўвацца?
  • Чым тлумачыцца наяўнасьць у шпіталях пасадаў намесьнікаў дырэктара па кадрах, якія займаюць прадстаўнікі сілавых структураў? Ці гэта часовая зьява?

Адказу пакуль не атрымалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG