«Тына Тэрнэр, „Каралева рок-н-ролу“, мірна памерла сёньня ва ўзросьце 83 гадоў пасьля працяглай хваробы ў сваім доме ў Куснахце непадалёк ад Цюрыху, Швайцарыя», — паведамляе SkyNews са спасылкай на прэс-сакратара сьпявачкі.
Тына Тэрнэр — амэрыканская і швайцарская сьпявачка, аўтарка песень, уладальніца васьмі прэмій «Грэмі», узнагароды MTV Video Music Awards, дзьвюх American Music Awards і іншых шматлікіх прызоў.
Тына Тэрнэр нарадзілася ў ЗША ў 1939 годзе. Яе імя пры нараджэньні — Ганна Мэй Булак. Сцэнічны посьпех прыйшоў да яе ў пачатку 1960-х, калі яна стала папулярнай выканаўцай рытм-энд-блюзу.
За свой артыстызм, тэмпэрамэнт і сцэнічную экспрэсіўнасьць мела неафіцыйны тытул «Каралевы рок-н-ролу». Тэрнэр была адной з самых папулярных спявачак 1960-х-1980-х гадоў. Часопіс «Rolling Stone» назваў яе адной з найвялікшых сьпявачак сучаснасьці.
Таксама Тына Тэрнэр вядомая акторка і танцорка. У 1986 годзе на галівудскай Алеі славы зьявілася прысьвечаная ёй зорка.