Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Або мы прыбіраем іх увогуле, або мы іх падтрымліваем». Што адбываецца зь «беларускімі» школамі на Падляшшы


Заняткі беларускай мовай у школе № 4 у Беластоку. Архіўнае фота
Заняткі беларускай мовай у школе № 4 у Беластоку. Архіўнае фота

Беларус расказаў, што адбываецца зь «беларускімі» школамі на Падляшшы.

У Польшчы запусьцілі пэтыцыю за захаваньне беларускай мовы ў падляскіх школах, дзе яе працягваюць вывучаць. Мы паглядзелі, чаму беларускую мову перастаюць вучыць там, дзе жыве шмат этнічных беларусаў, і якія праблемы паўстаюць, каб яе захаваць.

Свабода пагаварыла зь беларусам Зьмітром Косьціным, які ўжо 15 гадоў жыве ў Польшчы. Гэта журналіст, актывіст і бацька дзяцей, якія вучаць беларускую мову ў Польшчы.

Больш за 20 установаў навучаюць беларускай мове

Чыста беларускіх школаў, дзе ўсе прадметы вывучалі б на беларускай мове, на Падляшшы цяпер няма. Яны зьявіліся пасьля Другой усясьветнай вайны ў мястэчках непадалёк Беластоку: у Гайнаўцы і Бельску Падляскім, а таксама ў вёсках.

«Ня раз старэйшыя людзі ўспаміналі, што польскую мову пачыналі вучыць толькі з другой клясы. У 1970-я гады беларускія школы пачалі паступова палянізаваць. Беларуская мова засталася толькі дадатковым прадметам», — тлумачыць Зьміцер Косьцін.

Зьміцер Косьцін
Зьміцер Косьцін

Цяпер у Беластоку і ваколіцах захавалася каля 20 пачатковых і сярэдніх школаў, дзе вывучаюць два прадметы па-беларуску: «Беларускую мову і літаратуру» і «Гісторыю нацыянальнай меншасьці і рэгіёну». Акрамя ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску Падляскім, гэта школа № 4 у Беластоку, пяць пачатковых школаў у Гайнаўцы, школа ў Бельску Падляскім, таксама ў некалькіх вёсках. Беларускую мову можна выбраць як прадмет, а можна не выбіраць. Да прыкладу, падобная сытуацыя з прадметам «Рэлігія», якую таксама вывучаюць у школах добраахвотна.

Да таго ж беларуская мова зьявілася ў некаторых дзіцячых садках на Падляшшы 25 гадоў таму па ініцыятыве бацькоў. У «беларускіх» групах выхаваньне ідзе па-польску і па-беларуску.

«Чаму дзеці, якія вучацца ў той самай клясе, ня могуць далучыцца да заняткаў беларускай мовы?»

Права вучыць беларускую мову ў Польшчы маюць толькі дзеці, у якіх хаця б адзін з бацькоў мае польскае грамадзянства. Найчасьцей гэта этнічныя беларусы, якія спрадвеку жылі на Падляшшы, або дзеці беларусаў, якія даўно пераехалі жыць у Польшчу. Большасьць беларускіх дзяцей, якія прыехалі ў Польшчу падчас апошняй хвалі эміграцыі, ня маюць права вучыць беларускую мову.

«Права на навучаньне мове нацыянальнай меншасьці вынікае з заканадаўства пра нацыянальныя меншасьці і адукацыйнага заканадаўства і Канстытуцыі, дзе грамадзянам Польшчы забясьпечваюць права на падтрыманьне іхняй нацыянальнай тоеснасьці», — тлумачыць Косьцін.

Усе школы знаходзяцца на балянсе органаў мясцовага самакіраваньня. Яны атрымліваюць адтуль фінансаваньне. Даплаты школе на вучняў, якія вывучаюць мову меншасьці, на 20-100% большыя, чым для іншых школьнікаў, кажа Зьміцер. Міністэрства адукацыі сочыць, каб грошы пайшлі менавіта на дзяцей польскіх грамадзянаў, як гэта прадугледжвае заканадаўства.

Летнік вучняў-беларусаў са школы № 4 у Беластоку
Летнік вучняў-беларусаў са школы № 4 у Беластоку

Раней дзецям беларусаў-эмігрантаў дазвалялі далучацца да заняткаў беларускай мовы. Але некалькі гадоў таму Мінадукацыі выявіла, што ў адным з украінскіх ліцэяў у Польшчы 90% вучняў ня маюць польскага грамадзянства. Тады правялі маштабныя праверкі ўсіх школаў, дзе вывучаюць мовы меншасьцяў, і зрабілі больш пільны кантроль.

«Мы пытаемся ўжо ня першы год, чаму дзеці, якія вучацца ў той самай клясе, ня могуць далучыцца да заняткаў беларускай мовай. Яны прыводзяць заканадаўства пра асьвету, што для грамадзянаў іншых краінаў такія заняткі магчымыя, калі іх арганізуе дыпляматычнае прадстаўніцтва гэтай краіны або няўрадавая арганізацыя», — кажа Зьміцер.

У агульнаадукацыйнай польскай школе ня можа быць асобных моўных заняткаў для грамадзянаў Самалі ці Віетнама. Беларусы тут трапілі «ў адзін кошык» з усімі неграмадзянамі Польшчы, падсумоўвае Зьміцер.

«Больш нідзе беларуская мова не патрэбная»

Колькасьць дзяцей, якія цяпер вучаць беларускую мову на Падляшшы, — 2,5-3 тысячы чалавек. Ахвотных паступова становіцца ўсё менш, зазначае Зьміцер. Былі гады, калі ў «беларускія» школы не набіралі клясаў беларускай мовы.

«Гэта натуральны працэс кожнай меншасьці, якую не падтрымлівае дзяржава. Людзі не атрымліваюць карысьці з гэтага», — разважае аб прычынах беларус.

Вучыцца па-беларуску ў польскім унівэрсытэце немагчыма, акрамя непапулярнага кірунку беларусістыкі. У Беластоку гэты факультэт скасавалі за незапатрабаванасьць. Для параўнаньня, яшчэ ў пачатку 1990-х шэраг вучэльняў у Беларусі прымалі выпускнікоў беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску Падляскім без іспытаў на розныя кірункі.

Адукацыйныя выданьні для вучняў, якія вывучаюць беларускую мову ў польскіх школах
Адукацыйныя выданьні для вучняў, якія вывучаюць беларускую мову ў польскіх школах

Беларуская мова ў яе дыялектнай і літаратурнай форме на Падляшшы застаецца мовай камунікацыі сярод этнічных беларусаў, але пераважна старэйшага пакаленьня. Людзі ў вёсках карыстаюцца мясцовай гаворкай. У некаторых органах самакіраваньня мусяць умець камунікаваць па-беларуску. Некалькі друкаваных выданьняў і інтэрнэт-рэсурсаў на Падляшшы выходзяць цалкам або маюць асобныя публікацыі па-беларуску.

«Больш нідзе беларуская мова не патрэбная», — падсумоўвае суразмоўца.

Ён думае, што калі б не было абавязковага іспыту зь беларускай мовы, то, магчыма, больш дзяцей выбіралі б яе для вывучэньня. У пэўны час беларускую мову выкарыстоўвалі, каб трапіць у добрую школу. Раней, калі вучань выбіраў вучыць беларускую мову, то мусіў вучыць яе цягам некалькіх гадоў і здаць іспыт. У 2017 годзе ўлады дазволілі выпісвацца з курсу мовы нацыянальнай меншасьці пасярод навучаньня.

«У Беластоку школа № 4 зь беларускай мовай навучаньня лічылася добрай школай, дзе працавала шмат клясных настаўнікаў. Многія хацелі туды трапіць. Аднак не маглі, бо не адносіліся да яе тэрытарыяльна. Пасьля таго, як пару этнічных беларусаў ня трапілі ў школу, улады гораду зрабілі так, што максымальную колькасьць балаў пры паступленьні набіралі вучні, якія хацелі вывучаць беларускую мову», — успамінае Зьміцер.

У адзін год набралі ажно дзьве клясы беларускай мовы. А ў верасьні цэлая кляса выпісалася з гэтага прадмету. У выніку дзеці ня мусілі вучыць беларускую мову, але засталіся ў прэстыжнай школе.

«Яны хочуць зьнішчыць навучаньне рукамі настаўнікаў»

Навошта ствараць пэтыцыю для абароны беларускай мовы, калі вучні на Падляшшы ня надта хочуць вучыць яе?

«Калі запытаць вучняў, ці яны хочуць вучыць матэматыку і здаваць зь яе іспыт, яны таксама скажуць, што ня хочуць. Беларускую мову ў гэтых двух ліцэях можна параўнаць са спартовай, музычнай ці двумоўнай польска-ангельскай школай, дзе дзеці маюць дадатковыя заняткі: сальфэджыё, плаваньне, ангельская мова. Калі хтосьці ня хоча вучыць беларускую мову, то можна выбраць іншую школу», — разважае Зьміцер.

У статуце ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску Падляскім запісана, што кожны вучань мае абавязак вучыць беларускую мову і здаваць іспыт зь беларускай мовы.

«Кураторыюм (абласны орган кіраваньня. — РС) прымушае ліцэй выкінуць запіс пра навучаньне беларускай мовы. Яны гэта робяць, каб зьнішчыць навучаньне рукамі настаўнікаў. Калі б гэты допіс зьнішчыў куратар, то справа магла б дайсьці да суду, і там яны, хутчэй за ўсё б, прайгралі. Яны ня хочуць суду», — тлумачыць Зьміцер.

Ён падкрэсьлівае, што гэтыя ўстановы ўзьніклі як беларускія, але ўвесь час страчвалі беларускасьць. Косьцін лічыць гэта мэтанакіраваным зьнішчэньнем беларускасьці на Падляшшы.

«Беларуская мова ў гэтых ліцэях засталася апошнім бастыёнам беларускай мовы ў школах. Тут мы або прыбіраем шыльды, закрываем беларускія школы ўвогуле і адкрыта прызнаём, што мы іх зьліквідавалі, або мы іх падтрымліваем. Цэлыя пакаленьні, якія скончылі бельскі ліцэй, гайнаўскі ліцэй, думаю, не хацелі б, каб людзі дзеля лёгкага жыцьця адмовіліся ад беларускай мовы», — мяркуе Косьцін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG