Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вуліцы мікрараёна ў Горадні вырашылі назваць у гонар гарадоў-пабрацімаў, большасьць зь іх — расейскія


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Вуліца ў цэнтры Горадні
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Вуліца ў цэнтры Горадні

Вынікі грамадзкага абмеркаваньня па пытаньні названьня новых гарадзкіх вуліц падвялі ў Горадзенскім гарвыканкаме, паведамляе тэлеканал «Гродно Плюс».

У мікрараёне Баранавічы-11 імёны атрымалі 7 вуліц і тры завулкі. Як і плянавалі раней, вуліцы назавуць у гонар гарадоў-пабрацімаў Горадні, большасьць зь іх — расейскія.

Цэнтральная з вуліц мікрараёну атрымае назву Пабрацімская, ад яе будуць адыходзіць усе астатнія: вуліца Валагодзкая, завулак Валагодзкі, вуліца Калінінградзкая, вуліца Ухцінская, завулак Ухцінскі, вуліца Хімкінская (у гонар расейскіх гарадоў-пабрацімаў Горадні: Волагды, Калінінграда, Ухты і Хімкаў), вуліца Ашкелонская (у гонар ізраільскага горада-пабраціма Ашкелон), вуліца Габалінская, завулак Габалінскі (у гонар горада Габала ў Азэрбайджане).

Таксама, паводле агучаных вынікаў грамадзкага абмеркаваньня, «амаль 63% аддалі свой голас за тое, каб адна з вуліц была названая ў гонар Сяргея Прытыцкага, і толькі 37% спадабаўся варыянт «вуліца Ўсходняя Кальцавая», таму рашэньнем тапанімічнай камісіі ўчастак дарогі ад вуліцы Карскага да мікрараёна Забалаць будзе насіць назву Прытыцкага.

Першапачаткова, на этапе абмеркаваньня, у гонар расейскіх гарадоў пабрацімаў прапаноўвалі назваць 8 вуліц і завулкаў у мікрараёне Баранавічы-11: вуліца Валагодзкая, завулак Валагодзкі, вуліцы Калінінградзкая, Тамбоўская, Туапсінская, Ухцінская, завулак Ухцінскі, вуліца Хімкінская. Па выніках абмеркаваньня, замест Тамбоўскай і Туапсінскай вуліцы ў Горадні зьявяцца Пабрацімская і Ашкелонская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG