Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я сваю справу зрабіў». Публікуем невядомыя фрагмэнты турэмных лістоў Вітольда Ашурка


Вітольд Ашурак, архіўнае фота
Вітольд Ашурак, архіўнае фота

Публікуем фрагмэнты турэмных лістоў Вітольда Ашурка, нават не адасланых, у другую гадавіну ягонай сьмерці

21 траўня – два гады з дня сьмерці Вітольда Ашурка. Мы публікуем раней не вядомыя фрагмэнты ягоных лістоў з турмы.

«Жыць з выпрастанай сьпінай цяжка»

«Суб’ектыўна чалавек у няволі павінен адчуваць роспач ад суцэльнага абмежаваньня. І ў першую чаргу гэта абмежаваньне сувязі са зьнешнім сьветам. Нават інфармацыйная блякада. Ёсьць толькі ты, і недзе там па-за сьценамі турмы тэарэтычна павінны знаходзіцца сьвет, насельнікі якога жывуць па нейкіх сваіх правілах. Імаверна, у гэтым і палягае канцэпцыя турмы: самотны чалавек марнее і становіцца крохкім.

Але, надзіва, я не адчуваю адзіноты. Мае ворагі паклапаціліся замкнуць у краты маё фізычнае цела. Але як накінуць кайданы на мае думкі? Яны ня могуць пераканаць мяне, што сусьвет па-за межамі турэмных муроў не існуе. І ваш ліст, пані, яскрава сьведчыць пра тое, што я не адзін, што грамадзтва, адкуль я выйшаў, існуе.

Я не самотны, саслабелы вязень. Я здаровы, натхнёны ідэямі чалавек, і часовая няволя не перашкода для мяне. [...]

Вітольд Ашурак
Вітольд Ашурак

Шчыра кажучы, я больш непакоюся пра вас. Я сваю справу зрабіў і, знаходзячыся ў палоне, мала чым магу дапамагчы сумленным людзям, якія знаходзяцца пад пагрозай рэпрэсіяў. Вам нялёгка, я ведаю гэта. Жыць з выпрастанай сьпінай цяжка. А выпрастацца пасьля столькіх гадоў прыгнёту яшчэ цяжэй! Але гэта трэба рабіць.

Адзінае, што я магу дапамагчы вам і ўсім добрым людзям не здавацца. На гэта вы можаце цьвёрда разьлічваць. Бо сапраўды, наша возьме.

З павагай да вас – Вітольд. 07.01.2021

Жыве Беларусь!».

(Фрагмэнт неадасланага ліста, які знайшлі ў рэчах Вітольда.)

«Ворагі ўвесь час імкнуцца разьяднаць нас»

«Шчыры дзякуй за ліст падтрымкі. Мне вельмі прыемна чытаць лісты з усіх куткоў Беларусі і з-за межаў нашай Айчыны! Гэта натхняе мяне жыць і верыць, што мы здольныя браць на сябе адказнасьць за будучыню Беларусі!

Нашы ворагі ўвесь час імкнуцца разьяднаць нас і нацкаваць адзін на аднога.

Вітольд Ашурак, 2020 год
Вітольд Ашурак, 2020 год

Але, нягледзячы на тое, што мы маем розную адукацыю, розны сацыяльны статус, належым да розных рэлігійных канфэсій і маем рознае этнічнае паходжаньне, мы ўсе разам зьяўляемся беларускай палітычнай нацыяй і маем свой агульным дом – Беларусь!».

(Фрагмэнт другога неадасланага незакончанага ліста, які знайшлі ў рэчах Вітольда.)

«Гарантыяй майго хуткага вызваленьня можа быць толькі беларускі народ»

«Цікава было пачуць ад Вас навіну пра ірляндзкага дэпутата, які ўзяў палітычнае шэфства над маёй асобай! )) Безумоўна, дзякуй яму на добрым слове! Але гарантыяй майго хуткага вызваленьня можа быць толькі беларускі народ! Рэальнай гарантыяй. Тым ня менш я ўдзячны палітыку з Ірляндыі за палітычную падтрымку!

Летам-восеньню 2020-га мы ўсе разам зьдзейсьнілі сапраўдны подзьвіг – мы паўсталі супраць дыктатуры без выкарыстаньня гвалтоўных мэтадаў. Ніколі такога ў найноўшай гісторыі Сьвету не было! Гэта падзея плянэтарнага маштабу!

Вітольд Ашурак
Вітольд Ашурак

Дыктатура разгубілася, але выстаяла. Ёй нават здаецца, што прыйшоў час рэваншу. Але гэта ня так! Пасадзіўшы тысячы людзей за краты, рэжым толькі трошкі адцягнуў час падзеньня, але ніякім чынам не ўмацаваў свае пазыцыі.

Вязьні сталі знакамітымі нават за межамі Беларусі! Хто б ведаў Вітольда ў той Ірляндыі, каб Лідзкі суд не «запакаваў» мяне на 5 год?! Бадай што ніхто! А я ж нічога не зрабіў для такой папулярнасьці!!! Я такі самы Вітольд Ашурак, які выйшаў з мэгафонам 09.08.2020 да Лідзкага райвыканкаму! Я ня стаў лепшым! Міжнародную вядомасьць мне здабылі пракурор і суд Лідзкага раёна!

Згодзен, што яны ставілі за мэту ізаляваць мяне. Добра. Гэта я магу зразумець! Ці ёсьць эфэктыўнасьць у маёй ізаляцыі? На маё месца прыйшлі цудоўныя лідзкія людзі, якія справяцца лепей за мяне!!! Дык што гэта за эфэктыўнасьць?)))

Калі скончыцца доўгая суворая зіма і пачнецца вясна, мы з Вамі будзем бачыць, а дакладней назіраць, другую частку гэтай п’есы. Упэўнены, што яна скончыцца на мажорнай ноце! Буду вельмі рады сустрэцца з Вамі і пачаставаць Вас кавай!)))».

(Ліст да жыхаркі Ліды ад 14 лютага 2021 г.)

«Выконваць нескладаны рэжым мне ня цяжка»

Пр-р-рывітанне, Волечка!

Пішу табе 27.11.2020. Сёньня роўна месяц, як мяне прывезьлі зь Ліды ў Горадню. Юбілей так сабе, але, як кажуць у Кіеве, «шо маемо, то маемо».)))

Учора вечарам атрымаў твой ліст за 21.11.2020. Дзякуй, Волечка за клопат!

Памятаю, што твой Дзень Народзін супадае з Каталіцкімі Калядамі і, па маіх разьліках, я пасьпею яшчэ своечасова павіншаваць. Так што не хвалюйся, Волечка, я моцна трымаю гэтае пытаньне на кантролі.

Адразу адкажу на твае пытаньні наконт быту турмы. Ён даволі нескладаны і нецікавы адначасова. Так што ня будзем спыняцца на гэтых неістотных дробязях.

З настольнымі гульнямі недахопу няма. Шахматы, шашкі, нарды. Я больш увагі надаю шахматам. Але вось маладыя хлопцы ахвотна гуляюць у шашкі і нарды!

Вітольд Ашурак
Вітольд Ашурак

Дарэчы, Волечка, ты прасіла не саромецца і гаварыць аб праблемах. Дык вось, прашу цябе дапамагчы мне з акулярамі. Турма высьветліла маю праблему са зрокам. Андрэй перадаў мне акуляры, але там зламалася дужка і выпадае лінза. Я так-сяк замацоўваю ўсё гэта кавалачкамі скотчу, але гэта ўсё дзейнічае часова. Прашу цябе (калі гэта магчыма, зразумела!) прыслаць мне акуляры. Андрэй ведае, якія. Здаецца, я закранаў гэтую тэму ў папярэднім лісьце, які ты на гэты момант яшчэ не атрымала.

Яшчэ, Волечка, ты пыталася, як перавесьці мне трохі грошай. Я высьветліў гэта – звычайны грашовы перавод на маё імя і на гэты адрас. Заўважу, што тут маецца турэмная крама.

Са зборам подпісаў пад зваротам, каб узяць мяне на парукі, я адразу паставіўся скептычна. Зразумела, што мяне ні ў якім разе не выпусьцяць. Але як інфармацыйная кампанія ціску на ўлады, то гэта мае сэнс.

Гэта добра, што ты плянуеш бліжэйшым часам наведаць Ліду! Гэты горад займае асаблівае месца ў маім жыцьці. Вельмі шмат людзей ты ўжо ведаеш. Спадзяюся, што з многімі патрыётамі яшчэ і пазнаёмісься!

Яшчэ раз перачытаў твой ліст. Ты пытаесься, ці мяняюцца камэры. Дык вось, адказваю – месяц я ўжо жыву ў адной камэры. Калегі па камэры ставяцца да мяне нармальна. Чалавек я неканфліктны і выконваць нескладаны рэжым мне ня цяжка, таму праблем з адміністрацыяй таксама няма.

Вітольд Ашурак
Вітольд Ашурак

Кнігі. Здаецца, абмежаваньняў няма. Памятаю, ты нешта казала пра «Гары Потэра» у тваім асабістым перакладзе.))) Ці гэта не паўнавартасная кніга, а толькі рукапіс.

З музыкай сапраўды кепска. Таму, калі будзеш мець магчымасьць, Волечка, то перадай які-небудзь танны радыёпрыёмнік.

Маляваць у гэтых умовах ня бачу сэнсу. Дзякуй за прапанову, але абмяжуюся дзёньнікам.

Ты ведаеш, я пачаў вывучаць турэцкую мову. І гэта ня жарт!))

Ну што, Волечка, будзем жагнацца!

Пішы, калі ласка! Да сустрэчы!

Жыве Беларусь!

27.11.2020. Вітольд».

(Ліст да сяброўкі Вольгі Быкоўскай ад 27 лістапада 2020.)

«Ты, мама, і не ўяўляеш, якім я сябе адчуваю шчасьлівым»

«Прывітаньне, мама!

Пішу табе, каб ты не хвалявалася – у мяне ўсё добра. Умовы ўтрыманьня прымальныя. Нядаўна мяне перавялі ў адрамантаваную камэру. Чысты і сьветлы пакойчык. Мне цёпла – працуюць батарэі. Кожны дзень водзяць на прагулку на сьвежае паветра. Ежы таксама хапае, так што клапаціцца ня варта.

Вітольд Ашурак з маці Аленай Міронаўнай і малодшым братам Андрэем, 1 верасьня 1985 год3
Вітольд Ашурак з маці Аленай Міронаўнай і малодшым братам Андрэем, 1 верасьня 1985 год3

Сумую толькі па ўсіх вас! Учора атрымаў ліст ад нашай суседкі [...]. Піша, што вы рэгулярна стэлефаноўваецеся. Паведамляе, што ты, мама, трымаесься малайцом. Дай ёй Бог здароўя за тое, што не забываецца пра цябе!

Вельмі непакоюся, калі чую, што там, у вас на волі, вельмі небясьпечная абстаноўка з «карона-вірусам». Беражы сябе, мама! Я ведаю, як ты любіш пахадзіць па Бярозаўцы! Але, прашу цябе, сьцеражыся! Хоць маску насі. Упэўнены, што ты так і зробіш.

Як там Андрэй з Томай? Спадзяюся, што яны жывыя-здаровыя. Зразумела, што мне цікава, як жывуць [...]. Часьцяком прыгадваю іх вясельле! Якія мы тады былі шчасьлівыя і вясёлыя!

Я ўпэўнены, што мы яшчэ зьбяромся ўсе разам! І Андрэйка будзе з намі абавязкова! Ён сьніцца мне. Ты, мама, і не ўяўляеш, якім я сябе адчуваю шчасьлівым ад таго, што вы ёсьць у мяне!

Прашу цябе не забывацца і пра жоначку маю Вольгу! Звані ёй час ад часу! Перадавай прывітаньне ўсім, хто памятае і пытаецца пра мяне.

Люблю цябе, мама! Не сумуй, калі ласка!

04.11.2020. Твой сын Вітольд».

(Ліст да маці ад 4 лістапада 2020 году. Рэдакцыя Свабоды атрымала гэты ліст у 2021 годзе.)

Вітольд Ашурак каля мэмарыялу паўстанцам 1863-1864 гадоў
Вітольд Ашурак каля мэмарыялу паўстанцам 1863-1864 гадоў

Хто такі Вітольд Ашурак

  • Вітольд Ашурак — палітычны і грамадзкі актывіст. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Жыў і працаваў у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году. Памёр 21 траўня 2021-га ў папраўчай калёніі № 17.
  • Прыйшоў у палітыку пасьля Плошчы-2010 і арышту пасьля яе. Тады ж перайшоў на беларускую мову. Неаднойчы балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Ні разу туды ня трапіў.
  • Падымаў экалягічныя пытаньні, у тым ліку пра забруджваньне паветра шклозаводам «Нёман» у Бярозаўцы, забруджваньне рэк Дзітва і Нёман, якое выклікала паморак рыбы. Выходзіў на акцыі і адзіночныя пікеты. Яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі.
  • Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, ставіў каліноўцам помнікі і крыжы. Удзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе.
  • Ашурак стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы чалавек, незадаволеныя агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
  • Актывіста затрымалі ўвечары 9 жніўня і асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», 5 дадалі за «непавагу да суду», бо Вітольд ня ўстаў, калі ўвайшоў судзьдзя. Яго выпусьцілі празь 5 дзён, калі сталі выпускаць усіх «палітычных». На плошчу ў Лідзе яго прывёз на сваёй машыне сам начальнік Лідзкага РАУС.
  • Паўторна Ашурка затрымалі 19 верасьня 2020 году. Ён мусіў адбыць прыпынены арышт (15 дзён), яшчэ 15 сутак далі за тыя акцыі, на якія ён хадзіў у жніўні і верасьні.
  • Празь месяц яго ня выпусьцілі з ізалятара. На Вітольда завялі дзьве крымінальныя справы за падзеі 9 жніўня: за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за тое, што нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (артыкул 364 КК Беларусі).
  • Суд праходзіў у Лідзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Максім Філатаў 18 студзеня 2021 году асудзіў Ашурка на 5 гадоў калёніі. Таксама актывіст мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Кацілу.
  • Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязьнем.
  • 21 красавіка Ашурка перавялі з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію. Цягам месяца ад яго амаль не было лістоў, хаця перад гэтым лісты сябрам і сваякам ад яго прыходзілі часта. У адным з апошніх ягоных лістоў упершыню не было фразы «Жыве Беларусь!», якой ён завяршаў кожны ліст.
  • 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спыненьня сэрца».
  • Цела аддалі сваякам празь 5 дзён. Галава «ад макаўкі да носу» была забінтаваная. У магілёўскім моргу патлумачылі гэта тым, што цела нібыта ўдарылі галавой, калі вымалі зь лядоўні. У дакумэнтах прычына сьмерці Ашурка не названая.
  • У той жа вечар зьявілася змантаванае зь некалькіх кавалкаў відэа Сьледчага камітэту, на якім нібыта апошнія моманты жыцьця Ашурка. Відаць чалавека ў пустой камэры ў робе з надпісам «ШИЗО». Ён стаіць, хістаючыся, а потым двойчы падае, б’ецца галавой. Супрацоўнік турмы перабінтоўвае яму галаву пасьля першага падзеньня і зноў пакідае аднаго ў камэры. Са словаў Сьледчага камітэту, Ашурак адмовіўся ад шпіталізацыі.
  • Сваякі думаюць, што Вітольда забілі ў калёніі.
  • Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам «Магутны Божа». Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурка не завялі.

__________________________________________________________

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG