Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO ўпершыню з часоў халоднай вайны ўхваліць пляны рэагаваньня на магчымую агрэсію Расеі


Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг

На саміце NATO ў Вільні ў ліпені гэтага года лідэры краін Паўночнаатлянтычнага альянсу, як чакаецца, ухваляць сакрэтныя ваенныя пляны рэагаваньня на гіпатэтычны расейскі напад на краіны NATO. Гэта адбудзецца ўпершыню з часоў халоднай вайны.

Агенцтва Reuters, якое паведаміла аб гэтых плянах, называе будучае рашэньне NATO «фундамэнтальным зрухам» у яго стратэгіі. Альянс, як сьцьвярджаецца, не распрацоўваў і не зацьвярджаў такіх буйнамаштабных плянаў на працягу трох дзесяцігодзьдзяў пасьля распаду Савецкага Саюзу, бо быў упэўнены, што постсавецкая Расея не зьяўляецца сур’ёзнай пагрозай.

Аднак ва ўмовах распачатай Расеяй шырокамаштабнай вайны ва Ўкраіне лідэры NATO, як гаворыцца ў паведамленьні Reuters, усьведамляюць неабходнасьць доўгатэрміновага плянаваньня на выпадак узброенага канфлікту з Расеяй.

Чакаецца, што на саміце будуць ухваленыя так званыя рэгіянальныя пляны, а таксама асобныя краіны-чальцы NATO атрымаюць рэкамэндацыі адносна мераў, якія ім неабходна будзе прыняць для ўмацаваньня іх узброеных сіл і лягістыкі. У выніку, паводле слоў генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга, «саюзьнікі будуць ведаць, колькі менавіта сілаў і сродкаў будзе неабходна, дзе, калі і як яны будуць разгорнутыя».

Як і ў часы халоднай вайны, створаць апэратыўныя пляны, у якіх будзе сказана, за абарону якіх менавіта рэгіёнаў будуць адказваць тыя ці іншыя падразьдзяленьні.

Агенцтва зазначае, што пляны будуць істотна адрозьнівацца ад тых, якія меліся ў часы халоднай вайны на выпадак канфлікту з СССР. З таго часу колькасьць краінаў NATO істотна павялічылася. Акрамя таго, у NATO ня лічаць, што магчымы будучы канфлікт будзе мець характар стратэгічнага ядзернага супрацьстаяньня. Гаворка ідзе хутчэй аб падрыхтоўцы да сэрыі рэгіянальных канфліктаў.

Пляны, якія плянуецца ўхваліць, таксама будуць адлюстроўваць ужо прынятыя краінамі альянсу меры. У прыватнасьці, пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну саюзьнікі па NATO дамовіліся, што ў стане падвышанай боегатоўнасьці будуць знаходзіцца 300 тысяч вайскоўцаў, а ня 40 тысяч, як раней.

У матэрыяле Reuters не гаворыцца, ці будуць улічвацца ўзброеныя сілы Ўкраіны ў абарончых плянах NATO.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG