Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 11 траўня: зноў затрымалі гомельскага актывіста Ільлю Міронава; адваката выключылі з калегіі пасьля арышту за лайк

абноўлена

Дзьмітры Сельвяструк
Дзьмітры Сельвяструк

Падобна, чуткі пра «зачыстку» тэлеграм-каналаў на спартовую тэматыку пачынаюць пацьвярджацца.

Затрымалі блогера

Увечары 10 траўня стала вядома пра затрыманьне Дзьмітрыя Сельвеструка, вядомага футбольнага блогера. Ён вядзе тэлеграм-канал «Серебряный век. Футбол Беларуси» — расейскамоўны праект, які мае амаль 2000 падпісчыкаў.

Блогера адправілі ў ІЧУ. Пра затрыманьне напісала «Трыбуна».

Сельвяструк публікаваў на канале «інсайды» зь беларускіх клюбаў, дзяліўся навінамі пра пераходы гульцоў, камэнтаваў навіны футболу і апісваў найважнейшыя моманты.

Звычайна на канале выходзіла некалькі допісаў штодня, нават у дні без футбольных матчаў. Аднак пасьля 5 траўня публікацыі раптоўна спыніліся. Магчыма, якраз у той дзень Дзьмітрыя затрымалі. Падрабязнасьці невядомыя.

Гомельскага актывіста Ільлю Міронава зноў затрымалі

Гомельскі актывіст Ільля Міронаў затрыманы, паведаміла ягоная маці ў Фэйсбуку.

11 траўня Міронаў пайшоў на «прафіляктычную гутарку» ў міліцыю і не вярнуўся. Суд над ім адбудзецца заўтра.

Ільля Міронаў раней напісаў тры скаргі ў Мінінфарм на абразы на яго адрас у прапагандысцкіх СМІ. Да гэтага ён падаў заяву ў Сьледчы камітэт на прапагандыста Азаронка. 14 красавіка Ільля Міронаў накіраваў заяву на аўтара «СБ. Беларусь сегодня» Андрэя Мукавозчыка. Пасьля напісаў яшчэ адну заяву на Азаронка — за паведамленьне, дзе той прызнаецца ў нянавісьці. А таксама падаў скаргу ў пракуратуру на супрацоўнікаў міліцыі за пагром у кватэры падчас ператрусу.

Затрымалі двух жыхароў Віцебску, якія 9 траўня спрабавалі сарваць дзяржаўны сьцяг

Двух віцяблян 38 і 35 гадоў затрымалі за зьдзек зь дзяржаўнага сьцяга ў цэнтры гораду. Паводле інфармацыі УУС Віцебскага аблвыканкаму, на вачах гараджан каля 10 гадзіны вечара 9 траўня яны спрабавалі сарваць дзяржаўны сьцяг, усталяваны на будынку гандлёвага цэнтру.

Сьцьвярджаецца, што яны «крычалі, спрабавалі сагнуць флягшток, а таксама танцавалі каля яго». На месца прыехала міліцыя, іх даставілі ў Чыгуначны РАУС Віцебску. Паводле УУС Віцебскага аблвыканкаму, абодва былі п’яныя.

На іх завялі крымінальную справу за зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў.

«Сродкі зьдзяйсьненьня злачынства» — штаны і майка. Мужчыну асудзілі па «народным» артыкуле

У судзе Партызанскага раёну Менску 6 красавіка асудзілі Віталя Ткачэнку паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу. Судзьдзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў Віталю 2 гады і 6 месяцаў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званай «хіміі»), паведамляе «Вясна».

Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе, а таксама ў выхадзе на праезную частку і блякаваньні руху грамадзкага транспарту. Ён цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў зьдзейсьненым. Ткачэнку апазналі па фатаздымках і відэазапісе, знойдзеных у інтэрнэце, а таксама па дадзеных тэлефонных злучэньняў, якія сілавікам даў мабільны апэратар мужчыны.

У затрыманага вынялі тэлефон, а таксама штаны і майку, у якіх ён хадзіў на пратэставыя акцыі.

Віталь Ткачэнка мае сярэднюю адукацыю і працуе сьлесарам.


Адваката выключылі з калегіі пасьля арышту за лайк у сацсетках

Адвакат з 12-гадовым стажам Ігар Сьцяпанаў, загадчык юрыдычнай кансультацыі Лёзьненскага раёну Віцебскай абласной калегіі адвакатаў, быў выключаны з калегіі за «зьдзяйсьненьне правіны, якая дыскрэдытуе званьне адваката», піша праект «Права на абарону».

Сьцяпанава затрымалі ў лютым 2023 году па артыкуле аб распаўсюджваньні «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Ён атрымаў 15 дзён адміністрацыйнага арышту за лайк на старонцы інтэрнэт-крамы, уключанай у пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

6 сакавіка Сьцяпанава выключылі з абласной калегіі адвакатаў паводле рашэньня яе рады.

Чатырох чалавек асудзілі на «хатнюю хімію» за ўдзел у маршы пратэсту ў Менску

Стала вядома, што 10 сакавіка 2023 году ў судзе Савецкага раёну Менску адразу чатырох людзей асудзілі на 2,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званай «хатняй хіміі») кожнага, паведамляе «Вясна».

Кацярыну Амбражэвіч, Максіма Гуйдо, Яўгена і Аляксандру Кражавых прызналі вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у адным з маршаў пратэсту ў 2020 годзе. Усе яны прызналі віну.

Прысуд агучыла судзьдзя Вольга Емяльянчанка.

Усіх, акрамя Аляксандры, да суду ўтрымлівалі пад вартай. Аляксандра знаходзілася на волі пад закладам у памеры 4800 рублёў. Пасьля агучваньня прысуду іх вызвалілі ў судовай залі.

Асноўным доказам па справе быў фатаздымак з маршу.

Ператрус і затрыманьне ў Вілейцы

Праваабаронцам стала вядома, што 10 траўня ў Вілейцы Менскай вобласьці было затрыманьне і ператрус па месцы жыхарства Сьцяпана Краўчонка. Падрабязнасьці высьвятляюцца.

У Гомлі супрацоўніка ААТ «8 сакавіка» затрымалі проста на працоўным месцы

Імя затрыманага — Сухаў Уладзіслаў. Дакладная прычына затрыманьня праваабаронцам пакуль не вядомая, піша @viasnaHomel.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG