Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы рэктар ЭГУ расказаў, як атрымаў прапанову яго ўзначаліць, і паабяцаў рэзка павялічыць колькасьць студэнтаў


Рэктар ЭГУ Кшыштаф Рыбіньскі
Рэктар ЭГУ Кшыштаф Рыбіньскі

Кшыштаф Рыбіньскі заступіў на працу тры тыдні таму, прапанову ўзначаліць ЭГУ ён атрымаў у LinkedIn. У размове са Свабодай новы рэктар расказаў пра дадатковыя месцы для беларускіх студэнтаў і рэформы, патрэбныя беларускай сыстэме адукацыі.

Каротка:

  • ЭГУ зьбіраецца павялічваць колькасьць месцаў для студэнтаў зь Беларусі ўдвая ці болей.
  • Галоўная місія ЭГУ — пабудова грамадзянскай супольнасьці.
  • У ЭГУ адкрыецца новая спэцыяльнасьць, зьвязаная з эканомікай і бізнэсам.
  • Больш за палову выпускнікоў ЭГУ працуюць у Беларусі, многія маюць свой бізнэс, а іх заробкі ўдвая большыя, чым у выпускнікоў беларускіх дзяржаўных ВНУ.
  • Найперш у адукацыі ў Беларусі трэба даць ВНУ аўтаномнасьць. Кожная ВНУ павінна мець сваю місію.

Кшыштаф Рыбіньскі ў мінулым — віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага банку Польшчы, а таксама рэктар ВНУ ў Польшчы і Казахстане. Ён узначальвае ЭГУ трэці тыдзень. Па словах новага кіраўніка, цяпер унівэрсытэт зьбіраецца павялічыць колькасьць месцаў для беларусаў. Пагаварылі з Рыбіньскім пра будучыню ЭГУ і беларускую сыстэму адукацыі.

— Вы яшчэ зусім нядоўга працуеце, але, можа, ужо ўбачылі нейкія праблемы, якія трэба вырашаць?

— Ёсьць шэраг праблем, якія існуюць у ВНУ. Адна з праблем, якая існуе ў ЭГУ і якая заўжды была, — гэта фінансавая самастойнасьць унівэрсытэту. У нас ёсьць фінансаваньне на будучыя 2–3 гады. Мы павінны працаваць над тым, каб нашыя старыя донары захаваліся, каб зьявіліся новыя донары, якія будуць падтрымліваць студэнтаў зь Беларусі. Даходы сем’яў у Беларусі невялікія, яны ня могуць цалкам аплачваць навучаньне. Мая асноўная праца — правесьці такія рэформы, каб яны былі прывабныя для будучых донараў і каб у нас было доўгатэрміновае фінансаваньне на гады наперад.

— У чым унікальнасьць ЭГУ, на ваш погляд?

— Гэта ўнікальны ўнівэрсытэт у тым, што ён у выгнаньні. Місія ВНУ — пабудова грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, дзе ЭГУ адсутнічае. Два разы я ўжо быў рэктарам, мне прапанавалі стаць рэктарам у Польшчы ў трэці раз, але я адмовіўся. Думаў, буду працаваць як навуковы супрацоўнік. Аднак калі да мяне зьвярнуліся празь LinkedIn, калі я даведаўся, які ўнікальны статус у ЭГУ, я падумаў, што гэта ўнікальная магчымасьць. Паўплываць на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе і ў Беларусі.

«Плянуем, каб студэнтаў было больш за 2000»

— У сувязі з палітычным крызісам і рэпрэсіямі ў Беларусі наплыў абітурыентаў у ЭГУ можа павялічыцца. Ці ня думалі пра павелічэньне колькасьці месцаў?

— Мы працуем над тым, каб студэнтаў у ЭГУ стала больш. Цяпер каля тысячы студэнтаў, мы плянуем павялічыць да 2000 і нават больш, спадзяёмся, што будзе больш студэнтаў зь Беларусі. Будзем працаваць і над тым, каб у нас зьявілася больш студэнтаў зь іншых краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і з Заходняй Эўропы па праграме Erasmus+, бо гэта будзе станоўча адбівацца на студэнтах зь Беларусі.

— Можа, ёсьць пляны адкрываць новыя спэцыяльнасьці?

— Такія пляны ёсьць. Гэтыя спэцыяльнасьці павінны супадаць зь місіяй унівэрсытэту і будуць прыцягваць студэнтаў. Пакуль мы глядзім на прапановы, яны ўжо ёсьць. Мы працуем таксама з цэнтрам Beroc, каб адкрыць спэцыяльнасьць, зьвязаную з эканомікай і бізнэсам. Эканоміка Беларусі ў будучыні будзе патрабаваць добрых спэцыялістаў, якія дапамогуць ёй аднаўляцца. Упэўнены, што нашы выпускнікі будуць актыўна працаваць над гэтым у Беларусі.

«Дыктатура фармуе чалавека, каб ён быў для яе карысны»

— У Беларусі ад рэпрэсій і прапаганды цярпіць, у тым ліку, сыстэма адукацыі. Як думаеце, адукацыя можа разьвівацца ва ўмовах аўтарытарызму?

— Лічу, што калі ёсьць дыктатура, ад школы да ўнівэрсытэту адукацыя ня можа працаваць правільна. Чалавек фармуецца ня толькі ў сям’і, але і праз адукацыю. Калі ў краіне дыктатура, то яна фармуе чалавека, каб ён у будучыні быў ёй карысны. ВНУ Беларусі працуюць ня так, як у дэмакратычных краінах. Там студэнты не ўплываюць на разьвіцьцё ВНУ, там фармуюць выпускнікоў, якія карысныя для дыктатуры, там няма свабоды слова. Многія студэнты абіраюць ЭГУ, каб не праходзіць праз такую сыстэму.

— У Беларусі існуе практыка абавязковага разьмеркаваньня выпускнікоў. Трэба адпрацаваць на дзяржаву 2 гады, калі чалавек вучыўся на бюджэце. Як думаеце, гэта карысна?

— Я памятаю падобную практыку з Польшчы 70-х — 80-х гадоў, і гэта жахліва. Дзяржава ня можа добра разумець, каго і куды накіроўваць. Гэта адсутнасьць свабоды выбару. Мы разумеем, што гэта такі сацыялізм, усе разумеюць, што гэта частка аўтарытарнай сыстэмы, а ня частка нейкага эфэктыўнага мэханізму. У такой сыстэме зусім не працуе рынак, але працуюць сувязі. Гэтая сыстэма не дапамагае людзям у пасьпяховым падарожжы па сваім жыцьці.

— Ці шмат студэнтаў ЭГУ пасьля выпуску зьвязваюць сваё жыцьцё зь Беларусьсю?

— Больш за палову нашых выпускнікоў вяртаюцца ў Беларусь. Мы рабілі дасьледаваньне наконт гэтага, адсочвалі іх шлях. У многіх зь іх ёсьць свой бізнэс, найчасьцей яны працуюць у прыватным сэктары, нашмат менш у дзяржаўным сэктары. У нашых выпускнікоў — і гэта вялікі сюрпрыз — удвая большы заробак, чым заробак выпускнікоў ВНУ, якія працуюць у Беларусі.

«Найперш трэба даць аўтаномію для ВНУ»

— Існавала думка да палітычнага крызісу, што ў Беларусі ВНУ выпускаюць якасных ІТ-спэцыялістаў. Можа, ЭГУ тут мог бы скласьці канкурэнцыю?

— Мы запусьцілі праграму ІТ, яна працуе адзін год. Там каля 70 студэнтаў на першым курсе. Яны працуюць па праграме з нашымі бізнэс-партнэрамі. Гэта школа лічбавых тэхналёгіяў. Мы гуманітарны ўнівэрсытэт, але запускаем і такія праграмы.

— Што б вы параілі беларускім абітурыентам, якія будуць паступаць у гэтым годзе?

— Хачу параць ім зрабіць правільны выбар. Калі ёсьць жаданьне паспытаць, як працуе дэмакратычная ВНУ, дзе студэнты заангажаваныя ў розныя праекты, дзе цікавыя лекцыі ад розных людзей, дзе студэнты рэальна ўплываюць на жыцьцё ВНУ, то ім варта паступаць у ЭГУ. Калі ёсьць жаданьне проста навучацца, у сыстэме, дзе гэтых каштоўнасьцяў няма, тады застаецца сыстэма вышэйшай адукацыі ў Беларусі, якая працуе па іншым прынцыпе.

— Калі ў Беларусі адбудуцца перамены, што трэба мяняць у сыстэме адукацыі?

— Найперш трэба зрабіць ВНУ аўтаномнымі. Кожная ВНУ павінна мець сваю місію. Яны могуць быць рознымі, гэтыя місіі. ВНУ павінна працаваць згодна з гэтай місіяй. Без аўтаномнасьці ВНУ няма як дамагчыся якаснай адукацыі. Нейкія вузкія спэцыяльнасьці могуць быць пасьпяховымі, але там тады няма іншых кампэтэнцый, зьвязаных з фармаваньнем чалавека. Аўтаномнасьць — гэта прыярытэт.

ЭГУ — міжнародны ўнівэрсытэт, які працуе за межамі Беларусі з 2004 году. Быў заснаваны ў Беларусі ў 1992 годзе. Удзельнічае ў Балёнскім працэсе, выпускнікі атрымліваюць эўрапейскі дыплём. Большасьць студэнтаў — беларусы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG