Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр архіяпіскап Горадзенскі Арцемі. У 2020-м ён публічна асудзіў гвалт сілавікоў і падтрымаў пратэстоўцаў

абноўлена

Архіяпіскап Горадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі, фота: «Хрысьціянская візія»
Архіяпіскап Горадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі, фота: «Хрысьціянская візія»

Архіяпіскап Горадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі, які ў 1996-2021 гадах узначальваў Горадзенскую эпархію, памёр уначы на 22 красавіка 2023 году.

Пра гэта паведамілі крыніцы Свабоды і пацьвердзіла «Хрысьціянская візія».

Архіяпіскапу Арцемію (Кішчанку) было 70 гадоў, 25 красавіка ён мусіў адсьвяткаваць дзень народзінаў. Тыдзень таму стала вядома, што ён цяжка хварэе, вернікі заклікалі маліцца за ягонае здароўе.

У жніўні 2020 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, архіяпіскап Арцемі быў адзіным зь беларускіх праваслаўных герархаў, хто публічна асудзіў гвалт сілавікоў і падтрымаў пратэстоўцаў.

У чэрвені 2021 году сынод Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату прыняў рашэньне пазбавіць архіяпіскапа Арцемія пасады. Пазьней Рашэньне Сыноду БПЦ зацьвердзіў кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл.

Пра архіяпіскапа Арцемія. Сьцісла

Нарадзіўся ў Менску. Тры курсы адвучыўся ў сельскагаспадарчым інстытуце, адслужыў два гады ў арміі ў Карэліі. Быў паслушнікам у Пскоўска-Пячорскай лаўры. Вучыўся ў Ленінградзкай духоўнай сэмінарыі. У 1982 годзе вярнуўся ў Беларусь. Сьвятаром стаў 39 гадоў таму. Мае вучоную ступень доктара тэалёгіі.

На пасаду япіскапа Горадзенскага і Ваўкавыскага яго выбралі амаль 26 гадоў таму, у канцы 1995 году. Пазьней ён вучыўся ў Варшаўскай тэалягічнай акадэміі, там жа абараніў магістарскую і доктарскую дысэртацыі, апошнюю — на тэму гісторыі праваслаўя ў горадзенскім рэгіёне ў міжваенны пэрыяд. У 2012 годзе атрымаў сан архіяпіскапа.

Асудзіў гвалт і фальсыфікацыі

Пасьля масавых жнівеньскіх пратэстаў 2020 году архіяпіскап Арцемі ня раз выказваўся ў падтрымку пратэстоўцаў, супраць гвалту і фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня. Ён адзіны зь беларускіх праваслаўных герархаў, хто публічна заняў такую пазыцыю.

Сталі вядомымі шэраг ягоных пропаведзяў, якія выкладалі ў сеціва.

14 жніўня 2020 году архіяпіскап Арцемі асудзіў гвалт супраць мірных дэманстрантаў і падтрымаў жанчын, якія выйшлі на пратэст з кветкамі. Сказаў, што верыць у здольнасьць любові і міру «вярнуць праўду ў нашы душы». «Кроў ахвяраў і цяжкія пакуты людзей у гэтыя дні — на сумленьні тых, хто сьвядома сам забіваў альбо прымушаў іншых забіваць праўду», — казаў праваслаўны герарх.

«Царква не павінна быць абыякавай... Маўчаньнем прадаецца Бог», — адзначыў ён.

Праз тыдзень пасьля выбараў ён на сьвяточнай пропаведзі ў саборы зноў асудзіў гвалт.

«Мы кажам, што чыніцца беззаконьне! Нашы людзі зьвярэюць! І драпежаць сваіх жа братоў! Да нас, сьвятароў, прыходзяць і апавядаюць са сьлязьмі на вачах: „Што з маёй дачкой робяць?!“ Да нас прыходзяць і расказваюць пажылыя людзі: „На лавачцы сядзелі, а іх пабілі, зьняважылі“», — казаў архіяпіскап Арцемі.

Таксама ён зьвярнуўся да настаўнікаў і заклікаў іх пакаяцца ў фальсыфікацыях.

«Той, хто старэйшае пакаленьне, якое бурчыць, настаўнікі: „Мы там палітыку ўбачылі“ — вам на каленях трэба стаяць, за ўсе фальсыфікацыі, за тую хлусьню, якую вы пхалі нашым дзецям! За гэты БРСМ, за камсамол, за ўсё тое, што было... атэістычнае. Вось вынік вашага выхаваньня! Цяпер вашы выхаванцы з ланцуга сарваліся! Яны прагнуць крыві. Яны шалёныя», — казаў архіяпіскап Арцемі ў Горадзенскім саборы 16 жніўня 2020 году.

Арцемія хацелі зьняць яшчэ ў верасьні 2020-га, а Царкве вынесьлі папярэджаньне

БПЦ адмежавалася ад заяваў Арцемія і назвала іх выказваньнем асабістай грамадзянскай пазыцыі. Пасьля гэтага пачалі зьбіраць подпісы за адкліканьне Арцемія зь япіскапскай катэдры. Спачатку меркавалі, што ініцыятаркай збору стала ігуменьня жаночага манастыра ў Горадні Гаўрыіла Глухава, аднак пазьней адказнасьць за збор подпісаў узяла на сябе Натальля Яцэвіч.

Кіраўнік БПЦ мітрапаліт Веньямін, аднак, заклікаў спыніць збор подпісаў. «Ніякіх подпісаў не зьбіраць ні ў які бок! (...) Ніякіх подпісаў, ніякіх проціпастаўленьняў! Толькі разам — у міры», — сказаў кіраўнік БПЦ па-беларуску падчас размовы ў Горадні.

У студзені 2021 году ўпаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў вынес БПЦ папярэджаньне. У ім гаварылася, што царква абавязаная прытрымлівацца Канстытуцыі і закону «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях», і калі парушэньне паўторыцца цягам году, суд можа пазбавіць БПЦ юрыдычнага статусу і забараніць яе дзейнасьць у Беларусі. За што менавіта вынесьлі папярэджаньне, невядома.

У артыкуле 16 Канстытуцыі забараняецца дзейнасьць рэлігійных арганізацый, скіраваная супраць сувэрэнітэту Беларусі і канстытуцыйнага ладу. А ў артыкуле 8 закону «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» гаворыцца, што царква ня ўдзельнічае ў дзейнасьці палітычных партыяў, а ў месцах набажэнстваў не дапускаюцца мітынгі і агітацыя.

У чэрвені 2021 году архіяпіскапа Арцемія пазбавілі пасады. Ён сам казаў, што гэта зьвязана зь ягонай пазыцыяй. Паводле Статуту РПЦ, беларускія архіярэі падаюць на імя патрыярха Маскоўскага і Ўсяе Русі прашэньне аб адстаўцы ў 75 гадоў.

Герарх і раней выказваўся супраць прыстасавальніцтва і ладзіў малітву на ўгодкі абвяшчэньня БНР

У 2019 годзе з дабраслаўленьня архіяпіскапа Арцемія ў Калоскай царкве ўрачыста маліліся за Беларусь і беларускі народ у #БНР-101.

У 2012 годзе ў інтэрвію архіяпіскап успомніў, што ў савецкі час вернікі займаліся прыстасавальніцтвам, але пакутніцтва не прымае кампрамісаў і саступак. «Толькі суцэльная аддача сябе Праўдзе Божай. Толькі так можна застацца хрысьціянінам, калі ты не мімікруеш пад пераменлівую каньюнктуру... На крыві пакутнікаў стаіць Царква, а не на прыстасавальніцтве», — казаў ён.

У 2014 годзе ў інтэрвію ён казаў, што таго, хто жыве па-хрысьціянску, будуць перасьледаваць. «Калі чалавек жыве па-хрысьціянску, хай не хвалюецца, перасьлед яго не пакіне», — казаў уладыка.

  • Разьвітаньне з архіяпіскапам пройдзе з 13:00 23 красавіка па 12:00 24 красавіка ў Сьвята-Пакроўскім катэдральным саборы Горадні.
  • Паводле інфармацыі парталу Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы, апоўдні 24 красавіка цела памерлага перавязуць на Чыжоўскія могілкі ў Менску. У 15:00 пройдзе памінальная літыя, пасьля якой архіепіскапа, паводле яго тастаманту, пахаваюць побач з магіламі родных.
  • Роўна год таму, 22 красавіка 2022 году, памёр архіяпіскап Пінскі Стэфан, які стаў адзіным герархам РПЦ у Беларусі, хто ўзьняў голас на абарону архіяпіскапа Арцемія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG