Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік Сяргей Календа: «Я бачу свайго сына грамадзянінам сьвету. Зь Беларусі»


Сяргей Календа
Сяргей Календа

Чаму многія ўцекачы зь Беларусі гавораць на мове чужой краіны? Да якой літаратуры належаць расейскамоўныя творы беларускіх пісьменьнікаў-эмігрантаў? Кім будуць іхныя дзеці, якіх бацькі вывезьлі з радзімы ў несьвядомым узросьце?

На гэтыя ды іншыя пытаньні мы папрасілі адказаць беларускага празаіка, стваральніка незалежнага літаратурнага альманаху «Мінкульт» Сяргея Календу.

— Давайце пагаворым з вамі пра мову, дакладней, мовы цяперашніх беларускіх эмігрантаў. Вось вы ўжо год як пераехалі зь сям’ёй у Вільню. Ці вучыце літоўскую мову? Ці мо ўжо вывучылі?

— Ну, наконт літоўскай мовы, то цяпер я вучу словы, пашыраю слоўнікавы запас свой. Пакуль не пачаў сыстэмна вучыць, бо не хапае матывацыі, дапамагае веданьне ангельскай мовы. Тут увогуле, паводле маіх назіраньняў, літоўцы да сарака гадоў лёгка камунікуюць па-ангельску, старэйшыя літоўцы ўзгадваюць расейскую, паволі падбіраючы словы.

Што тычыцца дзяцей, то мой старэйшы вучыць літоўскую ў школе, і першыя паўгода было яму складаней, чым цяпер, але шмат залежала ад розных настаўніц, адна зь якіх не матывавала дзяцей, але пужала. Цяпер абставіны зьмяніліся.

Малодшы ходзіць у зьмешаны садок, дзе ёсьць групы польскія і расейска-беларуска-ўкраінскія... У садочку дзіцё адразу запамінае літоўскую мову, расейскую і польскую. І на дадатак сябра ў сына — чорны хлопчык з Этыёпіі, які камунікуе збольшага па-ангельску і часам адказвае на этыёпскай. Таму бывае, што Томас дома можа і «мацька-бацька» казаць (гэта яго варыянт вымаўленьня «Маткі Боскай»), а бывае, і на ангельскай шмат размаўляе. А быў вечар, калі ён размаўляў цалкам для мяне незразумелай мовай. Можа, сваю прыдумаў. Адметна, што Томас абраў для сябе ў жыцьці размаўляць на сумесі расейскіх і беларускіх словаў, з абаротамі кшталту: я паеўшы, паехаўшы, быўшы, хадзіўшы, спаўшы, гуляўшы — гэта тут распаўсюджаная форма сярод літоўцаў (думаю, нават хутчэй сярод літоўцаў зь беларускімі каранямі).

«Нас аб’ядноўвае беларуская мова»

— Нядаўна вы анансавалі выданьне сваёй новай дзіцячай кнігі «Хлопчык Томчык». Назва на магчымым тытуле напісаная на трох мовах: беларускай, расейскай, ангельскай. Чаму вы вырашылі, што менавіта такі трылінгвізм актуальны цяпер для дзяцей эмігрантаў? І чаму ў ім няма, скажам, літоўскай, у асяродзьдзі якой цяпер гадуюцца вашы сыны, і напэўна, ім, як і тысячам іншых беларускіх дзяцей, давядзецца яшчэ ў ім жыць і вучыцца?

— На дадзены момант прынятае канчатковае рашэньне — дзьве мовы: беларуская і ангельская. Плянаваў кнігу два гады таму, думаў, будзе альбо польская, альбо літоўская, а мяне пераканалі на расейскую, але вайна ўсё расставіла на свае месцы. Каб не вагацца наконт трэцяй мовы, я вырашыў пакінуць кнігу дзьвюхмоўнай.

Насамрэч, калі ўдасца знайсьці літоўскага выдаўца, то зьявіцца і літоўская, а пакуль кніга створаная для беларусаў за мяжой, якім у любым выпадку трэба вучыць ангельскую мову.

— Увогуле, мова вымушаных уцекачоў зь Беларусі пасьля падзеяў 2020 году, як на нашу думку, выглядае вельмі няпростай тэмай. Як думаеце, чаму многія беларусы за мяжой працягваюць размаўляць на мове ўсходняга суседа нават пасьля таго, як яна стала маркерам краіны-агрэсара?

— Думаю, таму, што большасьць тых, хто зьехаў, не ўспрымаюць расейскую мову той расейскай, якая цяпер стала мовай агрэсара. Некаторыя займаюць пазыцыю, што гэта і іх мова таксама, а ня толькі Пуціна. Гэта трэба ўлічваць.

Мне лёгка паразумецца ў Літве з украінцамі на ўкраінскай, а вось зь літоўцамі калі не па-ангельску, то па-расейску даводзіцца гутарыць. Што ж тычыцца камунікацыі сярод беларусаў, то ўжо адзінкі гутараць адно з адным на расейскай. Нас аб’ядноўвае беларуская, альбо проста лупім трасянкай. На трасянцы ўвогуле мне падабаецца жартаваць, падколваць людзей, гэта заўжды сьмешна гучыць.

— Пытаньне пра мову зносінаў і творчасьці беларусаў за мяжою ўзьнікае і па прачытаньні апошняга, шостага выпуску вашага альманаху «Мінкульт». Палова, калі ня болей, тэкстаў у ім па-расейску. Да якой літаратуры іх аўтары цяпер, па-вашаму, належаць?

— Я думаю, што яны належаць да беларускай літаратуры. Ёсьць вялікае пытаньне мовы, калі пачалася вайна, але я падтрымліваю выказваньне Сашы Філіпенкі, што трэба забраць расейскую мову ад расейцаў, зьняць зь яе гэты статус.

«Пасьля 2020 году не магу нічога прагназаваць»

— «Падарожжа і эміграцыя» — так вы акрэсьлілі тэму новага выпуску «Мінкульту». І так падабраўся склад ягоных аўтараў. Амаль усе яны цяпер альбо падарожнікі па сьвеце, альбо перасяленцы. Такім чынам вы ўскосна ўмацавалі пашыранае цяпер у асяродках беларускіх творцаў і інтэлектуалаў меркаваньне пра падзел беларускай культуры на дзьве часткі: тую, што робіцца ў Беларусі, і тую, якая пачала рабіцца за мяжой. Ці так гэта?

— Так атрымалася паводле тэмы нумара, і не інакш. І ёсьць у нумары пісьменьнікі, якія жывуць у Беларусі па гэты час, але схаваліся пад псэўданімам.

— А як надоўга, па-вашаму, беларуская літаратура застанецца дваістай, а мо і траістай па мове і геаграфічных пунктах стварэньня?

— Я пасьля 2020 году не магу нічога прагназаваць. Раней у мяне была глеба пад нагамі, і я шмат на што глядзеў праз свой асабісты жыцьцёвы вопыт і гістарычную лёгіку. Але цяпер, калі я начытаўся і наслухаўся процьмы экспэртаў, якія нагаварылі дзясяткі ці нават сотні гадзінаў пра будучыню, якая зусім па-іншаму зьдзяйсьняецца, я магу толькі меркаваць, што ніколі беларуская літаратура ня будзе цэльнай, як і ніводная ў сьвеце.

Так, мова — гэта маркер нацыянальнасьці, але, напрыклад, у Літве шмат маладых пісьменьнікаў пішуць па-ангельску і прадаюць свае кнігі праз Амазон... Ёсьць пра што задумацца.

«Будзе грамадзянінам сьвету зь Беларусі»

— Кім вы бачыце ў будучыні свайго малодшага сына? Беларусам па месцы нараджэньня і спадчыннасьці? Літоўцам па месцы сталеньня і ўсьведамленьня? Грамадзянінам сьвету па месцы (ці месцах) жыцьця і творчасьці?

— Томасу хутка будзе чатыры гады, і вось што ён думае наконт свайго паходжаньня:

  • У нас ёсьць дом у іншай краіне, дзе жыве кепскі дырэктар (так ён кажа «дыктатар»).
  • Цяпер мы жывем у старым доміку, дзе паўсюль вісяць літоўскія сьцягі (ён іх любіць знаходзіць і адразу зьвяртае ўвагу, украінскі сьцяг і беларускі ён ня так распазнае).

Я бачу свайго сына грамадзянінам Эўропы ў першую чаргу, бо ён так лёгка ўжо жанглюе словамі з розных моваў. Яго лепшыя дзіцячыя і юнацкія гады пройдуць у Літве, і для мяне зразумела, што гэта моцна паўплывае на яго сталеньне.

Няхай будзе грамадзянінам сьвету. Зь Беларусі. У любым выпадку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG