Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы заявілі, што Лукашэнку прапаноўвалі спыніць рэпрэсіі ў абмен на пашырэньне супрацоўніцтва, але ў Менску адмовілі


Зьбігнеў Раў. Архіўнае фота
Зьбігнеў Раў. Архіўнае фота

Кіраўнік МЗС Зьбігнеў Раў чарговы раз выказаў падтрымку беларускай дэмакратычнай супольнасьці.

Падчас выступу ў польскім Сэйме міністар замежных спраў Збігнеў Раў зазначыў, што Польшча хоча бачыць Беларусь незалежнай і дэмакратычнай, бо толькі такі сусед можа быць гарантам бясьпекі ў тым ліку і самой Польшчы.

Раў падкрэсьліў, што месца беларусаў — у «агульным эўрапейскім доме», і Польшча будзе дапамагаць палітычным уцекачам, студэнтам і ўсім, хто адчувае сябе ў Беларусі ў небясьпецы, так доўга, як будзе патрэбна, піша «Белсат».

Міністар таксама дадаў, што польская дзяржава накіроўвала уладам Беларусі прапанову спыніць рэпрэсіі ў абмен на пашырэньне палітычнага ды эканамічнага супрацоўніцтва, але гэтая прапанова не знайшла водгуку, які б задаволіў польскі бок.

Раў мяркуе, што вяртаньне Беларусі ў эўрапейскую арбіту магчымае толькі пасьля таго, як у краіне адбудуцца дэмакратычныя зьмены.

«Таму Польшча падтрымлівае і будзе падтрымліваць беларускае незалежнае асяродзьдзе, у тым ліку СМІ, уцекачоў, студэнтаў і прадпрымальнікаў. Мы будзем дамагацца вызваленьня палітычных вязьняў, у тым ліку дзеячаў польскіх арганізацый на чале з Анджэем Пачобутам», — заявіў Збігнеў Раў з трыбуны Сэйму.

Асноўнай тэмай выступу Раў у польскім Сэйме стала вызначэньне задач польскай дыпляматыі на бягучы год, паведамляе «Polskie Radio».

Адной з галоўных мэт названа стварэньне кааліцыі супраць агрэсарам і гатоўнасьць да ўзаемнай абароны эўрапейскага рэгіёну. Зьбігнеў Раў падкрэсьліў, што ў цяперашні час «адбываецца пераломны момант у гісторыі Эўропы і будучае аблічча міжнароднай палітыкі будзе залежыць ад вынікаў вайны паміж Расеяй і Ўкраінай».

Урад у Варшаве хацеў бы, каб па завяршэньні вайны зьявілася кааліцыя краін свабоднага сьвету.

«Мы імкнёмся да рэалізацыі гэтай мэты, дзеля чаго супрацоўнічаем з усімі нашымі хаўрусьнікамі з Трансатлянтычнага абшару, а таксама шматлікімі хаўрусьнікамі з па-за Эўропы, сярод якіх найважнейшую ролю адыгрываюць Японія, Паўднёвая Карэя ды Аўстралія. Вось сапраўдная кааліцыя свабоднага сьвету».

Пры гэтым польскім міністар зазначыў, што сёньня Ўкраіна і Эўропа плацяць жудасную цану за тое, што Захад не прыслухаўся да папярэджаньняў з Варшавы адносна агрэсіўнай палітыкі Расеі. Крыніцай гэтых папярэджаньняў стаў сярэднеэўрапейскі досьвед барацьбы з імпэрыялізмам. Расея сталася найбольшай пагрозай для Эўропы, падсумаваў польскае стаўленьне міністар Зббігнеў Раў.

Польская дыпляматыя прапануе выйсьці з дэклярацыі Расея — NATO 1996 году ды падтрымліваць палітыку «адчыненых дзьвярэй» у NATO.

Міністар заявіў, што Польшча мае антыімпэрскую традыцыю і ў адпаведнасьці зь ёй імкнецца да дэмакратызацыі міжнароднай палітыкі, заявіў польскі міністар замежных спраў. Гэтыя традыцыі аб’ядноўваюць народы Цэнтральнай Эўропы.

«Таму мы лічым сябе эпіцэнтрам важных сучасных каштоўнасьцяў, якія абараняюць Эўропу ад гегеманісцкіх тэндэнцый», — сказаў міністар.

Ён дадаў, што Польшча не пагодзіцца з падзелам дзяржаў на тыя, якія маюць права поўнага і свабоднага вырашэньня сваёй будучыні, і тыя, якія яго пазбаўлены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG