Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельніку выбарчай кампаніі 2020 году Цапкалу завочна прысудзілі 17 гадоў калёніі


Валер Цапкала з жонкай Веранікай. Архіўнае фота
Валер Цапкала з жонкай Веранікай. Архіўнае фота

Апазыцыйнага палітыка Валера Цапкалу, які зь ліпеня 2020 году жыве за мяжой, абвінавацілі паводле 12 крымінальных артыкулаў.

Працэс над удзельнікам прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2020 году Валерам Цапкалай праходзіў з 1 сакавіка у Менскім гарадзкі судзе завочна, бо падсудны знаходзіцца за межамі Беларусі.

Валер Цапкала ў ноч з 23 на 24 ліпеня 2020 году разам зь дзецьмі пакінуў Беларусь.

Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Епіхаў.

29 сакавіка пракурор запрасіў Цапкалу 19 гадоў зьняволеньня. 7 красавіка палітыку прысудзілі 17 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Хто такі Валер Цапкала

Валер Цапкала — былы дыплямат, амбасадар Беларусі ў ЗША і першы намесьнік міністра замежных спраў, ініцыятар і першы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій.

Валер Цапкала вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі ў 2020 годзе, аднак, як і некаторыя іншыя прэтэндэнты, ня быў зарэгістраваны ЦВК. Падставай для адмовы ў рэгістрацыі стала нібыта недастатковая колькасьць сапраўдных подпісаў — менш за 100 тысяч. Ён перадаў у ЦВК амаль 160 тысяч подпісаў, аднак тэрытарыяльныя камісіі іх масава анулявалі. У выніку яму залічылі крыху больш за 78 тысяч подпісаў.

Цапкала выехаў зь Беларусі пасьля таго, як праваахоўныя органы пачалі супраць яго праверкі, а 6 сьнежня 2022 году ў дачыненьні да палітыка Галоўным ўпраўленьнем расьсьледаваньня злачынстваў у сфэры арганізаванай злачыннасьці і карупцыі Сьледчага камітэту было пачатае спэцыяльнае вядзеньне. Сьледзтва ў справе завяршылася 28 сьнежня, матэрыялы перадалі ў суд.

У кастрычніку 2022 году МУС прызнаў Валера Цапкалу «экстрэмісцкім фармаваньнем» на падставе таго, што «група грамадзян, аб’яднаных пад агульным кіраўніцтвам Цапкалы, у тым ліку праз шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць».

Таксама «экстрэмісцкім» прызналі лягатып у выглядзе «фатаграфічнай выявы Цапкалы В.».

У чым вінавацяць Цапкалу

Валера Цапкалу абвінавачваюць паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 2 арт. 424 Крымінальнага кодэксу (Злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі);
  • ч. 3 арт. 430 (Атрыманьне хабару паўторна, у асабліва буйным памеры);
  • ч. 1 арт. 400 (Загадзя лжывы данос аб учыненьні злачынства);
  • ч. 1 арт. 3611 (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтва такім фармаваньнем);
  • ч. 2 арт. 3612 (Збор грашовых сродкаў і іншай маёмасьці любым спосабам для забесьпячэньня экстрэмісцкай дзейнасьці, учынены групай асобаў па папярэдняй змове);
  • ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
  • арт. 188 (Распаўсюд зьвестак (паклёп), якія ганьбяць іншую асобу, у інфармацыі, якая зьмяшчае абвінавачаньне ва ўчыненьні асабліва цяжкага злачынства);
  • арт. 3691 (Распаўсюджваньне загадзя лжывых зьвестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, накіраванае на ўчыненьне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам);
  • ч. 1 арт. 130 (Наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне сацыяльнай варожасьці па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасьці);
  • ч. 2 арт. 368 (Публічная абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 3 арт. 361 (Публічныя заклікі да ўчыненьня акту тэрарызму);
  • ч. 1 арт. 123 (Распаўсюджваньне ў любой форме поглядаў, ідэй і заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць іншай).

Як паведамляе БелТА, у матэрыялах справы ёсьць інфармацыя аб атрыманьні Цапкалам хабару ў 151 715 эўра за выбар пэўнага генпадрадчыка і заключэньне дамовы аб будаўніцтве аб’екта Парку высокіх тэхналёгіяў, які ён узначальваў. Пры гэтым за арганізацыю аплаты выкананых будаўнічых работ Цапкала нібыта «набыў выгады маёмаснага характару коштам звыш 25 тысяч беларускіх рублёў» — паводле абвінавачваньня, гаворка аб праектна-пошукавых работах пры будаўніцтве жылога дома Цапкалы, а таксама аплату адпачынку для яго, ягонай сям’і і блізкіх сваякоў на тэрыторыі Крыму.

Да Цапкалы «ў інтарэсах ПВТ» заяўлены пазоў аб пакрыцьці маёмаснай шкоды на суму больш за 6 тысяч рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG